На пачатку навучальнага года ў межах праекта «Народная пяцігодка» было праведзена тэматычнае сацыялагічнае даследаванне. Сабрана больш за 10,2 тысячы прапаноў грамадзян, 20,1 тысячы адказаў на анлайн-апытанне і 1,1 тысячы адказаў на бліц-апытанне. Асаблівай увагі заслугоўваюць наступныя высновы:
1. Адукацыя ўспрымаецца як інвестыцыя ў будучыню (53,93%). Аднак грамадзяне лічаць, што толькі адукацыі, нават вышэйшай, недастаткова для забеспячэння асабістага дабрабыту. Амаль кожны другі рэспандэнт сярод асноўных гарантый называе працавітасць, кожны трэці — адкрыццё ўласнай справы ці занятак бізнесам, кожны чацвёрты — наяўнасць добрых сувязяў, а кожны пяты — шлюб.
2. Апытанне выявіла зрушэнне грамадскіх чаканняў адносна сістэмы адукацыі. Сёння на першы план выходзіць не толькі вывучэнне фундаментальных і прыкладных дысцыплін, але і фарміраванне здольнасці да навучання («навучыць вучыцца»), выхаванне ўсебакова развітай асобы і падрыхтоўка маладога пакалення да рэальнага жыцця. Асноўны запыт да вышэйшай адукацыі — гэта прафесійная самарэалізацыя (40,25%), а да сярэдняй спецыяльнай — запатрабаванасць будучай прафесіі, што ўключае дастойную заработную плату, добрыя ўмовы працы і павагу ў грамадстве (47,93%).
3. У цэлым грамадзяне адаптаваліся да новых фарматаў экзаменаў і іншых новаўвядзенняў (абавязковая школьная форма, забарона на выкарыстанне гаджэтаў, абмежаваны доступ бацькоў у школу). Пры гэтым беларусы не схільныя да элітарнасці.
Для большасці ўдзельнікаў апытання асноўным крытэрыем справядлівасці сістэмы адукацыі з’яўляецца яе даступнасць (61,8%). Тэма прыватных навучальных устаноў амаль не хвалюе грамадзян.
4. Паводле ацэнак рэспандэнтаў, адукацыя, атрыманая ў Беларусі, з’яўляецца канкурэнтаздольнай на сусветным рынку. Адначасова існуе выразны запыт на пашырэнне прызнання беларускіх дыпломаў за мяжой, асабліва з улікам атрымання нашай краінай статусу паўнапраўнага члена ШАС і назіральніка ў БРІКС.