Дата публікацыі

Ад герояў былых часоў…

Да моманту вызвалення Беларускай ССР ад нямецка-фашысцкай акупацыі на яе тэрыторыі дзейнічала каля 35 тысяч членаў розных калабаранцкіх партый, арганізацый і ўзброеных фарміраванняў: Беларуская незалежніцкая партыя (БНП), Саюз беларускай моладзі (СБМ), Беларуская краявая абарона (БКА), Беларуская народная самапомач (БНС) і іншыя. Яшчэ на завяршальным этапе Вялікай Айчыннай вайны спецслужбы нацысцкай Германіі распачалі спробы арганізаваць на тэрыторыі Беларускай ССР антысавецкі паўстанцкі рух з ліку ўдзельнікаў БНП, БКА, СБМ і іншых калабарацыянісцкіх структур. Аднак прынятыя намаганні апынуліся безвыніковымі (www.beldumka.belta.by/isfiles/000167_910754.pdf).

У жніўні 1944 года кіраўнік калабарацыянісцкай Беларускай Цэнтральнай рады (БЦР) Радаслаў Астроўскі ўзяў абавязак перад нацысцкімі ўладамі па камплектаванні кадрамі з ліку беларускіх нацыяналістаў разведвальна-дыверсійных груп, якія закідваліся за лінію фронту ў савецкі тыл. У ліпені–жніўні 1944 года ў мястэчку Дальвітц (Усходняя Прусія) са згоды Абвера быў створаны “Спецыяльны батальён “Дальвітц”, а па факце – разведвальна-дыверсійная школа колькасцю каля 200 чалавек.

У працэсе навучання курсантаў рыхтавалі да ажыццяўлення разведвальна-дыверсійнай дзейнасці ў тыле Чырвонай Арміі, правядзення антысавецкай агітацыі і прапаганды, здзяйснення тэрарыстычных актаў і дыверсій. Агульнае кіраўніцтва школай ажыццяўлялі афіцэры Абвера. Намеснікамі начальніка школы былі кіраўнік БНП і абвераўскі агент з 1940 года Усевалад Радзько, а таксама былы камандзір батальёна БКА Барыс Рагуля.

У верасні–снежні 1944 года ў савецкі тыл на тэрыторыю Беларускай ССР былі дэсантаваны 3 групы дальвітцкіх агентаў-парашутыстаў агульнай колькасцю 35 чалавек. Абвераўскія групы былі добра ўзброены, забяспечаны радыёстанцыямі, медыкаментамі, вялікім запасам харчавання і нават партатыўнымі друкарнямі. Агенты-дэсантнікі атрымалі ад Абвера заданне здабываць разведданыя аб месцах дыслакацыі частак Чырвонай Арміі і наяўнасці груп германскіх салдат, якія хаваюцца ў тыле савецкіх войскаў, праводзіць дыверсіі на камунікацыях. Акрамя выканання заданняў, пастаўленых Абверам, патрабавалася стварыць базу для паўстанцкага руху ў Налібоцкай пушчы, наладзіць сувязь з беларускім антысавецкім падполлем і ўсталяваць кантакты з антысавецкімі фарміраваннямі польскай Арміі Краёвай.

Практычна ўсе перакінутыя ў савецкі тыл “выпускнікі” Дальвітцкай разведшколы былі затрыманыя і арыштаваныя, а некаторыя з іх ліквідаваныя пры аказанні ўзброенага супраціву. Аднак тэма “дальвітцкіх дэсантаў” бударажыць уяўленне многіх “незалежных” даследчыкаў да гэтага часу. Міфы пра тое, што з ліку абвераўскіх дэсантнікаў была створана так званая антысавецкая “беларуская народная партызанка” (падпольная арганізацыя “Чорны кот”) атрымалі ў 2000-я гады новую раскрутку. А партрэт уяўнага кіраўніка міфічнага беларускага паўстанцкага руху Міхася Вітушкі (на самай справе нацыянал-калабарацыяніста і ваеннага нацысцкага злачынца, забітага падчас правядзення аператыўна-вайсковай аперацыі) апынуўся на плакатах удзельнікаў несанкцыянаваных акцый радыкальнай беларускай апазіцыі.

