У пачатку года Кіраўніком дзяржавы была пастаўлена задача выйсці на станоўчую траекторыю росту, зрабіўшы ўсё магчымае для адаптацыі эканомікі да беспрэцэдэнтнага санкцыйнага ціску. Па задумцы аўтараў абмежавальных мер у адносінах нашай краіны, разрыў кааперацыйных ланцужкоў з еўрапейскімі партнёрамі павінен быў прывесці да спынення прадпрыемстваў. Але дальнабачнасць кіраўніцтва краіны дазволіла эканоміцы хутка адаптавацца да ўмоў , якія склаліся, і дыверсіфікаваць дзейнасць вытворцаў. Як вынік, прамысловасць дынамічна развіваецца, дабрабыт грамадзян расце, прагнозныя пареметры развіцця эканомікі выконваюцца. Пра гэта гаворыць і статыстыка. УВП за восем месяцаў 2023 года ўзрос на 3,1 працэнта. У зоне росту знаходзіцца больш за 80 працэнтаў галін. Галоўныя драйверы росту УВП – прамысловасць, будаўніцтва і гандаль. Усё гэта добры задзел для паспяховага развіцця краіны і ў наступным годзе. Прэзідэнт Беларусі прагназуе ў 2024 годзе выхад на дасанкцыйны ўзровень работы эканомікі. Пра гэта Кіраўнік дзяржавы сказаў, сустракаючыся на мінулым тыдні са сваім расійскім калегам Уладзімірам Пуціным. За кошт чаго атрымоўваецца развівацца і якія ёсць рэзервы?
Ацэньваючы работу беларускай эканомікі за восем месяцаў, трэба адзначыць, што ў рашэнні пастаўленай Кіраўніком дзяржавы задачы па выкананні важнейшых параметраў прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2023 год Урад упэўнена трымае зададзены ў першым паўгоддзі тэмп. За ліпень – жнівень тэмп росту беларускага УВП дадаў 1,1 працэнтнага пункта і склаў за студзень – жнівень 3,1 працэнта. Традыцыйна асноўны ўклад у рост эканомікі ўнеслі прамысловасць, будаўніцтва і гандаль.
У прамысловасці тэмпы росту паскорыліся да 107,9 працэнта. Гэта паказчык таго, што прадпрыемствы нашых ключавых галін змаглі адаптавацца да новых умоў работы і знайсці новыя рынкі збыту. Акрамя таго, рост прамысловасці носіць якасны характар – прыкметна павялічылася ўдзельная вага інавацыйнай прадукцыі ў яе агульным аб’ёме.
Працягвае паскарацца рост інвестыцый – у гадавым выражэнні ён склаў 110,4 працэнта. У краіне набірае абароты будаўніцтва жылля і аб’ектаў інфраструктуры, у адпаведнасці з даручэннем Кіраўніка дзяржавы «Адзін раён – адзін праект» у рэгіёнах рэалізуюцца інвестыцыйныя праекты па стварэнні новых прадпрыемстваў і вытворчасцей. Значна павялічыліся выдаткі на набыццё машын і абсталявання, што ўказвае на актыўную мадэрнізацыю вытворчага сектара.
Істотна падтрымаў эканоміку ўнутраны попыт – прырост рознічнага таваразвароту па выніках васьмі месяцаў склаў 6 працэнтаў, аптовага – 9 працэнтаў. Спажывецкая актыўнасць грамадзян падмацоўвалася ростам рэальных наяўных грашовых даходаў. У студзені – ліпені гэтага года яны павялічыліся на 4,5 працэнта адносна аналагічнага перыяду 2022 года пры росце заработных плат за ўказаны перыяд на 8,4 працэнта. Істотную падтрымку росту ўнутранага таваразвароту аказала амаль трохразовае запавольванне тэмпаў росту спажывецкіх цэн (105,6 працэнта за студзень – жнівень бягучага года ў параўнанні з 115, 5 працэнта за студзень – жнівень 2022-га)
Насуперак санкцыям устойлівы рост дэманструе знешні гандаль – 113,4 працэнта за студзень – ліпень 2023 года, у тым ліку экспарт – 106,4 працэнта. У структуры экспартнай карзіны павялічылася доля інвестыцыйных тавараў. Гэта ўказвае на тое, што мы менш сталі прадаваць сыравінных тавараў і больш гатовай прадукцыі з высокім дададзеным коштам. А беларускі імпарт сёння – гэта ў значнай ступені пастаўкі машын і абсталявання, тэхнікі і камплектуючых, якія патрэбны для рэалізацыі інвестыцыйных праектаў у рэгіёнах Беларусі.
Такім чынам, захаванне бягучых трэндаў развіцця беларускай эканомікі з’яўляецца надзейным фундаментам выканання важнейшых параметраў прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на бягучы год і добрым зачынам на будучы.