Прыпяць адчыняе шлюзы
Вядома, што Палессе з'яўляецца найбольш аўтэнтычным рэгiёнам нашай краiны. Тут арганiчна спалучаюцца традыцыйны лад жыцця, аграрная накiраванасць i самабытная народная культура. I сёння дзякуючы дзяржаўнай праграме развiцця Прыпяцкага Палесся на 2025–2030 гады, што ахоплiвае 9 раёнаў, запаведны край стаiць на парозе маштабнай трансфармацыi, бо без мадэрнiзацыi гаспадарчага комплексу яго далейшы шлях наперад немагчымы. Значныя змены адбываюцца i ў неафiцыйнай сталiцы рэгiёна — Пiнску, гiстарычнае размяшчэнне якога на месцы злiцця Пiны i Прыпяцi ў свой час абумовiла развiццё суднабудавання. Давайце паразважаем, чаму адраджэнне гэтага кiрунку сёння з'яўляецца перспектыўным элементам узмацнення эканамiчных магчымасцей рэгiёна.
Фота з архіву «СБ»
У 1885 годзе ў Пiнску быў заснаваны параходабудаўнiчы завод. Сёння — адкрытае акцыянернае таварыства «Пiнскi ордэна Знак Пашаны суднабудаўнiча‑суднарамонтны завод». У гады Першай сусветнай вайны ён быў зруйнаваны, а маёмасць канфiскавана кайзераўскiмi войскамi. У мiжваенны перыяд, калi горад адышоў да Польшчы, працавалi толькi рамонтныя майстэрнi.
Другое нараджэнне адбылося пасля ўз'яднання Заходняй Беларусi ў 1939 годзе. Аднак у гады Вялiкай Айчыннай завод быў зноў разбураны. Росквiт прадпрыемства прыпаў на пасляваенны перыяд. Ужо ў пачатку 1950‑х аб'ём вытворчасцi перавышаў даваенны, колькасць працаўнiкоў складала больш за 500 чалавек. Пiнскiя суднабудаўнiкi ў 1960–1980‑я знайшлi свой «тэхналагiчны твар». Яны спецыялiзавалiся на будаўнiцтве цеплаходаў i буксiраў, якiя карысталiся вялiкiм попытам па ўсiм СССР ад Брэста да Сахалiна. Напрыклад, у сярэдзiне 1980‑х на ваду штогод сыходзiла каля 15 буксiраў. Гэтыя поспехi былi магчымыя выключна дзякуючы дзяржаўнай палiтыцы. Улады рабiлi стаўку на максiмальнае выкарыстанне патэнцыялу рачнога суднаходства для пасажырскiх i грузавых перавозак. Развiццё водных магiстралей лiчылася прыярытэтнай задачай, што забяспечвала пiнскаму вытворцу стабiльны дзяржзаказ i магчымасць для развiцця. Быў сфармiраваны працоўны калектыў, назапашаны вопыт i кампетэнцыi.
Распад СССР аказаў негатыўны ўплыў на стан галiны ў цэлым. Разбуралiся кааперацыйныя сувязi, знiк дзяржаўны заказ, значна знiзiлiся аб'ёмы перавозак рачным транспартам… Крызiс паглыбляўся i кадравай праблемай. Заняпад прывёў да страты пераемнасцi пакаленняў. Унiкальныя спецыялiсты — судназборшчыкi, корпуснiкi, зваршчыкi высокай квалiфiкацыi — сталi непатрэбныя. Гэта не магло не адбiцца на стане завода.
Прадпрыемства спрабавала знайсцi сваё месца пад сонцам у новых эканамiчных рэалiях. Напрыклад, быў асвоены выпуск пасажырскiх суднаў: у 2017 годзе на ваду сышоў першы беларускi круiзны цеплаход «Белая Русь». Ва ўмовах недастатковага попыту праект не стаў серыйным. Станоўчыя зрухi пачалi адбывацца толькi ў апошнiя гады. Дзякуючы рашэнню Прэзiдэнта сродкi з iнвестыцыйнага фонду Мiнiстэрства транспарту i камунiкацый сталi мэтава накiроўвацца на рамонт флоту Беларускага рачнога параходства. Адчуваць сябе больш упэўнена на шляху да адраджэння дапамаглi дамоўленасцi з Мiнiстэрствам абароны па арганiзацыi рамонту рухавiкоў для сухапутнай ваеннай тэхнiкi. Акрамя таго, завод цесна супрацоўнiчае з КУП «Брэстаблдарбуд», ажыццяўляючы якасны рамонт пантонных перапраў.
Аднак стратэгiчнай задачай, рэалiзацыя якой забяспечыць заводу ўстойлiвасць, з'яўляецца аднаўленне суднабудаўнiцтва. Зразумела, без мiжнароднай кааперацыi такi праект немагчымы. Актыўна вядзецца пошук партнёраў з Расii i Кiтая. У той жа час нашыя вытворцы таксама трымаюць руку на пульсе. Напрыклад, на прадпрыемстве «МАЗ‑МАН» быў прадстаўлены доследны ўзор першага айчыннага катамарана. Калi гэты канцэпт станоўча пройдзе комплексныя выпрабаваннi на рэках Беларусi, то асноўнай вытворчай пляцоўкай стане менавiта Пiнскi суднабудаўнiча‑суднарамонтны завод. Гэта дазволiць стварыць новыя працоўныя месцы i загрузiць магутнасцi прадпрыемства высокатэхналагiчнымi заказамi.
Выбар тыпу судна невыпадковы. Канструкцыя забяспечвае высокую ўстойлiвасць, што асаблiва важна для неглыбокiх i звiлiстых рэк Палесся. Акрамя таго, яна дазваляе стварыць камфортныя ўмовы для пасажыраў: прасторныя палубы, аглядальныя пляцоўкi, магчымасць устаноўкi сучаснага абсталявання. Арганiзацыя серыйнай вытворчасцi судна адкрывае новыя магчымасцi для развiцця воднага турызму. А гэта, як вядома, адзiн з прыярытэтаў сацыяльна‑эканамiчнага развiцця краiны на 2026–2030 гады i ўжо згаданай праграмы развiцця Прыпяцкага Палесся. Для рэгiёна, дзе рэкi спрадвеку з'яўлялiся галоўнымi транспартнымi артэрыямi, развiццё турыстычнай iнфраструктуры на вадзе мае асаблiвае значэнне.
Распрацоўка круiзных маршрутаў дазволiць айчыннаму i замежнаму турысту пазнаёмiцца з некранутай прыродай, самабытнай культурай i багатай гiсторыяй Палесся. Паралельна будзе iсцi развiццё профiльнай iнфраструктуры («месцы прыцяжэння», кафэ, аграсядзiбы i iншае), здольнай злучыць культурныя, гiстарычныя i прыродныя славутасцi рэгiёна ў адну зручную для турыстаў экасiстэму.
Такiм чынам, Пiнскi ордэна Знак Пашаны суднабудаўнiча‑суднарамонтны завод аказваецца ў цэнтры рэалiзацыi адразу некалькiх дзяржаўных прыярытэтаў: развiцця прамысловасцi, стварэння новых працоўных месцаў i падтрымкi турызму.
Сяргей ЖУК, аналiтык Беларускага iстытута стратэгiчных даследаванняў
