Аб цэнавай сітуацыі на спажывецкім рынку: ці чакаць росту цэн?
Пасля запавольвання інфляцыі ў Беларусі на працягу паўгода і гістарычна мінімальнага яе значэння за ўсю гісторыю назіранняў у верасні 2023 года гадавы прырост спажывецкіх цэн у кастрычніку паскорыўся, і такая дынаміка можа захавацца да канца года. Тым не менш, з улікам створанага раней задзелу і прымаемых мер для падтрымкі цэнавай стабільнасці ў краіне, ёсць усе прадпасылкі меркаваць, што інфляцыя па выніках года не перавысіць сваіх прагнозных значэнняў у 7-8%.
У кастрычніку 2023 года гадавы прырост спажывецкіх цэн склаўся на ўзроўні 3,7 працэнта. Адносна верасня спажывецкія цэны ў кастрычніку ўзраслі на 0,6 працэнта. Па дадзеных Белстата, харчовыя тавары за месяц падаражэлі на 1,2 %, нехарчовыя – на 0,4%, паслугі сталі танней на 0,1%.
За 10 месяцаў 2023 года прырост цэн склаў 4,3%, або 0,43% у сярэднім за месяц. (Даведачна: у студзені - кастрычніку 2022 года інфляцыя была 13,6%) цэны на харчовыя тавары павялічыліся на 4,1%, нехарчовыя – на 2,4%, тарыфы на паслугі – на 7%.
Значны ўклад у дынаміку спажывецкіх цэн да адпаведнага месяца папярэднягя года чакаема ўнеслі цэны на плодаагароднінную прадукцыю, тэмпы росту якіх паскорыліся (13,7% да кастрычіка 2022 года супраць росту на 7,8% у верасні 2023 года да верасня 2022 года) у сувязі з фактарам сезоннасці.
Уклад харчовых тавараў у інфляцыю склаў 1,8 п.п., нехарчовых - (-0,1) п.п., цэн і тарыфаў на паслугі – 1,9 п.п. Цэнавая сітуацыя, якая склалася, абумоўлена цалкам аб’ектыўнымі прычынамі – планавым павелічэннем акцызаў на табачныя вырабы (у сувязі з неабходнасцю выканання міжнародных абавязацельстваў у частцы акцызнай палітыкі); пераносам на цэны павышаных раней для ліквідацыі цэнавых дыспрапорцый тарыфаў на паслугі ЖКГ; курсавымі ваганнямі, якія адлюстраваліся на цане шэрагу імпартуемых тавараў і тарыфах на міжнародныя перавозкі. Некаторы ўклад у паскарэнне інфляцыі ўнесла таксама статыстычная база мінулага года.
Трэба адзначыць, што некаторае павелічэнне штомесячных тэмпаў росту цэн у кастрычніку-снежні 2023 года прагназавалі і прадстаўнікі дзяржаўнага эканамічнага блока, і шэраг беларускіх і міжнародных аналітыкаў. Сярод прычын – выхад з разліку нізкіх паказчыкаў кастрычніка 2022 года, павышаная выдаткаёмістасць вытворчасці айчынных тавараў і паслуг пры недастатковай прадукцыйнасці фактараў вытворчасці, некантралюемае пашырэнне спажывецкага попыту, абумоўленае ростам заработных плат і мяккай манетарнай палітыкай, а таксама высокія інфляцыйныя чаканні насельніцтва і бізнеса.