Дата публикации

Алег Макараў, дырэктар нядаўна створанага БІСД: Сацсеткамі не карыстаўся. Але цяпер, вядома, буду

Марына Коктыш, журналістка “Народнай волі”, пагутарыла з дырэктарам нядаўна створанага Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў, доктарам юрыдычных навук Алегам Макаравым. Прыводзім вытрымкі з інтэрв’ю.

— Вашай біяграфіі няма ў адкрытым доступе. А людзям хочацца ведаць, хто вы такі, адкуль родам, як жывяце. І з’яўляюцца розныя домыслы, чуткі. Ясная справа, журналісты пачынаюць капаць... Але калі б вы ў сваім першым інтэрв’ю самі адразу растлумачылі гэтыя пытанні, чуткі наўрад ці з’явіліся б. Часам трохі большая адкрытасць нашым чыноўнікам, многія з якіх лічаць сябе жыхарамі неба, пойдзе толькі на карысць...

— Згодны з вамі...

— Дык раскажыце, дзе нарадзіліся, вучыліся, жаніліся...

— Я гродзенскі хлопец. Скончыў Гродзенскі ўніверсітэт, юрыдычны факультэт.

— А чаму абараняліся ў Расіі?

— Я пакуль застаюся адзіным спецыялістам у Беларусі па інфармацыйным праве. І паколькі дактароў навук па гэтай спецыяльнасці ў нас няма, абараняцца ў Беларусі я не мог. Таму было прынята такое рашэнне ВАК, мне дазволілі навучацца ў Расіі і абараняцца там.

Дарэчы, маім настаўнікам з’яўляецца выбітны навуковец Іларыя Лаўрэнцьеўна Бачыла, яна беларуска. Год таму яе не стала. Яна родапачынальнік, стваральнік інфармацыйнага права ў Расіі, аўтар шматлікіх падручнікаў. Іларыя Лаўрэнцьеўна – выпускніца БДУ 1947 года, яе фатаграфія ёсць у музеі юрфака Белдзяржуніверсітэта.

— Ёсць меркаванне, што інфармацыйная бяспека — гэта яшчэ і ўменне адказных асоб своечасова ўраўнаважыць нейкую гучную інфападставу. Трэба не прэсінгаваць незалежныя медыя, а даць разумны каментар, які маментальна знізіць напружанне. Я кажу пра гэта, таму што сёння незалежным журналістам вельмі няпроста атрымаць аператыўны каментар з вуснаў чыноўнікаў, прычым з любой нагоды.

— Я згодны з гэтым, і ваша заклапочанасць абсалютна правільная. Ды і кіраўнік дзяржавы на пасяджэнні Савета бяспекі гаварыў менавіта пра гэта. Мы павінны не закрываць камусьці роты, а напаўняць інфармацыйную прастору той інфармацыяй, якая будзе запатрабавана, якую чакаюць.

— Экс-міністр інфармацыі Алег Праляскоўскі адкрыта заяўляў, што “не бачыць мэтазгоднасці” ў тым, каб чыноўнікі актыўна былі прадстаўленыя ў сацсетках, вялі свае блогі. Хаця гэта магчымасць маментальна рэагаваць на нейкія інфармацыйныя падставы, у тым ліку і фэйкавыя. Вы завісаеце ў “Фэйсбуку”?

— Сацсеткамі не карыстаўся. Да гэтага моманту не было асаблівай патрэбы. Але цяпер, вядома, буду.

— Перад інстытутам, які вы ўзначальваеце, стаіць нямала задач, сярод іх – вывучэнне тэндэнцый развіцця міжнародных, грамадска-палітычных і сацыяльна-эканамічных працэсаў; даследаванне рызык і выклікаў у інфармацыйнай сферы. Мне цікава, а якімі данымі вы будзеце карыстацца? Незалежную сацыялогію ў краіне фактычна знішчылі, хоць даследаванні таго ж НІСЭПД у свой час вывучалі многія высокапастаўленыя чыноўнікі. Ну а да дзяржаўных сацыёлагаў сёння самі ведаеце, які давер у грамадстве...

— Інфармацыйна-аналітычны цэнтр займаўся сацыялогіяй, але мы — не ІАЦ, ён ліквідуецца, і ствараецца зусім новая структура — БІСД. І мы не зможам выжыць, калі самі будзем займацца палявымі работамі. Наш інстытут створаны для таго, каб ажыццяўляць стратэгічны аналіз. Іншымі словамі, мы будзем рабіць аналітыку аналітыкі. У сувязі з гэтым пытанне аб сацыялогіі, на жаль, зусім не ў мой адрас. Я з задавальненнем буду карыстацца рознымі данымі – і замежнымі, і незалежнымі, якімі заўгодна. Але сам сацыялогію зрабіць не змагу – проста не хопіць рук. І калі мы зараз зарыемся ў гэтыя рэчы, то не выканаем асноўную задачу. Між іншым – найскладанейшую! У нас няма досведу стратэгічнага аналізу. Не выключана, што на мяне нехта пакрыўдзіцца за гэтыя словы, але ў Беларусі ў прынцыпе няма досведу стратэгічнага аналізу. А ўсе стратэгіі, якія мы бачылі, у тым ліку і незалежныя, яны альбо безадказныя, альбо занадта павярхоўныя. Лёгка быць незалежным стратэгам – можна рабіць прагноз хоць на 50 бліжэйшых гадоў, адказваць за яго ўсё роўна не прыйдзецца. А калі займацца аналізам сур’ёзна, то гэта вельмі складана.

Мне здаецца, я ведаю, як з усім гэтым справіцца, але ці ўсё атрымаецца — пакажа час. А пакуль нам трэба будзе вельмі моцна напружыцца. Па сутнасці, БІСД – гэта стартап. І яго поспех залежыць толькі ад нас саміх...