Прэзідэнт падпісаў Указ №356, якім адобрыў у якасці асновы для правядзення перагавораў праект пагаднення між Урадам Рэспублікі Беларусь і Урадам Кітайскай Народнай Рэспублікі аб гандлі паслугамі і ажыццяўленні інвестыцый. Такім чынам замацоўваецца прававая аснова для ўстойлівага і дынамічнага развіцця гандлёывх і інвестыцыйных адносін між дзвюма краінамі. Гутарка ідзе аб стварэнні зоны свабоднага гандлю паслугамі між Беларуссю і КНР, транспарэнтнага, ліберальнага і спрыяльнага інвестыцыйнага рэжыму для прыцягнення інвестыцый. Пагадненне стварае задзел для развіцця супрацоўніцтва ў новых сферах пры захаванні абодвух бакоў у найбольш адчувальных сегментах эканомік. Чакаецца, што ў перспектыве супрацоўніцтва ў межах пагаднення дазволіць дынамічна нарошчваць экспарт беларускіх паслуг у Кітай і павялічыць інвестыцыйныя патокі з боку КНР.
У межах усебаковага стратэгічнага партнёрства Беларусь і Кітай паслядоўна працуюць над стварэннем больш спрыяльных умоў узаемадзеяння ва ўсіх сферах. Гандаль і інвестыцыі ў сучасных умовах відавочна ў прыярытэце. Ва ўзаемаадносінах з Кітаем Беларусь паслядоўна прытрымліваецца прынцыпу ўзаемнай падтрымкі. Як адзначыў Аляксандр Лукашэнка падчас сустрэчы з Сі Цзіньпінам у красавіку 2019 года, вялікі Кітай заўсёды можа разлічваць на нас у любой сферы. Бакі адказна захоўваюць трывалую непарушную дружбу. Але ў сённяшні няпросты час патрэбны нестандартныя падыходы і рашэнні. Наша двухбаковае ўзаемадзеянне павінна напаўняцца новым зместам, уключаючы дамоўленасці аб доступе на рынкі. Рашэнне аб стварэнні зоны свабоднага гандлю паслугамі, гэта значыць безбар’ернага асяроддзя, безумоўна, прарыўное ў двухбаковых адносінах. Асабліва трэба адзначыць узаемавыгадны характар супрацоўніцтва ў сферы гандлю і інвестыцый. Разлічваючы на апору такога магутнага партнёра, як Кітай, Беларусі таксама ёсць што прапанаваць. На перагаворах у Пекіне ў сакавіку Кіраўнік дзяржавы адзначыў магчымасць стварэння сумесных прадпрыемстваў не толькі ў Беларусі, але і ў Кітаі. Такая кааперацыя дапаможа павысіць канкурэнтаздольнасць прадукцыі. Відавочна, што гэта таксама будзе садзейнічаць прасоўванню тавараў і паслуг на рынкі трэціх краін.