Аналітычная кампанія Global Firepower кожны год складае рэйтынг армій свету. У 2020 годзе Беларусь заняла ў ім 53-е месца са 138 краін. У тройцы лідараў па-ранейшаму застаюцца ўзброеныя сілы ЗША, Расіі і Кітая. Пры ацэнцы ваеннай магутнасці дзяржаў даследчыкі ўлічвалі звыш 50 крытэрыяў, у тым ліку колькасць зброі, кадраў і рэзерваў, фінансаванне ваеннай сферы і многія іншыя. Пры гэтым ядзерная зброя ў разлік не бярэцца.
Не толькі лікам, а і ўменнем
Датай нараджэння беларускай арміі можна лічыць 20 сакавіка 1992 года. Тады была прынята пастанова Урада "Аб стварэнні Узброеных сіл Рэспублікі Беларусь" на базе Чырванасцяжнай Беларускай ваеннай акругі і Другой асобнай арміі СПА. На сёння колькасць нашых войскаў складае амаль 65000 чалавек, з каторых больш за 46000 – ваеннаслужачыя. Сюды ўваходзяць сухапутныя войскі, ваенна-паветраныя сілы і войскі супрацьпаветранай абароны, а таксама сілы спецыяльных аперацый, узбраенне, тыл, ваенныя навучальныя ўстановы, арганізацыі і часткі, якія забяспечваюць абслугоўванне і ахову. Беларускія Узброеныя Сілы маюць вялікую бранятанкавую групіроўку: па стане на студзень 2021 года ў нас больш за 1200 танкаў Т-72 розных мадыфікацый. У чэрвені 2017 года ў воінскія часткі паступілі мадэлі Т-72Б3. Зараз яны маюць больш магутную сілавую ўстаноўку і прыцэл беларускай вытворчасці "Сасна-У". Ёсць таксама больш за 2000 баявых машын, сярод якіх звыш 400 БТР і каля 1300 БМП.
Наша авіяцыя прадстаўлена шматмэтавымі знішчальнікамі Су-30СМ і МіГ-29 розных мадыфікацый, штурмавікмі Су-25, вучэбна-баявымі машынамі Як-130, ваенна-транспартнымі Іл-76 і Ан-26. Характэрна, што на ўзбраенні ў нас стаіць больш штурмавікоў, чым ва ўсіх нашых натаўскіх суседзяў разам узятых. Цікавы факт: беларускія лётчыкі ўстанавілі 15 сусветных рэкордаў па часе набору вышыні на знішчальніку МіГ-29. Комплексы СПА прадстаўлены зенітна-ракетнымі сістэмамі С-300, Тор-М2Э, "Страла", ЗРК "Бук" і "Аса". Дарэчы, баявыя разлікі дывізіёнаў С-300 і Тор-М2, як правіла, уваходзяць у лік лепшых на вучэнні ў межах аб’яднанай супрацьпаветранай абароны краін СНД "Баявая садружнасць".
Колькасць сіл спецыяльных аперацый – звыш 6000 ваеннаслужачых. Злучэнні і воінскія часткі ССА пастаянна папаўняюцца новай тэхнікай. На ўзбраенні – больш за 50 бронеаўтамабіляў розных мадыфікацый. Да таго ж можна дадаць больш за 100 адзінак бронетранспарцёраў, прызначаных для вядзення баявых дзеянняў, пераадолення водных перашкод на плаву, а таксама для стральбы па паветраных мэтах. Плюс сучасная стралковая зброя, прыборы начнога бачання і сістэмы сувязі. Не трэба забываць транспартныя і тэрытарыяльныя войскі. Колькасць апошніх амаль у два разы больш, чым самі Узброеныя Сілы – 120000 чалавек, але гэта колькасць разлічана на ваенны час. Асноўваючыся на аналітычныя дадзеныя, замежныя даследчыкі сцвярджаюць, што беларуская армія ўяўляе сабой магутную ваенную сілу ў маштабах Усходнееўрапейскага рэгіёна. Але ці гаворыць гэта пра тое, што сёння ў Еўропе магчымы паўнамаштабныя ваенныя дзеянні?
