Дата публікацыі

Унутраная і знешняя палітыка Казахстана: адкрыццё дзвярэй для пашырэння з Рэспублікай Беларусь

У гэтым годзе свет перажыў мноства іспытаў. Канфлікт на Украіне, у прыватнасці, паўплываў на ўсю планету, у тым ліку ўскосна праз эканамічную дэпрэсію і трывожную геапалітычную напружанасць. Казахстан не пазбег гэтага, паколькі наступствы вайны адлюстраваліся на нашай эканоміцы, а рызыкі глабальнай рэцэсіі і інфляцыя, якая расце, падрываюць давер бізнеса ва ўсім рэгіёне, уключаючы Цэнтральную Азію.

На гэтым складаным фоне Казахстан мог бы звярнуць свой позірк унутр, асабліва ў сувязі з трагічнымі падзеямі, якія адбыліся ў нашай краіне ў студзені, калі мы сутыкнуліся са спробай дзяржаўнага перавароту з прымяненнем узброенага гвалту. Нягледзячы на нашы запэўніванні і цвёрдыя абавязкі па правядзенні рэформ, дэмакратызацыі і далейшай ахове правоў чалавека, некаторыя сумняваліся, што гэта будзе дасягнута. Па меры набліжэння да завяршэння гэтага года мы можам з упэўненасцю сказаць, што Казахстан стрымаў свае абяцанні. Акрамя дэманстрацыі ўстойлівасці і стабільнасці, мы пераўтварылі нашу краіну пасродкам значных палітычных і сацыяльна-эканамічных ініцыятыў.

Пасля агульнанацыянальнага рэферэндума ў чэрвені гэтага года ў Казахстане праведзены канстытуцыйныя рэформы, якія прыўнеслі новыя дэмкратычныя каштоўнасці ў наша кіраванне, уключаючы абмежаваныя паўнамоцтвы прэзідэнта, больш уплывовы парламент, незалежны Канстытуцыйны суд, стварэнне новых палітычных партый, прамыя выбары акімаў і іншыя важныя меры.

У лістападзе ў нашай краіне адбыліся прэзідэнцкія выбары па новай Канстытуцыі, што азначае, што ўсе наступныя кіраўнікі нашай дзяржавы, уключаючы цяперашняга Прэзідэнта Касым-Жомарта Такаева, будуць працаваць адзін сямігадовы тэрмін без права перавыбрання. Выбары, якія адбыліся чэсна і празрыста, сталі важнай вяхой у дэмакратычным развіцці нашай краіны. У выбарах удзельнічалі шэць кандыдатаў з рознымі палітычнымі поглядамі, у тым ліку прадстаўнікі апазіцыі, што дало выбаршчыкам шырокі выбар. Акрамя таго, упершыню ў нашай гісторыі на пост прэзідэнта прэтэндавалі дзве жанчыны. Гэта яшчэ адзін важны крок у дэмакратычным развіцці Казахстана. Агульная колькасць тых, хто прагаласаваў, склала 69,44% ад агульнай колькасці выбаршчыкаў. За Касым-Жомарта Такаева прагаласавалі 81,31%.

У гэты вельмi важны перыяд для краіны казахстанцы прагаласавалі і зрабілі свой выбар на карысць стратэгічных ініцыятыў і рэформ. Усе нашы намаганні за апошнія дванаццаць месяцаў садзейнічалі будаўніцтву Справядлівага Казахстана – квітнеючага грамадства, больш дынамічнай і канкурэнтаздольнай палітычнай сістэмы.

Ажыццяўляючы ўнутраныя пераўтварэнні, мы не забывалі пра нашы міжнародныя абавязкі. У кастрычніку 2022 года ў нашай сталіцы прайшоў VI саміт Нарады па ўзаемадзеянні і мерах даверу ў Азіі – арганізацыі, якую мы заснавалі 30 гадоў таму для ўмацавання супрацоўніцтва ў мэтах міру, бяспекі і стабільнасці ў Азіі. У тым жа месяцы ў Астане адбылася сустрэча кіраўнікоў дзяржаў Садружнасці Незалежных Дзяржаў. Сімвалічна, што Саміт адбыўся ў год 30-годдзя ўстанаўлення дыпламатычных адносін між Рэспублікай Казахстан і Рэспублікай Беларусь.

Месяцам раней у гэтым годзе адбыўся VII З’езд лідараў сусветных і традыцыйных рэлігій. Папа Францыск быў у ліку больш за 100 дэлегацый з 50 краін, што стала першым візітам кіраўніка каталіцкай царквы ў Казахстан з часоў Папы Іаана Паўла II у 2001 годзе. У гэты ж перыяд мы прымалі Старшыню КНР Сі Цзіньпіна, чый дзяржаўны візіт у Казахстан стаў яго першай замежнеай паездкай пасля пандэміі COVID-19.

