Поўдзень патрабуе асаблівай увагі
Мадэрнізацыя беларускай арміі – працэс бесперапынны. Яго працяг абмяркоўвалі ў Міністэрстве абароны. Тут Галоўнакамандуючы Узброенымі Сіламі Беларусі Аляксандр Лукашэнка аб’явіў пра задуму стварэння паўднёвага аператыўнага камандавання. Мэта – купіраваць пагрозы з накірунку, які мы заўсёды лічылі дружалюбным, аднак у апошні час суседзі сваімі паводзінамі не стамляюцца нас пераконваць у адваротным. Гэта даводзіцца прымаць пад увагу.
- На жаль, адкрыўся новы накірунак, як у нас прынята гаварыць, новы фронт, і мы не можам не надаваць гэтаму ўвагі. Мы пра гэта ўжо ў першым набліжэнні гаварылі. Міністр абароны тады прапанаваў нам яшчэ адно аператыўнае камандаванне адкрыць – на паўднёвым флангу, паўднёвым накірунку нашай краіны. Гэта было яшчэ ў мінулым годзе. Мы тады разумелі, што нешта трэба рабіць, але час так дынамічна і хутка падштурхнуў нас да таго, што нам неадкладна трэба ствараць гэты аператыўны накірунак. Разам з заходнім, паўночна-заходнім будзе і паўднёвае крыло.
26 мая 2022 года, Аляксандр Лукашэнка на нарадзе ў Міністэрстве абароны па пытаннях забеспячэння ваеннай бяспекі.
Правільныя вывады
Мы вынеслі пэўныя ўрокі з украінскіх падзей, і на дадзены момант з’явілася дакладнае бачанне, якой павінна быць наша армія, яе развіццё і аснашчэнне. Робіцца стаўка на мабільнасць, каб у выпадку пагрозы нанесці дакладны і непапраўны ўдар агрэсару. Сустрэчы з ваеннымі і сілавікамі ў цэлым даўно сталі абавязковымі ў прэзідэнцкім графіку. Нядаўна абмяркоўвалі дзяржаўны абарончы заказ. І вось яшчэ адна сур’ёзная размова. Усё з прыцэлам на «тут і зараз»: сучасныя сродкі ўзбраення, новыя формы і спосабы вядзення ваенных дзеянняў з не зусім прыемнай абывацелю рэмаркай «калі раптам гэта здарыцца ў нас»
Як адзначыў Аляксандр Лукашэнка, падзеі, якія адбываюцца ў сумежнай дзяржаве, сведчаць аб высокай дынаміцы змен і пагроз ваеннай бяспекі краіны. Трансфармуюцца погляды на прымяненне ваеннай сілы і спосабы ўзброенай барацьбы. Сапраўды, яшчэ зусім нядаўна ўяўленне аб мадэрнізацыі беларускай арміі было некалькі іншым, але падзеі, што адбываюцца ва Украіне, прымушаюць разглядаць гэтае пытанне ўжо ў іншай плоскасці. Тры прайшоўшыя месяцы ваеннай спецаперацыі расійскіх войск паказалі, што планы ў гэтых адносінах павінны быць адкарэктаваны. Як часта гаворыць наш Прэзідэнт, спакойна не будзе. Калі ў 2020 годзе нас хацелі выкарыстаць як плацдарм для далейшай атакі на Расію, то цяпер гучаць заявы фактычна аб прамой агрэсіі. Паралельна не спыняюцца спробы адыграцца на эканамічных і гандлёвых адносінах. І гэта надоўга, упэўнены Аляксандр Лукашэнка.
Разведка і адказ
Сапраўдныя мэты мерапрыемстваў НАТА, што праводзяцца ля нашых межаў, праглядаюцца вельмі добра – гэта, па сутнасці, разведка і асваенне, чаго нельга выключаць, тэатра ваенных дзеянняў у будучым. Як адзначыў Прэзідэнт, ваенны ціск на Беларусь будзе аказвацца праз Польшчу, Латвію і Літву і дыслацыраваныя там войскі НАТА, а таксама за кошт падтрымкі эскалацыі баявых дзеянняў ва Украіне.
Нарошчванне прысутнасці Паўночнаатлантычнага альянса ля нашых межаў, а па ацэнках экспертаў, гэта ўжо каля 40 000 ваенных плюс авіяцыйная групоўка і ўзмоцненая разведка, не дадае спакою. Сітуацыя падштурхнула нас да неабходнасці неадкладна стварыць новае Паўднёвае аператыўнае камандаванне.
Мяжа пад напругай
Стварэнне Паўднёвага аператыўнага камандавання – мера вымушаная, лічыць ваенны аналітык Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў Андрэй Чарнабай. На дадзены момант у нас функцыянуе два аператыўныя камандаванні – Заходняе і Паўночна-заходняе, якія кантралююць адпаведныя часткі межаў. Многія гады на мяжы з Украінай было спакойна, і мы знаходзіліся ў сяброўскіх адносінах. Але з пэўнага часу курс нашай паўднёвай суседкі рэзка памяняўся, што стала прычынай узнікнення канкрэтных рызык і пагроз для бяспекі Беларусі. У апошнія месяцы мы вымушаны ўзмацніць ахову дзяржмяжы з Украінай за кошт дадатковых вайсковых частак. Але ў гэтых падраздзяленняў існуюць свае задачы, якія яны павінны выконваць у першую чаргу.