Пасля разгрому Германіі многія ўдзельнікі калабарацыянісцкіх беларускіх структур сталі сферай пільнай увагі заходніх спецслужб. Пад пагрозай перадачы савецкаму вайсковаму камандаванню і выкрыцця іх мінулага многія з былых членаў БНП, БКА, СБМ былі перакінутыя ў СССР пад выглядам рэпатрыянтаў для правядзення падрыўной дзейнасці.

Абвастрэнне супярэчнасцей паміж Савецкім Саюзам і былымі саюзнікамі па антыгітлераўскай кааліцыі, якія выліліся ў “халодную вайну”, зрабіла выкарыстанне нацыяналістычных антысавецкіх арганізацый адным з фактараў дэстабілізацыі ўнутрыпалітычнай сітуацыі ў СССР. Для легальнага перамяшчэння калабарацыяністаў на савецкую тэрыторыю шырока выкарыстоўваліся магчымасці, што з’явіліся ў сувязі з масавай рэпатрыяцыяй грамадзян СССР, якія апынуліся ў гады вайны за межамі Савецкага Саюза.

У лістападзе 1946 года выпускнік падафіцэрскай школы так званага беларускага легіёна ў Берліне, які вярнуўся ў парадку рэпатрыяцыі, кіраўнік арганізацыі БНП у названай школе Генадзь Казак на тэрыторыі Баранавіцкай вобласці стварыў падпольную арганізацыю “Саюз вызвалення Беларусі” (СВБ). У снежні 1946 – студзені 1947 года асабіста ім былі распрацаваны праграма і статут СВБ. Асноўнай мэтай СВБ абвяшчалася стварэнне “беларускай нацыянальнай дзяржавы”. Адзіным сродкам вызвалення беларускага народа ад нацыянальнага прыгнёту і каланіяльнай эксплуатацыі абвяшчалася нацыянальная рэвалюцыя. Адной з форм падпольнай барацьбы СВБ прызнаваўся тэрор. Адзначым, што акрамя кіраўніка, сярод найбольш актыўных удзельнікаў арганізацыі аказалася яшчэ некалькі ўдзельнікаў розных калабарацыянісцкіх арганізацый і фарміраванняў (СБМ, БКА).

У маі 1947 г. органы МДБ БССР арыштавалі членаў СВБ. У жніўні 1947 года Ваенны трыбунал войскаў МУС Баранавіцкай вобласці прысудзіў усіх арыштаваных да розных тэрмінаў зняволення. Пры пераглядзе крымінальнай справы ў 1993 годзе Прэзідыум Гродзенскага абласнога суда прысуд 1947 года пакінуў у сіле.

Акрамя таго, у другой палове 1940-х гадоў пачалося актыўнае стварэнне падпольных антысавецкіх структур на тэрыторыі Беларускай ССР з ліку былых членаў СБМ, якія засталіся пражываць у рэспубліцы і хавалі сваё калабарацыйнае мінулае.

У маі–чэрвені 1946 года былы чалец СБМ Васіль Супрун стварыў падпольную антысавецкую арганізацыю “Чайка” ў Слонімскім раёне. Кіраваў “Чайкай” адзіны каардынацыйны орган падполля – Цэнтр Беларускага Вызваленчага руху (ЦБВР) на чале з Супруном. У загадзе № 1 ЦБВР паказвалася на неабходнасць вывучэння метадаў вядзення партызанскай вайны. Вызначаліся планы дзеяння падпольнай арганізацыі на выпадак магчымай вайны ЗША і Вялікабрытаніі супраць СССР. Увосень 1946 года кіраўніцтва “Чайкі” паспрабавала ўсталяваць кантакты з СВБ.

