Штогод 17 лістапада ў многіх краінах свету адзначаецца Міжнародны дзень студэнтаў. Свята было ўстаноўлена ў 1941 годзе на сустрэчы студэнтаў краін, якія змагаліся супраць фашызму, якая адбывалася ў Лондане, але адзначаць яго пачалі з 1946 года пасля правядзення Сусветнага кангрэса студэнтаў у Празе.
У Рэспубліцы Беларусь сёння навучаецца 238,5 тысячы студэнтаў у 49 установах вышэйшай адукацыі, з іх каля 4,5 тысячы выпадае на Віцебскую вобласць, дзе функцыянуе 5 вышэйшых навучальных устаноў. Чым жыве студэнцтва Віцебшчыны? Каб адказаць на гэта пытанне, аддзяленнем БІСД па Віцебскай вобласці праведзена анлайн-апытанне, удзельнікамі якога сталі больш за 850 студэнтаў рэгіёна.
Большасць рэспандэнтаў (72,6 працэнта) указалі, што студэнцкія гады для іх – гэта ў першую чаргу перыяд актыўнай вучобы, атрыманне прафесіі. Для 68,8 працэнта маладых людзей гэта час сталення, пачатку самастойнага жыцця, для 13,8 працэнта – бесклапотны час, напоўнены весялосцю і зносінамі. Абсалютная большасць удзельнікаў апытання (каля 87 працэнтаў) задаволены сваім студэнцкім жыццём, з іх каля 22 працэнтаў – нават больш, чым чакалі.
Вольны час каля 60 працэнтаў апытаных праводзіць з сябрамі, кожны трэці ўдзельнік чытае і займаецца творчасцю, кожны пяты – спортам. Каля 27 працэнтаў аддаюць перавагу правядзенню часу ў сацыяльных сетках. Кожны дзясяты рэспандэнт указаў, што не мае вольнага часу.
У топе жыццёвых каштоўнасцей рэспандэнтаў знаходзяцца сям’я (68 працэнтаў), каханне і дружба (51 працэнт) і здароўе (50 працэнтаў).
Сваю будучыню пасля заканчэння вышэйшай навучальнай установы каля 68 працэнтаў апытаных звязваюць з работай па спецыяльнасці і пабудовай кар’еры, 30,5 працэнта – са стварэннем сям’і, выхаваннем дзяцей. Пры гэтым каля 20 працэнтаў плануе шукаць сябе ў другой сферы дзейнасці, не звязанай з атрымаемай прафесіяй. Каля 15 працэнтаў рэспандэнтаў плануе займацца навукай, навучаючыся ў магістратуры/аспірантуры.
Праведзенае апытанне студэнцтва Віцебшчыны дэманструе важны аспект: маладыя людзі настроены аптымістычна, стваральна, аддаюць прыярытэт агульначалавечым каштоўнасцям. Яны заняты творчасцю, самаадукацыяй, маюць актыўныя зносіны. Студэнцкія гады ўспрымаюцца моладдзю ў першую чаргу як магчымась атрымаць прафесійныя навыкі, навучыцца самастойнасці. Асабліва важна, што сярод апытаных рабят невысокая ўдзельная вага тых, каму цяжка вызначыцца з выявай сваёй будучыні, што сведчыць аб наяўнасці выразнай жыццёвай стратэгіі, якую многія бачаць у дасягненні прафесійных поспехаў і стварэнні сям’і.