Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 22 чэрвеня правёў нараду з кіраўніцтвам Савета Міністраў. Кіраўнік дзяржавы сустракаецца з пэўнай перыядычнасцю з урадам, каб абмеркаваць работу эканомікі. На гэты раз да размовы запрасілі старшынь аблвыканкамаў, бо менавіта на іх ускладаецца адказнасць за дынамічнае развіццё рэгіёнаў.
Па выніках пяці месяцаў, якія абнародаваў Белстат, у Віцебскай вобласці адзначаецца пазітыўная дынаміка па асноўных паказчыках сацыяльна-эканамічнага развіцця. Кіраўнік Віцебскага аддзялення Беларускага інстытута страэгічных даследаванняў (БІСД) Андрэй Мішын спецыяльна для «Віцьбічаў» пракаментаваў ключавыя дадзеныя, якія пацвярджаюць гэта.
- Трэба адзначыць, што эфект дасягнуты за кошт паступальнага аднаўлення і росту ў новых эканамічных умовах – санкцыйных абмежаванняў, змены лагістычных ланцужкоў. Валавы рэгіянальны прадукт (ВРП) вобласці ў бягучых цэнах перавысіў 6,5 мільярда рублёў. За кошт станоўчага прыросту па факту сакавіка-мая тэмп росту ў супаставімых цэнах з пачатку года склаў 101,3 працэнта.
- У апошні час інвестыцыі сталі адной з асноўных эканамічных тэм, а што гаворыць з гэтай нагоды статыстыка?
- Па Віцебскай вобласці аднаўленчая дынаміка па інвестыцыях назіраецца не першы месяц. Па выніках студзеня-мая вобласць прырасла на 2,7 працэнта ў супастаўляльных цэнах, а за «чысты» май на 23,4 працэнта. Адзначаецца аднаўленне дынамікі па асноўных кампанентах інвестыцый у асноўны капітал, уключаючы праблемную катэгорыю мінулага года (з прычыны санкцыйных абмежаванняў на дзелавыя кантакты з боку шэрагу недружалюбных краін) – выдаткі на набыццё машын і абсталявання.
Інвестыцыі — гэта адзін з ключавых паказчыкаў, які вызначае магчымасці і рэзервы развіцця краіны, прыцягнення тэхналогій, удасканалення эканомікі дзеючых прадпрыемстваў і стварэння новых канкурэнтаздольных і запатрабаваных вытворчасцяў. А ад гэтага залежыць агульны поспех і траекторыя развіцця краіны.
- Ці захоўваюцца станоўчыя тэндэнцыі ў гандлі?
- Віцебская вобласць устойліва «прырастае» па аб’ёмах і эфектыўнасці аптовага і знешняга гандлю таварамі з сярэдзіны 2022 года. Рэгіён зяўляецца абсалютным лідарам па тэмпах прыросту аптовага таваразвароту (за студзень – май павелічэнне ў 1,5 раза) і другім пасля горада Мінска па росту рознічнага таваразвароту (прырост на 3,8 працэнта).
Віцебшчына забяспечвае нарошчванне экспартных паставак тавараў (максімальны рост па рэспубліцы – у 2,2 разы) у спалучэнні са скарачэннем імпарту (на 24,5 працэнта), што спрыяльна адбіваецца на прытоку валюты (сальда вышэй за 800 мільёнаў даляраў). Знешнегандлёвы таваразварот за студзень – красавік перавысіў 3 мільёны даляраў, аб’ём экспарту наблізіўся да 2 мільярдаў. Гэта пацвярджае зацікаўленасць замежных партнёраў у пастаўках нашай прадукцыі.
- Якая сітуацыя ў рэальным сектары эканомікі ў такіх умовах?
- У рэгіёне адзначаецца рост вытворчасці прадукцыі апрацоўчай прамысловасці (на 4,2 працэнта), што дазволіла кампенсаваць скарачэнне ў вытворчасці электраэнергіі (у выніку пераразмеркавання нагрузкі на БелАЭС) і забяспечыць агульны прырост па прамысловасці ў 0,9 працэнта. Пры гэтым не было адзначана росту крытычных запасаў гатовай прадукцыі (узровень у 58,6 працэнта сярэднемесячнай вытворчасці адлюстроўвае спецыфіку сезонных ваганняў па шэрагу вытворчасцяў, у першую чаргу ў лёгкай прамысловасці). Аднаўляецца ўзровень вытворчасці інавацыйнай прадукцыі, у якім рэгіён традыцыйна выступаў адным з лідараў у рэспубліцы.
У сельскай гаспадарцы захоўваецца прырост вытворчасці прадукцыі — на 2,9 працэнта.У сельскагаспадарчых арганізацыях захоўваецца аднаўленчы трэнд – вырошчванне жывёлы і птушкі павялічана на 6,2 працэнта, вытворчасць малака – на 3,1 працэнта.
- А як ідуць справы з цэнамі на спажывецкім рынку?
- Найбольш значным і актуальным для насельніцтва выступае пытанне стану цэн. Індэкс цэн на тавары з пачатку года ўзрос на 2,9 працэнта, скараціўшыся за май на 0,4 працэнта. Асноўнымі прычынамі скарачэння цэн выступаюць змены па харчовых таварах, асбліва ў частцы сезонных ваганняў па групе «гародніна» (зніжэнне на 18,8 працэнта да ўзроўню красавіка).
На цяперашнi час гадавая інфляцыя ў рэгіёне не перавышае 5 працэнтаў, змяненні цэн кантралююцца.