Летам–восенню 1947 года супрацоўнікі МГБ БССР арыштавалі ўсіх удзельнікаў “Чайкі”. У кастрычніку–лістападзе 1947 года Ваенныя трыбуналы войскаў МУС Баранавіцкай вобласці і Беларускай акругі прысудзілі да розных тэрмінаў пазбаўлення волі членаў падпольнай арганізацыі, у тым ліку В. Супруна. У цяперашні час ні адзін з асуджаных не рэабілітаваны.

На першы погляд можа скласціся ўяўленне пра тое, што юнакі і дзяўчаты, якія апынуліся ў гады нямецка-фашысцкай акупацыі ў шэрагах СБМ, з прычыны свайго ўзросту і неакрэплай свядомасці не маглі прадстаўляць рэальную і патэнцыяльную пагрозу для савецкай улады. Аднак гэта было не зусім так. Сапраўды, некаторыя ўступілі ў СБМ пад пагрозай пераследаў з боку нацысцкіх акупацыйных уладаў іх саміх, а таксама сваіх родных і блізкіх. Іншыя ж апынуліся ў шэрагах маладзёжнай пранацысцкай арганізацыі свядома. Адпаведная ідэалагічная падрыхтоўка, атрыманая там, шмат у чым стала фактарам, які штурхнуў у пасляваенны перыяд многіх былых членаў СБМ у шэрагі антысавецкіх падпольных структур.

Ваенізаваны характар СБМ не адмаўляюць нават нацыяналістычна настроеныя даследчыкі і публіцысты. Беларуская моладзь у СБМ не толькі спявала, танцавала, вывучала “сапраўдную” беларускую гісторыю, але і вельмі актыўна займалася ваеннай падрыхтоўкай. Гэтая нацыянал-калабарацыянісцкая арганізацыя рыхтавала кадры для грамадзянскай акупацыйнай адміністрацыі і для дапаможных нацыяналістычных ваенных фарміраванняў. На акупаванай тэрыторыі Беларусі (мястэчкі Альберцін, Фларыянава), а таксама за яе межамі (лагер “Мальта”, Аўстрыя) паспяхова дзейнічалі адпаведныя спецыялізаваныя школы і курсы. Таму нядзіўна, што многія члены СБМ апынуліся пасля адпаведнага навучання практычна ва ўсіх беларускіх калабарацыянісцкіх фарміраваннях. І, як правіла, менавіта яны складалі найбольш свядомую, перакананую і падрыхтаваную частку асабовага складу гэтых фарміраванняў.

Гэта быў вынік прадуманай нацысцкай маладзёжнай палітыкі на акупаваных тэрыторыях. Нацысты ў свой час прыклалі нямала намаганняў, каб прыцягнуць на свой бок германскую моладзь. Таму, лічачы працу з маладым пакаленнем жыхароў акупаваных тэрыторый, у тым ліку і Беларусі, адным з прыярытэтных напрамкаў сваёй палітыкі, акупацыйныя ўлады імкнуліся зрабіць савецкую моладзь лаяльнай да “новага нямецкага парадку” і максімальна выкарыстоўваць у сваіх мэтах.

Так і былы ўдзельнік СБМ Расціслаў Лапіцкі, хоць і не стаяў ля вытокаў арганізацыі антысавецкага беларускага падпольнага руху ў пазначаны перыяд, аднак апынуўся на чале адной з яго структур невыпадкова.

Нягледзячы на свой малады ўзрост, да моманту завяршэння Вялікай Айчыннай вайны ён паспеў пабываць у шэрагах СБМ, паўдзельнічаць у дзейнасці антысавецкай падпольнай “Віленскай патрыятычнай арганізацыі”, у якую яго прыцягнуў адзін са старэйшых братоў – Алег Лапіцкі. Пасля арышту большасці ўдзельнікаў арганізацыі 16-гадовы Расціслаў быў асуджаны на 3 гады зняволення як малалетні. Але ўжо ў 1945 годзе ў сувязі з перамогай над нацысцкай Германіяй ён быў датэрмінова вызвалены з турмы, вярнуўся ў Мядзельскі раён і нават працягнуў навучанне ў школе.

