Санкцыянаваны амерыканскім прэзідэнтам Д. Трампам ракетны ўдар беспілотнікаў ВПС ЗША па картэжы машын, у якім знаходзіліся камандуючы спецпадраздзяленнем “Кудс” Корпуса вартавых Ісламскай рэвалюцыі Іранскі генерал Касем Сулеймані і намеснік кіраўніка шыіцкага апалчэння Ірака Махдзі аль-Мухандзіс, падарваў сусветную медыясферу і стаў сапраўдным геапалітычным землятрусам на Блізкім Усходзе.
За дзень да спецаперацыі Пентагона міністр абароны ЗША Марк Эспер заяўляў пра магчымасць удару Вашынгтона па Іране перад яго новымі нападамі на амерыканскія інтарэсы на Блізкім Усходзе, а Дзяржсакратар ЗША Майк Пампеа заручыўся падтрымкай Ізраіля, Саудаўскай Аравіі і Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў, экстранна адмяніўшы запланаваныя на 4-7 студзеня 2019 г.візіты ў Беларусь, Украіну, Казахстан, Узбекістан і Кіпр.
Тым не менш, расстрэл на выездзе з аэрапорта іракскай сталіцы г. Багдада знакавага іранскага палітыка, аднаго з сімвалаў перамогі над тэрарыстычнай “Ісламскай дзяржавай” і стратэга, які стаяў за многімі дасягненнямі Тэгерана на Блізкім Усходзе, стаў нечаканасцю практычна для ўсіх.
Падзеі, якія адбыліся, маюць шэраг далёка ідучых наступстваў.
Старанна спланаваная Пентагонам сілавая ліквідацыя афіцыйнага прадстаўніка Ірана, які ўжо перажыў некалькі замахаў, у чарговы раз ставіць пад пытанне эфектыўнасць сістэмы міжнароднага права і адкладае разрадку ў блізкаўсходнім рэгіёне на няпэўны час.
Гібель фактычна другога чалавека па аўтарытэце ў кіраўніцтве Ірана, які адказваў за тайныя аперацыі гэтай краіны за мяжой, стала небяспечным вітком у развіцці амерыкана-іранскага канфлікту апошніх некалькіх гадоў, зрушыўшы кропку мірнага вырашэння рознагалоссяў паміж краінамі на няпэўную будучыню. Абодва бакі кажуць пра гатоўнасць абараняць сваіх грамадзян любой цаной. Сітуацыя, якая склалася, непазбежна павышае градус супрацьстаяння на Блізкім Усходзе.
Становішчам ужо скарысталіся ў палітычных мэтах шыіцкія партыі Ірака, вынесшы на галасаванне парламента пытанне аб мэтазгоднасці знаходжання амерыканскіх вайскоўцаў у краіне. Іракскія ўлады не могуць пакінуць без увагі запыт вуліцы на больш жорсткі курс у дачыненні да Вашынгтона пасля ракетнага абстрэлу ЗША тэрыторый у непасрэднай блізкасці ад міжнароднага багдадскага аэрапорта.
На ўнутрыпалітычнай кухні ЗША забойства К. Сулеймані стала падставай для рознага роду палітычных спекуляцый. У той час як Д. Трамп назваў іранскага генерала “адказным за гібель мільёнаў людзей”, многія кангрэсмены абурыліся, што рашэнне аб ракетным удары была прынята без іх ведама.
Прыкрываючыся дэкларацыямі аб прыхільнасці да дээскалацыі, Вашынгтон адначасова працягвае перакідваць у рэгіён вайсковы кантынгент (да 4 тыс.салдат).
У сваю чаргу, многія сусветныя СМІ падхапілі драматычны парадак. Амерыканскія медыя супрацьпаставілі цяперашнюю аперацыю ў міжнародным аэрапорце Багдада дзеянням амерыканскіх спецслужб, дыпламатаў і вайскоўцаў, якія дапусцілі напад 11 верасня 2012 г. на дыпламатычнае прадстаўніцтва ЗША ў лівійскім Бенгазі, у выніку якога загінуў пасол ЗША Крыс Стывенс. Паводле звестак арабскіх інфармацыйных агенцтваў, “у Іраку марскія пяхотнікі ЗША пачалі арышты праіранскіх лідараў”.
Інфармуючы пра “пачатак на Блізкім Усходзе новай вайны”, журналісты спасылаюцца на ўзмацненне ваганняў індэксаў Уол-стрыт і рост нафтавых катыровак (на 3-4%).
Ракетны ўдар абвастрыў і без таго напружаную трохбаковую сітуацыю паміж ЗША і асноўнымі вытворцамі нафты Іранам і Іракам. На поўдні Ірака разгарнулася эвакуацыя амерыканскіх супрацоўнікаў нафтавых кампаній і іншых спецыялістаў, а некаторыя амерыканскія сенатары заклікаюць не спыняцца на дасягнутым і працягнуць барацьбу з Іранам, знішчаючы яго нафтаперапрацоўчыя заводы.
Усё гэта не дадае спрыяльных перспектыў дзяржавам-сябрам АПЕК, доля якіх у сусветнай нафтаздабычы працягвае бесперапынна зніжацца на карысць ЗША (там гэты паказчык складае 17,8% з перспектывай росту).
У самім Іране пасля таго, як вярхоўны лідар краіны аятала Алі Хаменеі заклікаў жорстка адпомсціць за смерць народнага героя і пакутніка, можна з упэўненасцю казаць аб немінучым зніжэнні ўплыву ўмераных палітыкаў.
Нягледзячы на тое, што К. Сулеймані быў сцягам Ісламскай рэспублікі і тварам знешнепалітычных амбіцый Ірана, рэгіянальная стратэгія Тэгерана на ім не канчаецца. Пераемнік К. Сулеймані генерал Ісмаіл Каані ўжо заявіў, што задачы падраздзялення не зменяцца і яно працягне ўмацоўваць іранскую дугу ўплыву ад Аманскага заліва праз Ірак, Сірыю і Ліван да заходніх берагоў Міжземнага мора.
Акрамя таго, эскалацыя канфлікту Вашынгтона і Тэгерана можа выклікаць некантраляваную хаатычную рэакцыю з боку шматлікіх шыіцкіх груповак, якія здольны спрабаваць самастойна рэалізаваць планы помсты ЗША. Мішэнямі для ўдараў могуць выступаць аб’екты вайсковай або энергетычнай інфраструктуры геапалітычных сапернікаў Ірана.
Такім чынам, 2020 год будзе вельмі складаным для Блізкага Усходу, дзе разгорнуцца некалькі адначасовых апасродкаваных канфліктаў, будуць стварацца і распадацца кааліцыі, працягнецца хваля масавых пратэстаў.
Вашынгтон не спыніць спробы скараціць Іранскі ўплыў у Іраку і іншых блізкаўсходніх дзяржавах. Гэта можа прывесці да эскалацыі гарачых кропак рэгіёну і яшчэ больш падарваць яго эканамічную і палітычную ўстойлівасць.
Падзеі ў раёне багдадскага міжнароднага аэрапорта прадэманстравалі, што свет усё больш скочваецца да адстойвання глабальнымі ігракамі сваіх інтарэсаў грамадска небяспечнымі спосабамі.