Не зброяй адзінай
У ваеннай справе ёсць такое паняце "стратэгічнае стрымліванне". А эфектыўнае стрымліванне – гэта важнейшы фактар недапушчальнасці вайны. Гэта значыць патэнцыяльны агрэсар узважвае верагодныя для сябе негатыўныя наступствы ў выпадку нападзення – магчымую сілу зваротнага ўдару, уласныя страты, перш за ўсё людскія. Калі ён разумее, што праціўнік здольны нанесці яму істотныя страты, то Рубікон, зразумела, не пераходзіцца.
Напрыклад, у студзені мінулага года ЗША гатовы былі правесці ваенную аперацыю ў Іране і сканцэнтравалі для гэтага на Блізкім Усходзе значныя ўдарныя сілы. Аднак калі афіцыйны Тэгеран прадэманстраваў сваю гатоўнасць і рашучасць нанесці зваротны ўдар, ЗША вымушаны былі "збавіць абароты". Дэманстраваць сілу арміі зваротнымі ўдарамі, як аказалася, зусім неабавязкова. Разуменню ваеннай моцы той або іншай дзяржавы садзейнічаюць розныя сусветныя рэйтынгі, у прыватнасці, аўтарытэтны Global Firepower, каторы ацэньвае здольнасць кожнай краіны да вядзення вайны з прымяненнем звачайных (не ядзерных) сродкаў.
Трэба таксама ўлічваць, што для абароны дзяржавы задзейнічаюцца не толькі непасрэдна Узброеныя Сілы, але і іншыя войскі і воінскія фарміраванні: унутраныя войскі МУС, органы памежнай службы, дзяржаўнай бяспекі, сілы тэрытарыяльнай абароны. У выпадку знешняй агрэсіі ўсе гэтыя часткі побач з арміяй будуць выконваць задачы па абароне краіны. Дарэчы, у глабальным рэйтынгу ваенізіраваных фарміраванняў Беларусі адведзена 25-е месца.
Пяхота – царыцы палёў
Сёння ўсё часцей гучыць думка, што сучасныя войны не патрабуюць наяўнасці значных сухапутных войскаў, што баявыя дзеянні адбываюцца без прамога судакранання процідзейных армій. Але гэта сцвярджэнне дакладнае толькі ў тым выпадку, калі гутарка ідзе аб узброеных канфліктах нізкай інтэнсіўнасці. Напрыклад, ваенныя сутыкненні мінулай восенню ў Карабаху паказалі галоўную ролю высокадакладнай зброі і беспілотных лятальных апаратаў, а ў Сірыі расійскія войскі ў асноўным выкарыстоўваюць сілы спецыяльных аперацый і авіяцыю. Але ў выпадку маштабнай вайны менавіта сухапутныя войскі па-ранейшаму будуць несці на сабе ўвесь цяжар баявых дзеянняў.
На жаль, магчымасць вялікай вайны ў наш час не выключана. Нездарма ж вядучыя ваенныя дзяржавы свету – ЗША, Расія і Кітай – штогод вылучаюць сотні мільёнаў даляраў на распрацоўку, вытворчасць, мадэрнізацыю і закупку сучаснай бранятанкавай тэхнікі. Дарэчы, і ў ваенных вучэннях НАТА, якія праводзяцца ва Усходнееўрапейскім рэгіёне, менавіта сухапутныя часткі традыцыйна з’яўляюцца асноўнымі. А для маштабнага разгортвання сваіх механізаваных войскаў ЗША рыхтуюць на тэрыторыі Польшчы шэраг баз для захоўвання ўзбраення і ваенная тэхнікі. У мінулым годзе ў суседняй дзяржаве пачаў работу і амерыканскі орган ваеннага кіравання – перадавое камандаванне 5-га корпуса сухапутных войскаў ЗША.
Узброеныя Сілы Беларусі ўнікальныя па сваёй структуры. Баявы кампанент нашай арміі прыкладна ў роўнай ступені падзелены на тры часткі: сухапутныя войскі, сілы спецыяльных аперацый, а таксама ваенна-паветраныя сілы і войскі процівапаветранай абароны. Гэта знаыць мы гатовы да вядзення баявых дзеянняў любога фармату. Але пры гэтым аддаем перавагу не дапусціць вайны, а падрыхтаваную армію выкарыстоўваем у мэтах стратэгічнага стрымлівання.