Дата публикации

З сакавіка назіраецца рост: эксперты – пра развіццё эканомікі ў першым паўгоддзі

На пасяджэнні Савета Міністраў, якое адбылося ў аўторак, разгледжаны вынікі работы эканомікі за першае паўгоддзе. Адзначана, што яна выйшла на станоўчыя гадавыя тэмпы росту. Прыбавіў УВП, расце попыт на беларускую прадукцыю на знешніх рынках. Пры гэтым значна знізіўся ўзровень інфляцыі. Гэта садзейнічае рэальнаму росту заработнай платы і наяўных грашовых даходаў. За кошт чаго ўдалося дасягнуць такіх вынікаў – спыталі нашых экспертаў.

Перспективные точки роста и инвестпроекты: аналитик БИСИ — о развитии регионов
Фота з архіву «СБ».

Ірына ІВАНОСКАЯ, аналітык БІСД, кандыдат эканамічных навук:

- У пачатку года Кіраўніком дзяржавы была пастаўлена задача – выйсці на станоўчую траекторыю росту, зрабіўшы ўсё магчымае для адаптацыі эканомікі да беспрэцэдэнтнаму санкцыйнаму ціску. Ацэньваючы работу эканомікі ў першым паўгоддзі 2023 года, трэба адзначыць, што Урад з пастаўленай задачай справіўся. Своечасова прынятыя на дзяржаўным узроўні меры, добрая знешняя кан’юнктура і мяккая манетарная палітыка зрабілі сваю справу. Поспехі беларускай эканомікі відавочныя і бясспрэчныя – на 2 працэнты павялічыўся УВП, рост якога забяспечылі прамысловасць, будаўніцтва і гандаль.

Выраслі даходы насельніцтва. Рост рэальнай заработнай платы – 7,4 працэнта, працоўных пенсій – 12. Такая дынаміка была забяспечана дзякуючы нарошчванню аб’ёмаў вытврчасці і рэкордна нізкім тэмпам інфляцыі, гадавы ўзровень якой у чэрвені склаў 2,9 працэнта. Узровень беспрацоўя ў краіне ў адпаведнасці з метадалогіяй Міжнароднай арганізацыі працы таксама знаходзіцца на рэкордна нізкім узроўні.

Рост рэальных даходаў насельніцтва станоўча адбіўся на дынаміцы рознічнага таваразвароту, які вырас па выніках шасці месяцаў 2023-га на 4,6 працэнта. Станоўчы вынік паказаў і аптовы таваразварот – ён павялічыўся больш чым на 5 працэнтаў. Прыкметна паскорыўся рост інвестыцый. У гадавым выражэнні гэта 7,2 працэнта. У апрацоўчай прамысловасці, сельскай гаспадарцы, транспарце рэалізуюцца розныя інвестыцыйныя праекты, у тым ліку ў межах выканання даручэння Кіраўніка дзяржавы «Адзін раён – адзін праект». Яшчэ адзін станоўчы момант, звязаны з інвестыцыямі, - прадпрыемствы ў большай ступені фінансуюць набыццё машын і абсталявання, што з’яўляецца маркерам нацэленасці на развіццё вытворчасці, а не на «латанне дзірак». Таксама актыўна развіваецца транспартная і сацыяльная інфраструктура, ідзе будаўніцтва жылля ў адпаведнасці з дзяржаўнай і рэгіянальнымі інвестпраграмамі.

У першым паўгоддзі экспарт тавараў у коштавым выражэнні, насуперак санкцыям, павялічыўся на 12,4 працэнта к таму ж перыяду мінулага года. Гэта пацвярджае запатрабаванасць беларускай прадукцыі на рынках дружалюбных краін. Імпарт вырас на 22,6 працэнта – гэта ў першую чаргу пастаўкі інвестыцыйнага абсталявання, тэхнікі і камплектуючых.

Задача на другое паўгоддзе пастаўлена яшчэ больш амбіцыёзная – не толькі выканаць важнейшыя пераметры прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на бягучы год, але і справіцца з назіраемай турбулентнасцю на валютным рынку і не дапусціць перагрэву эканомікі, што, у прынцыпе, уяўляецца дасягальным.

Святлана ГОРВАЛЬ, член Пастаяннай камісіі па эканамічнай палітыцы Палаты прадстаўнікоў:

Па выніках першага паўгоддзя 2023-га з пяці ключавых параметраў прагнозу не выкананы толькі адзін – інвестыцыі ў асноўны капітал (107,2 працэнта пры заданні на першае паўгоддзе 108,1). Пры гэтым у цэлым па краіне адзначаецца станоўчая тэндэнцыя – павелічэнне тэмпа росту інвестыцый у параўнанні з вынікамі студзеня – сакавіка бягучага года склала 10 працэнтных пунктаў. Асноўнай прычынай недаатрымання інвестыцый, на мой погляд, з’яўляецца ў першую чаргу зніжэнне аб’ёмаў будаўніцтва жылля і інфраструктуры да яго. Не ўсе вобласці выканалі даведзеныя заданні па інвестыцыях у рэгіёнах.

Інвестыцыі з’яўляюцца асновай развіцця эканомікі, укаранення новых тэхналогій, павышэння прадукцыйнасці працы і ў канчатковым выніку якасці жыцця людзей. Пры гэтым, нягледзячы на цяжкасці з прыцягненнем інвестыцый у эканоміку нашай дзяржавы, звязаныя з бягучай сусветнай знешнепалітычнай і эканамічнай сітуацыяй, у рэспубліцы на сістэмнай аснове працягваецца работа па ўдасканаленні ўмоў ажыццяўлення прадпрымальніцкай дзейнасці, стварэнню камфортных умоў для прыцягнення інвестыцый у эканоміку.

Важным накірункам ва ўмовах скарачэння магчымасці прыцягнення замежных інвестыцый з’яўляецца выкарыстанне патэнцыялу ўнутраных інвестыцый.

У бліжэйшы час ў Палату прадстаўнікоў Урадам будзе ўнесены праект закона Рэспублікі Беларусь, які прадугледжвае маштабную карэкціроўку заканадаўства ў сферы інвестыцый. Новаўвядзенні, якія прапануюцца законапраектам, накіраваны на стврэнне і актуалізацыю ўмоў для рэалізацыі буйнамаштабных інвестпраектаў, якія маюць важнае значэнне для Рэспублікі Беларусь, абнаўленне інстытута інвестыцыйных дагавораў. У цэлым прыняцце праекта закона дазволіць пашырыць магчымасці па інвеставанні ў эканоміку краіны, будзе садзейнічаць павышэнню інвестпрывабнасці Рэспублікі Беларусь, у тым ліку шляхам стварэння дадатковых умоў для абароны правоў і маёмасных інтарэсаў інвестараў. Не трэба забываць, што паляпшэнне інвестыцыйнага клімата ў краіне і прыцягненне інвестыцый з’яўляецца адным з ключавых прыярытэтаў сацыяльна-эканамічнага развіцця нашай дзяржавы.