Дата публикации

Аб 28 саюзных праграмах як стратэгіі мадэльнай інтэграцыі

Па закону множання

Стаўка на паглыбленую інтэграцыю спрацавала. Менавіта так можна ахарактарызаваць дынаміку беларуска-расійскіх адносін апошніх гадоў.

Ва ўмовах каласальнага знешняга ціску на саюзную дзяржаву Беларусь і Расія дэманструюць станоўчыя трэнды ва ўзаемадзеянні. Умацаванне саюзных адносін стала натуральным і адзіным магчымым адказам на сітуацыю ў свеце. Лепшае таму пацверджанне – дадзеныя статыстыкі, якія сведчаць аб павелічэнні аб’ёму ўзаемнага гандлю. За студзень – сакавік гэтага года ён павялічыўся на 22 працэнты ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. Аналітык Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў Вольга Лазоркіна адзначае: Беларусь і Расія дэманструюць намеры рухацца па шляху ўдасканалення мадэлі супрацоўніцтва, асновы якой закладзены ў межах інтэграцыйных праграм.

- Кіраўніцтва дзвюх краін бачыць эфектыўнасць узаемадзеяння перш за ўсё ва ўмацаванні каардынацыі, сіметрычнасці прымаемых мер у эканамічнай сферы. У наяўнасці пераасэнсаванне разумення стратэгічнага партнёрства як гатоўнасці аказаць шырокамаштабную падтрымку ў крызісных умовах. Характэрна, што асіметрыя патэнцыялаў не перашкаджае партнёрам захоўваць беларускі акцэнт у міжнародных справах. Абедзве дзяржавы з’яўляюцца актыўнымі членамі інтэграцыйных аб’яднанняў не толькі на постсавецкай прасторы, але і ў больш шырокім маштабе. Аўтарытэт і вопыт Расіі, узважанасць і паслядоўнасць Беларусі дазваляюць захоўваць касцяк інтэграцыі ў рэгіёне, стрымліваюць праяўленне пратэкцыянізму, забяспечваюць эфектыўнае ўзаемадзеянне ў крызісных сітуацыях.

Эканамічная глабалізацыя, якая даволі паспяхова развівалася ў апошнія два дзесяцігоддзі, паказала, што аб’яднанне намаганняў дзяржаў прыводзіць да мноства станоўчых эфектаў для эканомікі. Асабліва гэта важна для краін, якія валодаюць абмежаванымі прыроднымі рэсурсамі.

- Разам з тым , як паказвае практыка, поспех матэрыяльнай падтрымкі крыецца не ў аб’ёмах, а ў тым, ці зможа краіна-атрымальнік рацыянальна ёю скарыстацца, – упэўнена Вольга Лазоркіна. – Беларусь у адрозненне ад многіх краін свету мае ярка выражаны ўнутраны патэнцыял, які дазволіў захаваць прываблівую для саюза эканамічную спецыфіку.

Беларусь не навічок у рэгіянальнай інтэграцыі. У краіны назапашаны дастаткова вялікі вопыт супрацоўніцтва як на Захадзе, так і на Усходзе. На думку экспертаў, сёння рэгіяналізацыя перажывае чарговы віток, які прыкметна ўскладняецца ўзмоцненай палітызацыяй. Аналітык БІСД падкрэслівае:

– Нягледзячы на гэта, у многім непарушным застаецца разуменне таго, што ўзаемадзеянне з суседзямі з’яўляецца асновай стабільнага эканамічнага развіцця ў бягучых умовах. Паралельна фарміруецца запыт на стварэнне больш шырокіх аб’яднанняў, якія злучалі б кантыненты. У гэтай сувязі знешняя палітыка Беларусі накіравана на тое, каб максімальна ўбудавацца ў новыя эканамічныя рэаліі, не процістаўляючы пры гэтым заходні і ўсходні накірункі.

Беларусь і Расія інтэнсіфіцыравалі эканамічную інтэграцыю, не паступаючыся пры гэтым суверэнітэтам і незалежнасцю. Паспяхова рэалізуюцца 28 міжгаліновых праграм, якія вызначаюць накірункі дзейнасці на бліжэйшыя гады.

– 28 саюзных праграм – гэта доўгатэрміновая стратэгія мадэльнай інтэграцыі, якая ўжо дае вынікі, – бачыць рэальныя перспектывы Вольга Лазоркіна. – У многім праграмы звязаны з галіновым узаемадзеяннем, пагэтаму эфекты з’яўляюцца вузкапрофільнымі і не заўсёды зразумелымі для грамадскасці.

У бягучых умовах, падкрэслівае эксперт, асноўныя намаганні накіраваны на ўмацаванне фінансавай сістэмы Беларусі і Расіі:

- Саюзныя праграмы праз гарманізацыю заканадаўства ўжо дазволілі кардынальна знізіць залежнасць ад міжнародных плацёжных сістэм. Адпаведна, адбылося стымуляванне развіцця іх нацыянальных сегментаў, такіх як карты «Свет», «Белкарт». Акрамя таго, запушчаны пілотныя праекты ў сістэме хуткіх плацяжоў. Відавочна, што стратэгічныя задачы, закладзеныя ў саюзных праграма, патрабуюць падмацавання тактычнымі крокамі для выраўнівання сітуацыі ў эканамічнай сферы.

Безумоўна, адно з ключавых месцаў у гандлёва-эканамічных адносінах Беларусі і Расіі займае прамысловасць. Прадпрыемствы звязаны цеснымі кааперацыйнымі адносінамі, якія ўмацоўваюцца на карысць дзвюх дзяржаў. А ў сённяшніх умовах гэта дазваляе рашаць глабальныя пытанні, у тым ліку забяспечваць тэхналагічны суверэнітэт Саюзнай дзяржавы, лічыць аналітык БІСД:

- Рэалізуемыя намі праекты па імпартазамяшчэнні - гэта фарміраванне ўнікальнага вопыту захавання галіновай вытворчасці ва ўмовах маштабных абмежавальных мер. Па сутнасці сваёй дадзеныя праекты не прадугледжваюцца як прарыўныя. Разам з тым яны ствараюць новае бачанне руху Беларусі і Расіі па траекторыі развіцця. Наступным крокам павінна стаць забеспячэнне тэхналагічнага суверэнітэту ў крытычна важных галінах эканомікі. Важна разумець, што прамысловая кааперацыя не адмяняе канкурэнцыю. Больш за тое, яна стварае больш жорсткія ўмовы, у межах якіх ключавую ролю будзе іграць не попыт, а прапанова на аперажэнне.

Нагадаем, на рэалізацыю праграм імпартазамяшчэння Расія вылучыла Беларусі крэдыт у памеры 105 млрд. расійскіх рублёў. У межах гэтых сродкаў у 2023-2024 гадах плануецца рэалізаваць 12 маштабных праектаў.

На чым, на думку аналітыка, нашым краінам трэба сканцэнтравацца ў бліжэйшы час і якія сумесныя праекты маюць першаступеннае значэнне?

- Фінансавы і тэхналагічны сектары займаюць прыярытэтныя пазіцыі ў аператыўным рэагаванні. Выклікі, з якімі сутыкнуліся Беларусь і Расія, патрабуюць спачатку стабілізацыі сітуацыі, максімальнага абмежавання залежнасці ад знешніх фактараў. Актуальным бачыцца правядзенне якаснай рэвізіі рэсурсаў навукова-тэхналагічнай базы адначасова са стварэннем дзяржаўных праграм падтрымкі навуковага сектара для забеспячэння прарыўных рашэнняў у тэхналагічным сектары.