Атрымаўшы ад савецкай улады другі шанец пачаць новае мірнае жыццё, Лапіцкі ім не скарыстаўся. Магчыма, віной таму стала знаёмства і актыўныя зносіны ў Гомельскай турме, дзе ён адбываў пакаранне, з адным з “выпускнікоў” Дальвітцкай разведшколы Канстанцінам Шышэям. У 1944 годзе, пасля няўдалага дэсанту на тэрыторыю Беларусі ў складзе групы ўжо згаданага Вітушкі, Шышэя быў арыштаваны і заключаны ў турму. Дарэчы, ёсць інфармацыя аб тым, што і Алег Лапіцкі праходзіў навучанне ў Дальвітцы.

Падпольная група пад кіраўніцтвам Лапіцкага з ліку навучэнцаў старэйшых класаў сярэдняй школы ўзнікла вясной 1948 года, калі ўжо была спынена дзейнасць некалькіх падобных ёй антысавецкіх арганізацый (СВБ, “Чайка”). У 1949 годзе, пераехаўшы на жыхарства ў Смаргонь, ён арганізаваў падпольную групу ў Смаргонскай сярэдняй школе. Асноўнай задачай арганізацыі ставілася правядзенне антысавецкай агітацыі сярод мясцовага насельніцтва. Меркаваліся таксама тэракты ў дачыненні да савецка-партыйнага актыву і здзяйсненне дыверсій. Як і ў выпадку з “Чайкай”, абмяркоўваліся варыянты дзеянняў падпольнай арганізацыі ў выпадку магчымай вайны заходніх краін з Савецкім Саюзам.

У снежні 1948 года ўдзельнікі падпольнай Мядзельскай групы на пішучай машынцы размножылі, а затым расклеілі ў населеных пунктах Мядзельшчыны 20 экзэмпляраў антысавецкай улёткі, тэкст якой утрымліваў заклік да ўзброенай барацьбы з савецкай уладай.

У студзені 1949 года па заданні Лапіцкага члены Мядзельскай падпольнай групы выкралі з ваеннага кабінета сярэдняй школы 2 вінтоўкі. У кастрычніку 1949 года Лапіцкі сумесна з удзельнікамі Смаргонскай падпольнай групы выкралі пішучую машынку з гарадскога дома культуры, а ў снежні 1949 года аддрукавалі і расклеілі ў Смаргоні і найбліжэйшых вёсках больш за тысячу ўлётак экстрэмісцкага зместу:

“Смерць вырадкам роду чалавечага!

Партызаны!

Падпольшчыкі!

Стойце на абароне сваёй справы! Захоўвайце ў сабе святую нянавісць да камунізму, які нявечыць і разбэшчвае чалавецтва. Біце сталінскіх шакалаў!

Моладзь!

Не губляй сумлення, змагайся супраць тых, хто слепа верыць у падман камунізму, узначаленага хрыстапрадаўцамі - Юдамі. Яны хочуць усіх нас распластаць на пяціканцовай звяздзе.

Да зброі! Не бойцеся ахвяраў і пакут!

Наперад да светлай будучыні!

Вашыя браты”.

У студзені 1950 года Лапіцкі і іншыя ўдзельнікі Мядзельскай і Смаргонскай падпольных груп былі арыштаваныя. У ліпені 1950 года Ваенны трыбунал Беларускай Ваеннай акругі прысудзіў Лапіцкага да найвышэйшай меры пакарання, астатнія ўдзельнікі падпольных груп атрымалі розныя тэрміны турэмнага зняволення. Вызначэннем судовай калегіі па крымінальных справах Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь у чэрвені 1992 года ў рэабілітацыі Р. Лапіцкага адмоўлена.

Ці належыць Лапіцкаму экстрэмісцкае выслоўе, надрукаванае на сучасным плакаце ў руках удзельніка несанкцыянаванай акцыі, хутчэй, пытанне рытарычнае. Дакументальна гэта не пацверджана. Пра тое, што падобную фразу нібыта часта ўжываў Лапіцкі, вядома выключна са слоў адной з былых вучаніц школы ў вёсцы Кабыльнік Мядзельскага раёна.

