Памяць аб перамозе
3 ліпеня святкуецца найважнейшая для нас дата – Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь. У гэты дзень у 1944 годзе сталіца краіны была вызвалена ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Вызвалены Мінск сімвалізаваў пачатак мірнага жыцця і светлае неба над галавой, адраджэнне спаленай і разбуранай Рэспублікі, наноў здабытую дзяржаўнасць.
Вялікая Айчынная вайна працягвае заставацца ў гістарычнай памяці беларусаў падзеяй, якая вызначыла будучыню Беларусі, лёс краіны, бо ў 1941–1945 гадах вырашалася пытанне выжывання народу, які нацысты планавалі спачатку зачысціць, а затым выкінуць за межы роднай краіны. На кану стаялі незалежнасць і цэласнасць Рэспублікі, падзеленай Трэцім Рэйхам і выратаванай дзякуючы гераізму савецкіх салдат і афіцэраў, подзвігу партызан і падпольшчыкаў, самаахвярнасці жыхароў Беларусі, якія рашуча адкінулі новы нацысцкі парадак, замяшаны на штыках і крыві.
У кантэксце Вялікай Айчыннай вайны вызваленне Менска 3 ліпеня і наступнае выгнанне захопнікаў з тэрыторыі Беларусі займаюць годнае месца ў чарадзе шматлікіх перамог, здабытых над ворагам краінамі і народамі, якія змагаліся супраць гітлераўскай кааліцыі. Кожная з гэтых перамог уплецена ва ўзор Вялікай Перамогі, якую мы святкуем 9 мая.
Святы Перамогі
Беларусы не сумняваюцца ў тым, што галоўнай гістарычнай падзеяй для нашай краіны з’яўляецца Вялікая Айчынная вайна. І погляд моладзі на мінулае Беларусі тут не моцна адрозніваецца ад меркавання людзей старэйшых пакаленняў, якія больш цесна звязаны памяццю пра вайну. Да прыкладу, у лютым 2020 года 67% маладых людзей ва ўзросце да 30 гадоў назвалі вызваленне Беларусі ад нямецка-фашысцкай акупацыі ў 1944 годзе найбольш важнай гістарычнай падзеяй у гісторыі беларускай дзяржаўнасці (дыяграма 1).
У 2019 годзе 72% апытаных Інстытутам сацыялогіі беларусаў назвалі Дзень Перамогі 9 мая найбольш значным святам для Беларусі. Чвэрць рэспандэнтаў выказалі такое меркаванне ў дачыненні да Дня Незалежнасці (Дыяграма 2).
Вялікая Айчынная вайна ў ацэнцы беларускай грамадскай думкі
Жыхары Беларусі ўспрымаюць вайну скрозь прызму трох асацыяцый: трагедыя ваеннага часу; гераізм, праяўлены ў барацьбе з захопнікамі; Перамога над ворагам (Дыяграма 3). Усе тры элементы – непарыўнае цэлае, якое складае тканіну народнай памяці аб вайне. Кожны з іх мае асаблівае значэнне і патаемны для нас сэнс, надае цэласнасць і завершанасць падзеям 1941–1945 гадоў.
Аднак вызначальнай у гэтай звязцы з’яўляецца Перамога. Менавіта Перамогай былі пераадолены пакуты народу, якія абрынуліся на нашу краіну і пакінулі глыбокі адбітак у народнай памяці. Менавіта Перамога падвяла рысу, пакінуўшы ваенны час у мінулым і вызваліўшы сілы народу на стваральную і канструктыўную дзейнасць на карысць роднай краіны.