Дата публікацыі

Для комплекснай палітыкі імпартазамяшчэння неабходна абапірацца на вынікі эканамічнага мадэліравання

Імпартазамяшчэнне сёння не столькі з’яўляецца эканамічнай велічынёй, колькі стратэгічнай. Пагэтаму прынцыпова важна абазначыць прыярытэты і накірункі, у якіх перш за ўсё неабходна за кошт асваення ўласнай вытворчасці забяспечыць эканамічную і нацыянальную бяспеку. Але неабходна адначасова ацэньваць і магчымасці замяшчэння той ці іншай прадукцыі, аб’ектыўна разглядаць усе рызыкі, бо далёка не заўсёды ўдаецца забяспечыць поўны вытворчы цыкл за кошт нацыянальных рэсурсаў і нават магчымасцей дружалюбных краін. У гэтым разрэзе прынцыпова важна выпрацоўваць навуковыя падыходы для эфектыўных працэсаў імпартанезалежнасці.

Пры выпрацоўцы комплекснай палітыкі імпартазамяшчэння трэба абапірацца ў тым ліку і на вынікі эканамічнага мадэліравання. Матэматычныя мадэлі ацэнкі неабходнасці і эфектыўнасці імпартазамяшчэння будуюцца на аснове розных эканамічных пераменных і прынцыпаў і з’яўляюцца ў шэрагу выпадкаў складанымі і шматфактарнымі. Сярод найбольш распаўсюджаных мадэляў вылучаюць мадэлі «Выдаткі – Выпуск» і дынамічныя стахастычныя мадэлі агульнай раўнавагі (DSGE).

Мадэлі «Выдаткі – Выпуск» з’яўляюцца значнымі для аналізу і ацэнкі імпартазамяшчэння, паколькі часта недастаткова абапірацца на макраэканамічныя паказчыкі, адлюстраваныя ў сістэме нацыянальных рахункаў. У прыватнасці, валавы экспарт не ўлічвае памеры прамежкавага спажывання тавараў і паслуг, якія прыходзяцца на адзінку экспартнай выручкі. Калі ўзяць чысты экспарт як розніцу між экспартам і імпартам прадуктаў пэўнай галіны, разлік паказчыка таксама не ўлічвае міжгаліновыя ўзаемасувязі. Гэта не дазваляе ўвязаць экспарт з прамежкавым спажываннем імпартных прадуктаў іншых галін. У гэтым выпадку на аснове разгледжаных паказчыкаў будзе скажацца ацэнка ўкладу экспарту ў УВП, паколькі галіны маюць розныя параметры долі прамежкавага імпарту ў валавым выпуску.

Акрамя таго, мэтазгодна выкарыстанне міжнародных баз дадзеных «Выдаткі – Выпуск» у межах Саюзнай дзяржавы ў мэтах ацэнкі інтэграцыйных эфектаў, а таксама разгляд сістэмы паказчыкаў, разлічаных на іх аснове, напрыклад, галіновых паказчыкаў імпартаёмістасці.

У апошняе дзесяцігоддзе вялікія змены ў эмпірычную практыку макраэканамічных даследаванняў прыўнеслі DSGE. У прыватнасці, адбыўся якасны зрух ад прымянення вектарных аўтарэгрэсійных мадэляў (VAR) да масавага выкарыстання DSGE. Дадзеныя мадэлі шырока задзейнічаюцца сучаснымі цэнтральнымі банкамі пры выпрацоўцы эканамічнай палітыкі. Спецыфікацыя функцый карыснасці агентаў дазваляе вывучаць эфекты розных тыпаў макраэканамічных умяшанняў і макраэканамічнай палітыкі на дабрабыт агентаў, што немагчыма зрабіць у VAR-мадэлях. DSGE з’яўляюцца больш складанымі, чым мадэлі «Выдаткі – Выпуск», але пры гэтым могуць улічваць мноства пераменных і фактараў, якія ўздзейнічаюць на імпартазамяшчэнне.