У рамках пашырэння беларуска-кітайскага экспертнага ўзаемадзеяння 31 ліпеня 2020 г. адбылася сустрэча навукоўцаў, дыпламатаў і экспертаў дзвюх краін у фармаце відэаканферэнцыі “Рэалізацыя ініцыятывы “Адзін пояс, адзін шлях” і развіццё міжрэгіянальнага супрацоўніцтва ў новых геапалітычных умовах”.
З беларускага боку ўдзел прынялі прадстаўнікі БІСД, Цэнтра сістэмнага аналізу і стратэгічных даследаванняў НАН Беларусі, ФМА БДУ, беларускіх дыпламатычных устаноў у КНР. Кітайскі бок прадстаўлялі кіраўнікі і спецыялісты: Кітайская акадэмія сучасных міжнародных адносін, Кітайская акадэмія грамадскіх навук, Шанхайская акадэмія грамадскіх навук, Усходне-кітайскі педагагічны ўніверсітэт, Пасольства КНР у Рэспубліцы Беларусь.
Мэтай відэаканферэнцыі стала абмеркаванне перспектыў кітайскай ініцыятывы “Адзін пояс, адзін шлях” у посткаранавірусную эпоху і выяўленне ключавых напрамкаў развіцця ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва Беларусі і Кітая з улікам сучасных міжнародных тэндэнцый, патэнцыялу ўзаемадзеяння дзвюх дзяржаў у галіне экспертнай дыпламатыі.
Дырэктар БІСД Алег Макараў у прывітальным слове падкрэсліў: “Калі раней мы адзначалі, што асобы, якія прымаюць рашэнні, policy makers, не вельмі маюць патрэбы ў аналітычнай падтрымцы, то на сённяшні дзень мы бачым вялікі попыт на аналітыку і прагназаванне, хоць бы прагназаванне малых крокаў, на месяц – тры месяцы наперад. Тым самым мы бачым вялікую адказнасць, якая стаіць перад экспертнай супольнасцю. Больш за тое, ва ўмовах значнай напружанасці мы бачым шанец і адказнасць для экспертнай дыпламатыі”
Бакі абмеркавалі ўплыў каранавіруса на глабальную палітыку і рэгіянальнае супрацоўніцтва ў кантэксце кітайска-амерыканскіх адносін, стратэгічныя аспекты развіцця бізнес-кантактаў, міжрэгіянальнага супрацоўніцтва і транспартна-лагістычнай сферы Беларусі і Кітая ў межах ініцыятывы “Адзін пояс, адзін шлях”, перспектывы ўзаемадзеяння гэтага праекта з Еўразійскім эканамічным саюзам, Шанхайскай арганізацыяй супрацоўніцтва, партнёрства Беларусі і Кітая ў барацьбе з Covid-19 і іншымі выклікамі сучаснасці, ключавыя напрамкі беларуска-кітайскіх двухбаковых адносін.