У лютым 2019 г. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка зацвердзіў стварэнне Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў (БІСД), які фактычна прыйшоў на змену інфармацыйна-аналітычнаму цэнтру (ІАЦ) пры Адміністрацыі прэзідэнта. Аб тым, якія пагрозы ў інфармацыйнай прасторы бачаць беларускія аналітыкі і як будуць з імі змагацца, у інтэрв’ю беларускаму “Радыё Свабода” распавёў дырэктар БІСД Алег Макараў.
12 лютага Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ №49 “Аб стварэнні Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў”. Згодна з дакументам, асноўнымі напрамкамі дзейнасці новай структуры будзе вывучэнне тэндэнцый развіцця міжнародных, грамадска-палітычных і сацыяльна-эканамічных працэсаў, даследаванне рызык і выклікаў у інфармацыйнай сферы. Дырэктарам БІСД прызначылі Алега Макарава, які да гэтага працаваў начальнікам інфармацыйна-аналітычнага ўпраўлення Дзяржаўнага сакратарыята Савета бяспекі Беларусі.
Макараў паведаміў, што ў цяперашні час Інстытут займаецца адборам кадраў. Штат БІСД будзе складацца з некалькіх дзясяткаў чалавек, якія прафесійна займаюцца ўнутрыпалітычнай і знешнепалітычнай аналітыкай. Паводле яго слоў, дзейнасць новай арганізацыі будзе значна адрознівацца ад той, якую ажыццяўляла Інфармацыйна-аналітычнае ўпраўленне пры Савеце бяспекі.
“Мая праца на новым месцы будзе адрознівацца ад той, якой я займаўся раней, тым, што стаіць задача стратэгічнага аналізу. Складаная задача. На сёння мне невядомыя структуры і аналітыкі, якія выконвалі б якасны стратэгічны аналіз. У ІАЦ я займаўся ўсё ж аналізам сітуацыйным, практычным, назавём яго так. Аналізам падзей. Новая задача значна складаней”, – заявіў Макараў.
Дырэктар Інстытута падкрэсліў, што новая структура будзе прыцягваць да супрацоўніцтва ў тым ліку і незалежных экспертаў:
“Задумка такая, каб пачуць усе меркаванні і абапірацца на найлепшыя практыкі. Збіраемся ўзаемадзейнічаць і з замежнымі коламі, з такімі ж фабрыкамі думкі. Маем намер супрацоўнічаць з экспертамі. З тымі, напрыклад, хто быў запрошаны на “Вялікую размову” з прэзідэнтам, і з іншымі. Таму што аналітыка патрабуе аб’ектыўнасці”, – падкрэсліў дырэктар БІСД.
Алег Макараў адзначае, што Інстытут стратэгічных даследаванняў не будзе займацца адсочваннем рызык інфармацыйнай бяспекі Беларусі. Мэта дзейнасці новай структуры заключаецца ў іх аналізе.
“Выклікаў у інфармацыйнай сферы шмат, яны зыходзяць з розных крыніц. Сёння разглядалася канцэпцыя інфармацыйнай бяспекі, яна адказвае на пытанні, там будуць сістэмна адлюстраваныя рызыкі і выклікі, якія ўзнікаюць у інфармацыйнай сферы. Мы ведаем, што існуе негатыўны кантэнт, які ўздзейнічае на псіхіку моладзі, разбурае яе і гэтак далей. Існуе кантэнт, звязаны з экстрэмісцкай дзейнасцю. На самай справе гэта не задача Інстытута – адсочваць рызыкі і выклікі. Хутчэй- – аналізаваць інфармацыйную прастору і папярэджваць рызыкі”, – дадаў Макараў.
Дырэктар Інстытута адзначае, што БІСД – у чыстым выглядзе аналітычная структура, якая не будзе ажыццяўляць “ні адміністрацыйных функцый, ні якіх-небудзь спецыяльных маніторынгавых”. Таксама ён лічыць, што рызыкі, абумоўленыя перавагай расійскага кантэнту ў беларускай інфармацыйнай прасторы, на спажывецкім узроўні можа ацэньваць кожны па-свойму. Але імкнуцца да таго, каб пераважаў уласны, створаны ў Беларусі, кантэнт, неабходна.
“Ідэальная сітуацыя гэта – калі мы жывём у кантэнце, сфарміраваным у нас. Гэта прыярытэт і найбольш правільная сітуацыя. Але, кажучы нават пра спажывецкі досвед, калі вы кажаце, што ў нас пераважае расійскі кантэнт, то ў мяне, напрыклад, уражанне, што вельмі шмат украінскага кантэнту, калі са сваім дзіцём заходжу на Youtube-каналы, напрыклад”, – адзначыў Макараў.
На думку дырэктара Інстытута, беларускі кантэнт не абавязкова павінен быць рускамоўным. “Кантэнт на беларускай мове, вядома, важны. Але мне здаецца, што мовай нельга карыстацца як зброяй. Мова павінна не раз’ядноўваць, а аб’ядноўваць. У сувязі з гэтым я, вядома, думаю, што, несумненна, трэба падтрымліваць беларускую мову. Але яе нельга супрацьпастаўляць (рускай – заўв. “Радыё Свабода”). І наогул у моўным пытанні не варта супрацьпастаўляць. У нашым грамадстве даволі складаная сітуацыя з гэтым, і грамадства трэба аб’ядноўваць, а не дзяліць”, – падсумаваў дырэктар БІСД.