Пераканаць у зваротным асабліва палітызаваную аўдыторыю вельмі складана. Тым больш, што факт падобнага выказвання зафіксаваны ў шэрагу публікацый і паведамленняў СМІ пра Лапіцкага, якія выйшлі ў свет у 2000-я гады.

У верасні 2008 года інтэрнэт-рэсурс “Радыё Свабода” размясціў матэрыял “Расьціслаў Лапіцкі – герой будучай Беларусі” (www.svaboda.org/a/1195792.html). Публікацыя выйшла да 80-годдзя з дня яго нараджэння.

Разважаючы аб крылатай фразе Лапіцкага, самы вядомы даследчык мядзельска-смаргонскага падполля гісторык Міхась Чарняўскі адзначыў, што “маскаль” – зборнае паняцце ў выказванні. Гэтым словам магло пазначацца ўсё тое, што ішло з усходу, з усходняй Беларусі і Расіі, што несла ў Заходнюю Беларусь камунізм. На думку М. Чарняўскага, Лапіцкі як сын праваслаўнага святара не мог мець антырасейскія перакананні. Акрамя таго, ён добра ведаў рускую мову і нават пісаў на ёй вершы.

Асобна М. Чарняўскі адзначыў, што ў адрозненне ад “Чайкі” арганізацыя Лапіцкага не была відавочна прабеларускай. На першым месцы стаяў не нацыянальны, а антыкамуністычны і антысталінісцкі фактары.

Верагодна, прадстаўнік “Маладога фронту”, які трымаў у руках плакат з выслоўем і партрэтам Лапіцкага, знаёмы з падобнымі публікацыямі і выкладзенымі ў іх падыходамі. Шкада, што ў прыведзеных развагах пра лідара мядзельска-смаргонскай падпольнай групы не прагучала ні слова аб прыналежнасці Лапіцкага да нацыянал-калабарацыянісцкага руху ў гады вайны.

На наш погляд, прыведзены тэрмін “маскаль” з’яўляецца следствам менавіта “забытага” мінулага. Гэтым словам, калі яно гучала, пазначалася сапраўды тое, што ішло з Усходу. Але не Камуністычная пагроза беларускаму народу, а антынацысцкая пагроза беларускім нацыянал-калабарацыяністам, да якіх фактычна свядома прылічаў сябе і Лапіцкі. Аднак яго шлях у антысавецкі рух у пасляваенны перыяд, у адрозненне ад іншых, не быў наканаваны сітуацыяй асуджанасці або адсутнасці выбару. Савецкая ўлада дала яму выбар, але ён ім не скарыстаўся.

У наступным годзе напэўна знойдуцца паслядоўнікі Лапіцкага, якія будуць святкаваць 28 кастрычніка 2020 года 70-годдзе з дня яго гібелі. Паспрабуюць у чарговы раз увекавечыць месца меркаванага расстрэлу Лапіцкага. Магчыма, размесцяць там таблічку з выслоўем пра “маскалёў”.

Дазволю сабе падзяліцца суб’ектыўнай высновай аб тым, што арышт Лапіцкага і ўдзельнікаў яго падпольнай арганізацыі не дазволіў ім рэалізаваць на практыцы праграмныя ўстаноўкі, якія прадугледжвалі ў тым ліку тэрор у дачыненні да не толькі прадстаўнікоў савецкай улады, у першую чаргу беларусаў. Дзеянні ўдзельнікаў падпольнай арганізацыі звяліся б да адкрытага бандытызму і страцілі сваё ідэалагічнае абгрунтаванне.

