Для беларуска-казахстанскай кааперацыі адкрыюцца новыя магчымасці ў посткаранавірусны перыяд. Такое меркаванне выказаў начальнік аддзела Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў Антон Дударонак, выступаючы сёння ў Доме дружбы на круглым стале «Казахстан у сучасным свеце. Фактар лідарства Н.А. Назарбаева».
«Здабыўшы суверэнітэт дзесяцігоддзі таму, Беларусь і Казахстан у працэсе дзяржаўнага будаўніцтва сутыкнуліся з падобнымі выклікамі. Як дзяржавы, блізкія адна да адной, якія маюць даўнія гістарычныя сувязі, агульныя інтарэсы і каштоўнасці, мы імкнуліся разам шукаць адказы на выклікі часу, – казаў Антон Дударонак. – Нас таксама аб'ядноўвае наяўнасць адказных палітычных лідараў, якія змаглі пераадолець выпрабаванні 1990-х гадоў і сфарміраваць нацыянальныя мадэлі сацыяльна-эканамічнага і грамадска-палітычнага развіцця нашых дзяржаў – першага Прэзідэнта Рэспублікі Казахстан Нурсултана Назарбаева і Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі. Сучасная сітуацыя на сусветнай арэне таксама характарызуецца выклікамі, на якія неабходна шукаць адказы: пандэмія каранавіруса, закрытыя межы, гандлёвыя бар'еры, хваля пратэстаў і лакальных узброеных канфліктаў, якая пракацілася па свеце.
Ва ўмовах росту глабальнай напружанасці эканомікі Беларусі і Казахстана зазналі двайны шок – знешні і ўнутраны – ад скарачэння вытворча-збытавых ланцужкоў да запаволення эканамічнай актыўнасці ў выніку пандэміі,” – дадаў прадстаўнік БІСД. Таму можна гаварыць, што дзве дзяржавы істотна зацікаўлены ў пошуку новых рашэнняў для выпрацоўкі новых стратэгій развіцця. «Менавіта на гэтым кірунку ў цяперашні час сканцэнтравалі ўвагу ўлады Беларусі і Казахстана. Напярэдадні Усебеларускага народнага сходу пытанні ўнутранага сацыяльна-эканамічнага і грамадска-палітычнага развіцця, знешняй палітыкі Беларусі, умацавання міжнародных пазіцый і міжнароднага іміджу рэспублікі знайшлі адлюстраванне ў дыскусіях на дыялогавых пляцоўках ва ўсіх рэгіёнах краіны, экспертнай супольнасці, сярод палітыкаў і грамадскіх дзеячаў», – сказаў Антон Дударонак.
«У Казахстане гэтая тэндэнцыя таксама пацвярджаецца канкрэтнымі рашэннямі, пра якія, у прыватнасці, казаў прэзідэнт гэтай краіны Касым-Жамарт Такаеў у нядаўнім пасланні, апублікаваным пад знакавай назвай «Казахстан у новай рэальнасці: час дзеянняў». Стрыжневая ідэя паслання – фарміраванне новай комплекснай мадэлі дзяржаўнага кіравання, якая дазволіць Казахстану больш эфектыўна рэагаваць на ўнутраныя і знешнія выклікі. Выказаныя казахстанскім прэзідэнтам ідэі падмацаваныя структурнымі пераўтварэннямі, такімі як умацаванне статусу вышэйшага прэзідэнцкага савета па рэформах, аднаўленне Агенцтва па стратэгічным планаванні і рэформах з прамым падначаленнем прэзідэнту», – працягнуў прадстаўнік БІСД.
На яго думку, для Беларусі вялікі інтарэс уяўляе дзяржаўная праграма мадэрнізацыі грамадскай свядомасці, якая ажыццяўляецца ў Казахстане і разам з канстытуцыйнай рэформай і тэхналагічнай мадэрнізацыяй эканомікі ў сукупнасці складае трыадзіную задачу «трэцяй мадэрнізацыі» краіны.
