Дата публикации

Алег Макараў распавёў, чым займаецца Беларускі інстытут стратэгічных даследаванняў

У кулуарах Мінскага дыялогу карэспандэнт “Нашай Нівы” пагаварыў з дырэктарам Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў Алегам Макаравым.

Мы спыталі Макарава, чым канкрэтна займаецца БІСД і якія ў яго поспехі.

Олег Макаров

“Мы працуем вельмі плённа, за паўгода дасягнулі шмат, вывучаем пытанні ўнутранай і знешняй палітыкі. Цяпер у нас перыяд станаўлення, усталёўваем кантакты з замежнымі партнёрамі: пабывалі ва Узбекістане, ЗША, Украіне, у шэрагу іншых краін. Знаёмімся з тамтэйшымі фабрыкамі думак, каб разумець іх стратэгіі і дзяліцца сваім разуменнем”, — сказаў Макараў і дадаў, што склад супрацоўнікаў амаль сфарміравалі.

“Мы праводзім глыбокую аналітыку, а вынікі даследаванняў прадстаўляем і кіраўніку дзяржавы, і ў Адміністрацыю прэзідэнта, і іншым ведамствам і міністэрствам. Вось, удзельнічаем у публічных мерапрыемствах, у нас практычна гатовы сайт і неўзабаве пачнём даносіць сваю пазіцыю і ў СМІ, усе ўбачаць нашу працу і яе вынікі”, – дадаў ён.

Мы звярнулі ўвагу на тое, што ў каментарах на “Нашай Ніве” БІСД моцна крытыкуюць за тое, што туды ў якасці запрошаных спецыялістаў прыцягваюць толькі супрацоўнікаў дзяржаўных каналаў.

“А колькі супрацоўнікаў Tut.by, НН або Онлайнер вы запрасілі для кансультацый у БІСД?” – спыталі мы.

“Памятаю, што з Tut.by казалі, абмяняліся візітоўкамі, але на гэтым справа скончылася і далей не пайшла, дэталяў не памятаю. Мы адкрытыя”, – адказаў Макараў.