Дата публикации

БІСД на хвалі глабальных трэндаў: Беларусь & Iндыя

Працягваючы ў рамках “экспертнай дыпламатыі“ серыю ўжо традыцыйных сустрэч з кіраўнікамі дыпламатычных місій, акрэдытаваных у Менску, дырэктар Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў Алег Макараў правёў рабочую сустрэчу з Надзвычайным і Паўнамоцным Амбасадарам Рэспублікі Індыя ў Рэспубліцы Беларусь, спадарыняй Сангітай Бахадур.

Дырэктар БІСД праінфармаваў суразмоўніцу пра асноўную місію, мэты, задачы і функцыі БІСД. Ключавая ўвага была нададзеная працы, якая праводзіцца па выбудоўванні платформы для ўзаемадзеяння з вядучымі індыйскімі “фабрыкамі думкі“ у мэтах якаснага інфармацыйна-аналітычнага суправаджэння міждзяржаўнага супрацоўніцтва ў ключавых сферах.

Спадарыня Бахадур выказала гатоўнасць садзейнічаць па лініі амбасады ў наладжванні такога ўзаемадзеяння на аснове канкрэтных пытанняў, якія цікавяць БІСД.

Па выніках сустрэчы была дасягнутая дамоўленасць пра працяг працоўных кантактаў паміж БІСД і Амбасадай Індыі, у тым ліку, у фармаце розных круглых сталоў, канферэнцый, семінараў па актуальных пытаннях двухбаковага парадку.

Наступным крокам на шляху да пашырэння гарызонтаў партнёрства і супрацоўніцтва ў Паўднёвай Азіі стане візіт дэлегацыі БІСД у Нью-Дэлі ў сакавіку г.г. для ўдзелу ў штогадовай Азіяцкай канферэнцыі па бяспецы (Asia Security Conference) па запрашэнні кіраўніцтва аднаго з вядучых “мазгавых цэнтраў“ Індыі - Institute for Defense Studies and Analyses.