Дата публікацыі

Палітычныя тэхналогіі ў «гібрыдных войнах»

У апошняе дзесяцігоддзе паняцці “гібрыднай вайны” і “гібрыднай агрэсіі” атрымалі ў палітычным дыскурсе своеасаблівую папулярнасць, аднак адзіных падыходаў да іх трактоўкі пакуль не выпрацавана.

У некаторых падыходах у паняцці “гібрыднай вайны”, разам з прапагандай, спалучаюцца такія радыкальныя метады, як тэрарыстычныя акты і лакальнае прымяненне ваеннай сілы. З актыўным развіццём сродкаў масавай камунікацыі (Інтэрнэт, месенджары, Telegram-каналы, відэахостынгі і інш.) “гібрыдныя войны” ўсё часцей аналізуюцца праз прызму войн інфармацыйных.

У гэтай сувязі варта адзначыць тэндэнцыю атаясамлівання паняццяў “гібрыднай вайны” і палітычных тэхналогій, якія ў самым агульным выглядзе вызначаюцца як сукупнасць шматлікіх інструментаў і метадаў уздзеяння на грамадства. Галоўнай мэтай гэтых інструментаў, як правіла, з’яўляецца фарміраванне матывацыі чалавека: патрэб, норм, каштоўнасцей, стэрэатыпаў, якія вызначаюць у выніку яго паводзіны. Ва ўмовах так званых “гібрыдных войн” часцей за іншыя прымяняюцца мабілізацыйныя тэхналогіі. Механізм іх дзеяння ў большасці выпадкаў грунтуецца на супрацьпастаўленні “свой–чужы”, “сябар–вораг”. Кансалідацыя грамадства “за” або “супраць” каго- ці чаго-небудзь абвастрае пачуццё агульнасці як асновы любога віду калектыўнай ідэнтычнасці (грамадзянскай, рэлігійнай, нацыянальнай).

“Укіды”, мемы, fake news апелююць да эмацыйнага ўспрымання з’яў і падзей, якія пабуджаюць да імгненнага дзеяння. Гэта набліжае падобныя інструменты да такіх паводзінскіх канцэпцый, як біхевіярызм і эталогія, сутнасць якіх складаецца ў звароце да прыродных інстынктаў чалавека, выбудоўванні простага ланцужку “стымул–рэакцыя”, “пабуджэнне–дзеянне”. У большасці выпадкаў яны арыентаваны на маніпуляцыю, г.зн. схаванае кіраванне грамадскай свядомасцю.

Супрацьдзеянне падобным маніпуляцыям непасрэдна ў інфармацыйным полі малаэфектыўна, да таго ж патрабуе пастаяннага задзейнічання значных як матэрыяльных, так і інтэлектуальных рэсурсаў. Найбольш эфектыўнай мерай у гэтай сувязі з’яўляецца выпрацоўка ўласнага “інфармацыйнага імунітэту” – неўспрымальнасці да знешніх негатыўных уздзеянняў.

З часам такі імунітэт у любым выпадку будзе набыты грамадствам эвалюцыйным шляхам. Напрыклад, тэлерэклама або “чорны” PR ужо даўно не аказвае на спажыўца інфармацыі такога відавочнага матывавальнага ўздзеяння, як дваццаць ці трыццаць гадоў таму. Аднак паскарэнню працэсу будзе спрыяць фарміраванне інфармацыйнай пісьменнасці аўдыторыі, здольнасцей аналізу і ацэнкі прапанаванага кантэнту. Разуменне грамадствам сутнасці камунікацыйных працэсаў і прыроды дзеяння дэструктыўных механізмаў істотна зніжае рызыкі, звязаныя з развіццём інфармацыйнай сферы.

Сталай і бясспрэчнай нормай школьнай праграмы з’яўляецца прывіццё вучню навыкаў аналізу, разбору і інтэрпрэтацыі літаратурнага твора. Дадатковая опцыя па навучанні розным відам і формам інфармацыі дапаможа павысіць як устойлівасць грамадства да рознага кшталту “ўкідаў”, так і якасць сваёй абвесткі ў інфармацыйным полі.

Малюнак
Политические технологии