Такая выснова вынікае з аналогіі з дзеяннямі іншых антысавецкіх беларускіх падпольных груп і нават тэрарыстаў-адзіночак, якія дзейнічалі практычна ў той жа час на тэрыторыі рэспублікі. Адны з іх не здолелі пасля растлумачыць свае ўчынкі, бо былі фізічна ліквідаваныя пры аказанні ўзброенага супраціву. Іншыя апраўдвалі сябе падчас следства тым, што здзяйснялі забойствы выключна для самаабароны.

У маі 1949 года пры аказанні ўзброенага супраціву супрацоўнікі МГБ БССР арыштавалі былога ўдзельніка БНС Івана Раманчука, які знаходзіўся на нелегальным становішчы з верасня 1944 года. Падчас судовага паседжання Раманчук заявіў: “...я знаходзіўся на нелегальным становішчы, хаваючыся ў лясах Нясвіжскага раёна і ў знаёмых сваякоў. Першым часам я быў адзін, але потым да мяне далучыліся яшчэ некалькі чалавек... Намі былі здзейснены шматлікія забойствы, якія адбываліся намі з мэтай абароны...”.

У маі 1947 года да Раманчука далучыўся Мікалай Дэмух, а вясной 1948 года – былы ўдзельнік БКА Браніслаў Бука. На працягу 1947–1949 гадоў Раманчук і ўдзельнікі яго бандгрупы здзейснілі шэраг тэрарыстычных актаў. Так, у чэрвені 1947 года Раманчук і Дэмух забілі старшыню Квачаўскага сельсавета і памочніка ўпаўнаважанага Міністэрства нарыхтовак СССР па Нясвіжскім раёне. У верасні 1947 года Раманчук здзейсніў тэракты над супрацоўнікам Нясвіжскага РА МДБ і байцом знішчальнай групы. У кастрычніку 1947 года Раманчук разам з Дэмухам забілі сакратара Квачаўскага сельсавета. У студзені 1948 года ў вёсцы Баяры Раманчук жорстка расправіўся са старэйшым упаўнаважаным Нясвіжскага РА МДБ. У студзені 1949 года сумесна з Букам Раманчук забіў дэпутата сельсавета ў вёсцы Залюбічы.

У маі 1949 года супрацоўнікі МГБ БССР затрымалі і арыштавалі тэрарыстаў. У лістападзе 1949 года Ваенны трыбунал войскаў МУС Беларускай акругі асудзіў І. Раманчука, Н. Дэмуха і Б. Буку на 25 гадоў зняволення кожнага. У цяперашні час ніхто з іх не рэабілітаваны.

У студзені 1955 года падчас правядзення вышуковых мерапрыемстваў у вёсцы Карповічы Дунілавіцкага раёна Маладзечанскай вобласці пры аказанні ўзброенага супраціву супрацоўнікі аператыўнай групы забілі невядомага ўзброенага мужчыну.

Падчас далейшых аператыўных дзеянняў было ўстаноўлена, што забіты – член СБМ Яўген Жыхар, які ў 1944 годзе скончыў Дальвітцкую разведвальна-дыверсійную школу Абвера. Па вяртанні з-за мяжы да месца жыхарства ў 1946 годзе Жыхар перайшоў на нелегальнае становішча, а пасля арганізаваў і ўзначаліў бандгрупу.

У ліпені 1947 года Жыхар браў удзел ва ўчыненні тэракту ў вёсцы Гліншчына Дунілавіцкага раёна над супрацоўнікам Глыбоцкага РА МУС. Летам 1948 года банда Жыхара ў вёсцы Рудзевічы Пастаўскага раёна забіла агента Упаўміннара і двух работнікаў лясніцтва. У жніўні 1949 года Жыхар асабіста ўдзельнічаў у здзяйсненні тэракту над старшынёй Старадворскага сельсавета і яго жонкай у вёсцы Шанкаўшчына Дунілавіцкага раёна. Усяго Жыхар і ўзначаленая ім бандгрупа здзейснілі 23 тэрарыстычныя акты.

