Практычна адначасова 75-ці гадовы юбілей сваёй незалежнасці днямі будуць адзначаць дзве суседнія дзяржавы ў Паўднёвай Азіі: Пакістан (14 жніўня) і Індыя (15 жніўня).
Гэтыя дзяржавы ўзніклі ў сярэдзіне жніўня 1947 года згодна плану віцэ-караля Брытанскай Індыі – лорда Луіса Маунтбетэна ў выніку яе падзелу на Індыйскі саюз і Дамініён Пакістан.
Трэба прызнаць, што гісторыя фарміравання дзяржаўнасці пакістанскай і індыйскай дзяржаўнасці з моманту набыцця незалежнасці, таксама як і развіццё двухбаковых адносін, поўная драматычных падзей, уключаючы ваенныя сутыкненні. У сваёй кнізе «Свабода ў поўнач», прысвечанай гэтым падзеям, яе аўтары, Дамінік Лап’ер і Лары Колінз, спасылаючыся на розныя крыніцы, называюць лічбы ад 250 тысяч да 2 млн.чалавек загінулых у выніку міжэтнічных сутычак у жніўні-верасні 1947 года...
Дарэчы, адміністратыўна-тэрытарыяльным падзелам нядаўна створаных дзяржаў займаўся брытанскі інжынер-картограф, які ніколі раней не быў у Індыі...
Разам з тым трэба адзначыць, што прагрэсіўныя ідэі заснавальнікаў Пакістана, Мухамада Алі Джына, і Індыі – Джавахарлала Неру (пяць прынцыпаў мірнага суіснавання) і Махатмы Гандзі (тэорыя негвалтоўнага супраціўлення) за 75 гадоў не страцілі сваёй актуальнасці, убудаваны ў падмурак сучасных нацыянальных дзяржаў і дапамагаюць пераадольваць праблемныя моманты ў двухбаковых адносінах.
БІСД ад усёй душы віншуе нашых пакістанскіх і індыйскіх партнёраў і сяброў, а ў іх асобе і народы гэтых краін, з юбілейным Днём незалежнасці і ад усёй душы жадае міру, дабрыні і росквіту. Мы не сумняваемся, што традыцыйная мудрасць, уласцівая Усходу, у рэшце рэшт дапаможа Пакістану і Індыі пераадолець рознагалоссі і векавы юбілей незалежнасці сустрэць як належыць добрым суседзям!