«Адметны і станоўчы досвед рэалізацыі канстытуцыйных і палітычных рэформ у Рэспубліцы Казахстан, які адзначаюць многія эксперты. Так, партыя Nur Otan, укараніўшы ў палітычную сістэму і паспяхова правёўшы праймерыз, забяспечыла сабе сістэмны механізм адбору, цыркуляцыі і ратацыі сваіх прадстаўнікоў у мажылісе і масліхатах. Больш за 10 тыс. кандыдатаў, якія ўдзельнічалі ў праймерыз, сфармавалі цэласны парадак па выяўленні актуальных і сістэмных праблем у рэгіёнах, прапанаваўшы розныя варыянты рашэнняў», – звярнуў увагу Антон Дударонак.
Ён падкрэсліў, што ва ўмовах сучасных выклікаў Беларусь і Казахстан стаяць перад неабходнасцю пошуку новых драйвераў росту і выпрацоўкі ўласных стратэгій развіцця на перспектыву. Нашы дзяржавы таксама спрабуюць знайсці адказ на выклікі сучаснасці праз рэфармаванне эканомікі, для чаго ёсць неабходныя перадумовы.
Антон Дударонак нагадаў, што ў 2020 годзе, нягледзячы на агульнае зніжэнне аб'ёму прамысловай вытворчасці ў краінах ЕАЭС, Казахстану ўдалося захаваць паказчыкі на ўзроўні 2019 года. Як было адзначана на пасяджэнні ўрада пад кіраўніцтвам прэм'ера Аскара Маміна, Казахстан хутчэй за іншыя дзяржавы ЕАЭС пачаў аднаўляцца пасля пандэміі. У Беларусі па выніках 9 месяцаў гэтага года спад склаў 1,3%. У той жа час па меры ажыўлення знешняга попыту, якое прагназуецца з другой паловы 2021 года, чакаецца вяртанне беларускай эканомікі на траекторыю ўстойлівага росту, падкрэсліў прадстаўнік БІСД.
Паводле яго слоў, гэтаму спрыяе і знешнеэканамічная кан'юнктура. Беларусь і Казахстан – частка рынку ШАС з насельніцтвам звыш 3 млрд чалавек. У лістападзе 2020 года абвешчана стварэнне найбуйнейшай у свеце Азіяцка-Ціхаакіянскай зоны свабоднага гандлю, на якую прыпадае 30% сусветнай эканомікі. Для беларуска-казахстанскага ўзаемадзеяння адкрываюцца магчымасці для развіцця кааперацыі. Перспектыўнымі сферамі, у якіх магчыма ўмацаванне двухбаковага супрацоўніцтва, выступаюць транспартна-лагістычная галіна, аграпрамысловы комплекс, харчовы рынак, фармацэўтычная галіна, вытворчасць тавараў медыцынскага прызначэння.
У беларуска-казахстанскім узаемадзеянні існуюць і іншыя нерэалізаваныя магчымасці для гандлю таварамі і паслугамі, міжрэгіянальнага супрацоўніцтва, развіцця двухбаковых адносін у цэлым. Здольная зрабіць свой унёсак і экспертная дыпламатыя. У прыватнасці, Беларускі інстытут стратэгічных даследаванняў актыўна ўзаемадзейнічае з экспертамі Казахстана, нават нягледзячы на абмежаванні ў сувязі з COVID-19, у прыватнасці c Казахстанскім інстытутам стратэгічных даследаванняў.
«Такім чынам, адзіным эфектыўным адказам на міжнародную нестабільнасць выступае сумеснае развіццё, – заявіў прадстаўнік БІСД. – Сёння перад нашымі дзяржавамі стаяць актуальныя задачы пабудовы канкурэнтаздольнай эканомікі, заснаванай на чалавечым капітале, спалучэння нашых патэнцыялаў і стратэгічных праграм для процідзеяння негатыўным глабальным і рэгіянальным тэндэнцыям. Несумненна, супрацоўніцтва паміж нашымі дзяржавамі дапаможа заняць годнае месца ў новай посткаранавіруснай рэальнасці, пабудаваць дыверсіфікаваную і ўстойлівую да шокаў эканоміку. Таму казахстанскі дэвіз «Мы разам» актуальны і для Беларусі, і для беларуска-казахстанскіх адносін».