Такім чынам, ідэйнай і палітычнай асновай антысавецкіх беларускіх падпольных структур, якія дзейнічалі ў другой палове 1940-х–пачатку 1950-х гадоў, сталі нацыянал-калабарацыянісцкія партыі, арганізацыі і ўзброеныя фарміраванні, створаныя германскімі акупацыйнымі ўладамі. Асаблівае месца сярод іх занялі маладзёжныя пранацысцкія фарміраванні.

Антысавецкія беларускія падпольныя структуры ў разгляданы перыяд не толькі дэкларавалі ў сваіх праграмна-статутных дакументах тэрор як адзін са сродкаў дасягнення палітычных мэт, але і актыўна ажыццяўлялі тэрарыстычную дзейнасць. Прычым аб’ектамі тэрору ў сваёй большасці выступалі не толькі прадстаўнікі сілавога блоку (войска, органы бяспекі), здольныя даць адэкватны адпор экстрэмістам. Большасць ахвяр антысавецкіх беларускіх падпольных структур – мірныя беларускія жыхары, абарона правоў якіх уласна і дэкларавалася асноўнай мэтай дзейнасці антысавецкага падполля.

На жаль, гістарычныя ўрокі ўлічаны не ўсімі, і сёння многія з названых вышэй падпольных арганізацый і іх кіраўнікоў падымаюцца на шчыт асобнымі лідарамі палітызаваных беларускіх структур. Прадпрымаецца спроба гераізацыі, па сутнасці, бясслаўнага мінулага і выдуманых герояў.

У адрозненне ад сваіх ахвяр удзельнікі антысавецкага падполля атрымалі магчымасць пазбегнуць смерці. У дачыненні да кожнага з іх былі вынесены прысуды ў адпаведнасці з заканадаўствам Беларускай ССР таго часу, прычым у большасці выпадкаў яны не прадугледжвалі найвышэйшую меру пакарання. Больш за тое, у сучасны перыяд незалежнай і суверэннай Рэспублікі Беларусь крымінальныя справы ў дачыненні да ўсіх асуджаных удзельнікаў антысавецкіх падпольных структур былі перагледжаныя. Аднак у пераважнай большасці выпадкаў падстаў для рэабілітацыі не знайшлося. Падмяніць жа юрыдычную, а, такім чынам, і гістарычную рэабілітацыю палітычным апраўданнем не атрымаецца.

У заключэнне хацелася б адзначыць, што герояў дня сённяшняга неабходна шукаць сярод тых, хто зрабіў свой цяжкі выбар барацьбы з нацызмам, а не лёгкі шлях калабарацыі з ім. Пайсці за моцным ворагам нескладана, складана свядома ўстаць на шлях барацьбы з ім. Большасць беларусаў у свой час выбрала менавіта складаны варыянт, тым самым захаваўшы сябе як народ і нацыю.

Што тычыцца гераізацыі падзей і персаналій мінулага, беларускае грамадства, на шчасце, кансерватыўна. Нарвежцы здолелі аддзяліць літаратурную творчасць Кнута Гамсуна ад яго ўдзелу ў калабарацыі з нацыстамі падчас акупацыі іх краіны. Наша грамадства не гатова аддзяляць у біяграфіях вядомых беларускіх калабарацыяністаў іх “творчы” ці іншы прывабны для сучаснага разумення складнік ад цёмных старонак дапамагання нацызму. І гэта выдатна.

Павінны быць “чырвоныя лініі”, за якія катэгарычна нельга пераходзіць. У выпадку з Лапіцкім і іншымі ўдзельнікамі нацыянал-калабарацыянісцкага, а пасля антысавецкага падпольнага руху, такімі лініямі з’яўляюцца “нацызм/фашызм” і “тэрарызм/экстрэмізм”. Нацызм асуджаны сусветнай супольнасцю падчас Нюрнбергскага ваеннага трыбуналу над ваеннымі злачынцамі. Тэрарызм сёння ацэньваецца як адна з асноўных пагроз бяспецы на планеце. Той, хто пераходзіць за пазначаныя “чырвоныя лініі”, не можа быць “героем нацыянальна-вызваленчага руху Беларусі”. Як мінімум.