Курс унутранай і знешняй палітыкі, які ўзяў Казахстан, адчыніў дзверы для пашырэння супрацоўніцтва з Рэспублікай Беларусь.

Станаўленню і развіццю адносін між Казахстанам і Беларуссю папярэднічала агульная гісторыя пачатку і сярэдзіны дваццатага стагоддзя. У гэты перыяд мацаваліся казахстанска-беларускія сяброўскія сувязі і чалавечыя кантакты.

Асаблівае значэнне мае гістарычная памяць двух народаў, звязаная з гадамі Вялікай Айчыннай вайны, калі казахі і беларусы разам з іншымі народамі СССР змагаліся за мір для будучых пакаленняў.

Казахстан і Беларусь на працягу 30 гадоў пастаянна вялі пошук новых шляхоў узаемадзеяння, знаходзілі рашэнні па многіх праблемах, якія ўзнікаюць у двухбаковым фармаце і ў межах міжнародных рэгіянальных арганізацый.

Усе гэтыя гады ўзаемадзеянне Казахстана і Беларусі ажыццяўлялася ў традыцыйна дружалюбнай атмасферы – на аснове ўзаемнага разумення, канструктыўнага дыялогу і падтрымкі як у двухбаковым фармаце, так і ў межах міжнародных рэгіянальных інтэграцыйных арганізацый – СНД, ЕАЭС, АДКБ, АБСЕ і ААН.

Нашым краінам удалося захаваць і памножыць усё тое запатрабаванае і карыснае, што забяспечвала развіццё і пашырэнне казахстанска-беларускіх адносін.

Да 30-гадовага юбілею ўстанаўлення дыпламатычных сувязей між Рэспублікай Казахстан і Рэспублікай Беларусь двухбаковае супрацоўніцтва нашых краін дасягнула ўзроўню стратэгічнага шматпланавага партнёрства з высокай дынамікай кантактаў.

Да аднаго з галоўных дасягненняў казахстанска-беларускага супрацоўніцтва можна аднесці паступальна рэалізуемы гандлёва-эканамічны блок пытанняў, у тым ліку прамысловую кааперацыю з пераходам на лакалізацыю сумеснай вытворчасці. Ва ўзаемным гандлі мы дасягнулі аб’ёму ў 1 мільярд даляраў. Наладжана супрацоўніцтва ў транспартна-лагістычнай сферы.

За гэтыя гады Казахстан і Беларусь стварылі самавітую дагаворна-прававую базу, якая рэгулюе шырокі спектр двухбаковага ўзаемадзеяння. Больш за 80 дагавораў, пагадненняў і мемарандумаў, якія дзейнічаюць, ажыццяўляюць прававое забеспячэнне рэалізацыі двухбаковых дамоўленасцей на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў, урадаў і розных ведамстваў.

Міжпарламенцкія сувязі дзвюх краін служаць дадатковым фактарам у пашырэнні і падтрымцы казахстанска-беларускіх адносін. Народныя прадстаўнікі садзейнічаюць нашаму цеснаму ўзаемадзеянню. Парламенцкія дэлегацыі Казахстана і Беларусі наладзілі кансультацыі на палях МПА СНД, ПА АДКБ і іншых парламенцкіх структур.

Паколькі свет спрабуе справіцца з праблемамі, звязанымі з сённяшнімі геапалітычнымі і эканамічнымі цяжкасцямі, больш цеснае супрацоўніцтва між Казахстанам і Беларуссю з’яўляецца неабходным. У той жа час Казахстан па-ранейшаму прыхільны развіццю адносін з усмімі краінамі і партнёрамі. Як сказаў прэзідэнт Касым-Жомарт Такаеў у час сваёй інаўгурацыі пасля нядаўніх прэзідэнцкіх выбараў, «Казахстан працягвае ажыццяўленне сбалансаванай, канструктыўнай знешняй палітыкі».

Мы ўпэўнены, што наша шматвектарная знешняя палітыка будзе садзейнічаць вырашэнню многіх глабальных крызісаў і пашырэнню міжнароднага супрацоўніцтва.

2023 год стане яшчэ адным значным годам для Казахстана. На працягу першых шасці месяцаў пройдуць парламенцкія выбары. Напярэдадні выбараў ужо паяўляюцца новыя палітычныя партыі, што яшчэ больш умацуе палітычную канкурэнцыю і плюралізм. Упершыню за 18 гадоў незалежныя кандыдаты таксама змогуць балаціравацца на выбарах па аднамандатных акругах.

Зазіраючы ў наступны год, мы поўныя рашучасці ўмацоўваць нашы адносіны з Рэспублікай Беларусь. Мы заклалі трывалую аснову для далейшага развіцця нашага супрацоўніцтва. Улічваючы наша ўзаемнае імкненне да трывалых сувязей, ёсць усе падставы меркаваць, што мы разам дасягнем нашых мэт.

Пасольства Рэспублікі Казахстан у Рэспубліцы Беларусь