Стварэнне Паўднёвага аператыўнага камандавання дазволіць ураўнаважыць гэтую сітуацыю, так як з’явяцца канкрэтныя сілы і сродкі, якія будуць займацца выключна ўзмацненнем паўднёвага накірунку. У выніку мы атрымаем надзейную абарону дзяржавы з трох бакоў, а жыхары прылеглых да новага накірунку абласцей будуць адчуваць сябе больш упэўнена. Магчымасць непрадказальных дзеянняў службовых асоб самага высокага ўзроўню на сумежнай тэрыторыі з’яўляецца прычынай узмацнення не толькі наземных дзяржмежаў, але і абароны паветранай прасторы. Трэба быць гатовымі і да паяўлення дыверсійных груп. У цэлым наяўнасць вайсковых частак уздоўж паўднёвых межаў будзе з’яўляцца фактарам стратэгічнага стрымлівання агрэсіўных праяў звонку.
Неўтаймоўны апетыт
Развіццё адносін паміж Польшчай і Украінай у апошні час можа стаць у далейшым прычынай узнікнення новых пагроз для Беларусі і Расіі, лічыць ваенны эксперт Ігар Чыбісаў. Падобныя рызыкі ўзрастаюць у разы ў выпадку пераходу заходняй часткі Украіны пад польскую юрысдыкцыю. Калі такі прагноз ажыццявіцца, то не трэба забываць пра важнае. Да тэрыторый, кантроль над якімі Варшава страціла ў 1939 годзе, адносілася не толькі Заходняя Украіна, але і Заходняя Беларусія. Па-за ўсякім сумневам, у выпадку акупацыі гэтых украінскіх земляў апетыт польскага боку не паменшыцца. Пры такім варыянце развіцця падзей Польшча можа накіраваць ва Украіну як мінімум дзве з чатырох дывізій, якія маюцца ў яе арміі, а таксама актыўна задзейнічаць ваенна-паветраныя сілы і войскi спецыяльных аперацый. Сумарна, з часткамі забеспячэння і падтрымцы, такі кантынгент можа складаць да 50000 чалавек. Характэрны факт: падчас візіту польскага прэзідэнта ва Украіну Зяленскі анансіраваў беспрэцэдэнтныя меры, дазволіўшы польскім паліцэйскім ажыццяўляць праваахоўчыя функцыі на тэрыторыі Украіны, а грамадзянам Польшчы – кіраваць цэлымі рэгіёнамі краіны. Казус суверэнітэту: не сепаратысты, а сам прэзідэнт перадае правы грамадзян уласнай дзяржавы замежным грамадзянам, не надаўшы ім адпаведнага статусу.
На крок наперадзе
Магчыма, што ўварванне польскіх войск ва Украіну можа пачацца і ў выпадку поўнага калапсу амерыканскай улады або ў выпадку адабрэння гэтай агрэсіі англасаксамі, лічыць Ігар Чыбісаў. Нельга забываць і тое, што ў 2020 годзе, калі адбылася спроба дзяржаўнага перавароту ў Беларусі, Кіеў заняў жорсткую пазіцыю супраць законнай беларускай улады, а сёння працягвае высылаць на нашу тэрыторыю дыверсійна-разведвальныя групы. Навошта, у рэшце рэшт, на Ровенскім і Чарнігаўскім накірунках, паблізу беларускіх межаў, сканцэнтраваны дзясяткі тысяч ваенных?
Гістарычна склалася так, што на Беларусь у большай частцы нападалі з Захаду, але сёння агрэсія можа прыйсці і з Поўдня, і, што самае сумнае, з тэрыторыі братоў-славян. Рашэнне нашага Галоўнакамандуючага аб стварэнні Паўднёвага аператыўнага камандавання не толькі дакладнае, але і вельмі своечасовае.
Гэта комплексная задача па рэагаванні на пагрозы нашай нацыянальнай бяспекі, якая прадугледжвае фарміраванне не толькі органаў ваеннага кіравання, але і адпаведнай групоўкі войскаў на паўднёвым накірунку. У сувязі з узмацненнем паўднёвых межаў асаблівую значнасць набывае сістэма тэрытарыяльнай абароны. Яе войскі задзейнічаюць толькі на перыяд вайны або ва ўмовах напружанай ваенна-палітычнай абстаноўкі. Больш за тое, сур’ёзнейшым патэнцыялам, упэўнены Ігар Чыбісаў, можа стаць і 80000 афіцэраў запасу і адстаўкі Узброеных сіл і сілавых структур. Гэты вопытны кантынгент можна смела выкарыстаць як аснову пры фарміраванні войскаў тэрытарыяльнай абароны і народнага апалчэння.
Зразумела, што абстрагіравацца ад усіх працэсаў, што адбываюцца, мы не можам, але паставіць надзейны заслон пагрозам цалкам у стане. Даводзіцца трымаць абарону і ў інфармацыйным полі, дзе абстаноўка такая, што літаральна іскрыць, а гібрыдная вайна з яе кібератакамі і спробамі разбурыць эканоміку — ужо наша рэальнасць. Абстаноўка ў рэгіёне такая, што паляпшэнняў чакаць не прыходзіцца. Больш за тое, абвастрэнне сітуацыі на знешнім контуры абавязвае быць на крок наперадзе.
ДА СПРАВЫ
Аляксандр Шпакоўскі, палітолаг: - Пакуль не ідзе гаворка аб польскіх войсках ва Украіне. Законапраект пра асаблівы прававы статус грамадзян Польшчы ва Украіне мае на ўвазе магчымасць польскіх сіл паліцыі ажыццяўляць дзейнасць па ахове правапарадку на тэрыторыі Украіны. Сярод іншых ільгот, якія могуць быць дадзены палякам. Мы разумеем, што такім чынам могуць вызваліцца сілы і сродкі нацыянальнай гвардыі, якая зараз падтрымлівае правапарадак у Заходняй Украіне. Гэтыя сілы і сродкі могуць быць накіраваны для ўдзелу ў баявых дзеяннях у Данбасе.