Беларусы святкуюць Дзень Незалежнасці 3 ліпеня ў памяць аб вызваленні Мінска савецкімі войскамі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Краіна свята захоўвае памяць аб гэтай гістарычнай падзеі.
Вызваленне як свята
Беларусы памятаюць, што Германія ажыццяўляла палітыку генацыду ў адносінах жыхароў нашай краіны, знішчала мірнае насельніцтва, расчляніла рэспубліку на часткі. Калі б нашы продкі не разграмілі гітлераўцаў і іх памагатых, Беларусь назаўсёды страціла б дзяржаўнасць, знікнуўшы з твару зямлі. Пагэтаму 3 ліпеня – знакавая для нас дата.
Гаворачы пра развіццё беларускай дзяржаўнасці пасля Вялікай Айчыннай вайны, трэба адзначыць, што нашай краіне ўдалося праявіць сябе і на знешнепалітычным контуры, умацаваць уласны імідж на міжнароднай арэне. У 1945 годзе БССР увайшла ў лік краін – заснавальнікаў ААН, подпіс міністра замежных спраў Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Кузьмы Кісялёва стаіць пад Статутам гэтай арганізацыі.
Што не так з датай 27 ліпеня?
У краінах постсавецкай прасторы адлік незалежнасці часцей за ўсё прымеркаваны да падзей, звязаных з іх аддзяленнем ад СССР.
У нас таксама ў першай палове 1990-х гадоў Дзень Незалежнасці адзначаўся 27 ліпеня, у дзень прыняцця ў 1990 годзе Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце, што запусціла працэс выхаду рэспублікі з Савецкага Саюза. Аднак гэта дата не зусім удалая, паколькі сама ацэнка распаду СССР да гэтага часу застаецца супярэчлівай і, хутчэй, падзяляе людзей, чым іх аб’ядноўвае.
Развал Савецкага Саюза ўспрымаецца насельніцтвам як паражэнне, расцэньваецца як калектыўная траўма, нагадвае пра негатыўны вопыт дзяржавы, якая, своечасова не перабудаваўшыся, не справілася з выклікамі часу і загінула. Беларусам пашанцавала, што ў Дзень Незалежнасці мы ўспамінаем усё-такі перамогу нашага народа, а не паражэнне.
Больш за тое, у Дэкларацыі 27 ліпеня 1990 года абвешчана вяршэнства народа ў вызначэнні свайго лёсу. І на рэферэндуме, які адбыўся ў сакавіку 1991-га, большасць беларусаў прагаласавала за захаванне СССР.
Калі прытрымлівацца логікі Дэкларацыі, улада, якая дзейнічала тады ў асобе Станіслава Шушкевіча, павінна была зрабіць усё, каб рэалізаваць волю народа. Аднак яна пайшла супрацьлеглым шляхам. Вынікам сталі Белавежскія пагадненні, якія паставілі кропку на існаванні СССР як геапалітычнай рэальнасці. Сам Шушкевіч хутка разбазарыў свой палітычны капітал і не вытрымаў канкурэнцыі з іншымі кандыдатамі на прэзідэнцкіх выбарах 1994 года. За яго тады прагаласавала менш за 10% выбаршчыкаў.
У канчатковым выніку насельніцтва не прыняла нацыяналістычныя «навацыі» «рэфарматараў» пачатку 1990-х. На рэферэндуме 1995 года беларусы падтрымалі курс на эканамічную інтэграцыю Беларусі з Расіяй, адмянілі бела-чырвона-белы сцяг і герб «Пагоня», выступілі за наданне рускай мове роўнага статусу з беларускай.
На наступным рэферэндуме, які адбыўся ў лістападзе 1996 года, пераважная большасць грамадзян прагаласавала за перанясенне Дня Незалежнасці на 3 ліпеня – Дзень вызвалення Беларусі ад гітлераўскіх захопнікаў у Вялікай Айчыннай вайне.
Праз прызму Канстытуцыі
Найбольш зразумелым вынікам станаўлення беларускай дзяржаўнасці з’яўляецца Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь. Неабходнасць захавання гістарычнай памяці спецыяльна акцэнтавана ў Асноўным Законе. У прыватнасці, артыкул 54 Канстытуцыі абвяшчае: «захаванне гістарычнай памяці пра гераічнае мінулае беларускага народа, патрыятызм з’яўляюцца абавязкам кожнага грамадзяніна». 3 ліпеня якраз з’яўляецца датай, святкаванне якой канцэнтруе ўвагу грамадзян на гераічным мінулым, кансалідуючы народ. Фактычна гэта дата заўсёды была дэманстрацыяй адзінства нашага грамадства, яго гатоўнасці актыўна супрацьдзейнічаць знешнім выклікам і ўзрушэнням, прыкладаць неймаверныя намаганні дзеля захавання сваёй дзяржаўнасці, ствараць і будаваць будучыню незалежнай Беларусі.
Існуюць і іншыя знакавыя гістарычныя падзеі, якія нагадваюць нам пра адзінства народа і пазітыўна ўспрымаюцца беларусамі. Так, з мінулага года 17 верасня адзначаецца Дзень народнага адзінства – у памяць аб уз’яднанні Усходняй і Заходняй Беларусі ў 1939 годзе.
Традыцыйна адным з галоўных свят застаецца Дзень Перамогі. Да слова кажучы, сацыялагічныя даследаванні пацвярджаюць, што большасць грамадзян нашай краіны ўпэўнены: трэба захоўваць сувязь важнейшых дзяржаўных свят Рэспублікі Беларусь з падзеямі Вялікай Айчыннай вайны. Такое меркаванне выразілі 80% апытаных у жніўні 2021 года беларусаў (апытанне Інстытута сацыялогіі НАН Беларусі, праведзенае па заказе БІСД).
Свята 3 ліпеня ўмацоўвае дзяржаўную ідэнтычнасць, з’яўляецца складнікам беларускай мадэлі гістарычнай памяці з прынцыпамі адзінства і незалежнасці нашай краіны, беражлівых адносін да яе мінулага.
Валянцін Старычонак, аналітык БІСД