Дата публікацыі

Аб пасланні Прэзідэнта Казахстана К.-Ж. Такаева да народа Казахстана

Экспертныя колы і грамадства Беларусі з вялікай цікавасцю ўспрынялі выступленне 2 верасня 2019 г. Прэзідэнта Казахстана К.-Ж. Такаева з Пасланнем да народа Казахстана.

Характэрнасць паслання заключаецца ў тым, што разам з устаноўкай на працяг дзейнай у Казахстане мадэлі развіцця, кіраўнік Казахстанскай дзяржавы пазначыў канкрэтныя напрамкі рэформ, якія краіне трэба будзе рэалізаваць у найбліжэйшай перспектыве. Ключавыя з іх закранаюць умацаванне дэмакратыі, удасканаленне сацыяльнага забеспячэння насельніцтва, падтрымку адзінства казахстанскага грамадства, эканамічнае развіццё, павышэнне эфектыўнасці сістэмы дзяржаўнага кіравання. Несумненна, што спалучэнне пераемнасці і навацый падчас ажыццяўлення заяўленых ініцыятыў дазволіць краіне паспяхова спраўляцца з сучаснымі выклікамі.

Праграмнае выступленне казахстанскага прэзідэнта закранае важную для насельніцтва ўнутрыпалітычную і сацыяльна-эканамічную праблематыку. Жыллёвая і пенсійная палітыка, адрасная сацыяльная дапамога, зямельнае пытанне, якасць адукацыі, навукі і аховы здароўя, падтрымка малога і сярэдняга бізнесу, заахвочванне грамадзянскіх ініцыятыў, садзейнічанне шматпартыйнасці на месцах – усе гэтыя тэмы адказваюць запытам народа Казахстана. Не будзе перабольшаннем сказаць, што кожны грамадзянін можа знайсці ў Пасланні тэму, якая закранае яго асабіста.

Выкладзеныя ў Пасланні ініцыятывы ўяўляюць несумненную цікавасць і для Беларусі. Сёння пытанні сацыяльнай справядлівасці, сістэмнага дыялогу ўлады і грамадства з’яўляюцца неад’емнай часткай палітыкі краін, якія ўсведамляюць важнасць дадзеных напрамкаў для формулы паспяховай дзяржавы.

Даручэнні К.-Ж. Такаева ўраду ў вялікай ступені сугучныя прыярытэтам, пазначаным раней Кіраўніком нашай дзяржавы ў Пасланні беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу Рэспублікі Беларусь. Наша дзяржава таксама надае пільную ўвагу якаснаму развіццю кіраўніцкіх кадраў, барацьбе з карупцыяй, працы са зваротамі грамадзян, патрыятычнаму выхаванню моладзі, развіццю сучаснай ІКТ-інфраструктуры. Гэтыя і іншыя стратэгічныя элементы эфектыўнай дзяржаўнай палітыкі аб’ядноўваюць нашы краіны.

Агульнасць інтарэсаў двух народаў спрыяе таму, што і Беларусь, і Казахстан рухаюцца па падобных трэках дзяржаўнага будаўніцтва. Абапіраючыся на багаты досвед двухбаковага супрацоўніцтва, Мінск і Нур-Султан, па-за ўсялякімі сумневамі, працягнуць і далей разам будаваць годную будучыню для нашых дзяцей.

Можна з упэўненасцю сцвярджаць, што пасланне К.-Ж. Такаева стала найважнейшай падзеяй у жыцці казахстанцаў, новай пазітыўнай вяхой у нацыянальным будаўніцтве нашага блізкага партнёра па інтэграцыі і годным працягам прагрэсіўнай палітыкі Н.А. Назарбаева.