Падчас працяглага экспертнага дыялогу Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў з замежнымі партнёрамі на пляцоўцы БІСД прайшоў круглы стол у фармаце відэаканферэнцыі на тэму “Перспектывы сацыяльна-эканамічнага і грамадска-палітычнага развіцця Рэспублікі Беларусь: міжнароднае вымярэнне”.
У мерапрыемстве з беларускага боку прынялі ўдзел прадстаўнікі БІСД, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь VI склікання Павел Ждановіч, саветнік Пасольства Рэспублікі Беларусь у Кітайскай Народнай Рэспубліцы Раман Сокал. Замежнымі ўдзельнікамі экспертнага круглага стала выступілі Генеральны дырэктар Цэнтра кітайскіх даследаванняў “China Center” Адыль Каўкенаў і прафесар Народнага ўніверсітэта Кітая Ван Сяньцзюй.
Удзельнікі відэаканферэнцыі абмеркавалі ключавыя выклікі суверэнітэту і незалежнасці Рэспублікі Беларусь ва ўмовах абвастрэння міжнароднага становішча ў еўразійскім рэгіёне, наступствы ўнутрыпалітычных падзей у Беларусі для рэгіянальнай і міжнароднай бяспекі, а таксама перспектывы развіцця адносін Беларусі, Казахстана і Кітая.
Асаблівая ўвага была нададзена абмену экспертнымі меркаваннямі і ацэнкамі ўплыву бягучых падзей і міжнароднай абстаноўкі, якая складваецца ў Еўразіі, на двухбаковыя адносіны Беларусі з Казахстанам і Кітаем, а таксама іншымі знешнепалітычнымі партнёрамі, перспектывы гандлёва-эканамічнага, дзелавога і гуманітарнага супрацоўніцтва паміж нашымі дзяржавамі.