Сямейная палітыка ў Беларусі павінна быць больш узгодненай, а сацыяльна-псіхалагічная падтрымка павінна пераважаць над эканамічнай. Да такой высновы прыйшлі прадстаўнікі навукі, міністэрстваў і грамадскіх арганізацый, дэпутацкага корпуса, якія прынялі ўдзел у экспертным семінары ў Беларускім інстытуце стратэгічных даследаванняў. На сустрэчы абмеркавалі трэнды, праблемы інстытута сям'і і перспектыўныя напрамкі яго развіцця.
– Сямейная палітыка шматгранная, – адзначыў намеснік дырэктара БІСД Віталь Пунчанка. – Яна ўключае ў сябе і адукацыю, і ахову здароўя, і выхаванне маладога пакалення, і стварэнне мікраклімату ў сям'і, і працоўную дзейнасць. І важна правільна расставіць прыярытэты ў стратэгічных напрамках.
На сустрэчы былі агучаны вынікі рэспубліканскага сацыялагічнага апытання "Стратэгічныя напрамкі ў ацэнках і паданнях грамадзян". Па дадзеных праведзенага анкетавання, адна з галоўных прычын, якая перашкаджае нашым сем'ям завесці больш аднаго дзіцяці – адсутнасць зрычных жыллёвых умоў – 47, 8% рэспандэнтаў. 34,8% апытаных называюць жаданне пажыць для сябе, 28,1% – адсутнасць жадання мець больш дзяцей, 23,6% – стан здароўя мужа ці жонкі. Немагчымасць удзяляць дзецям дастаткова ўвагі лічаць прычынай таго, чаму яны не вырашаюцца на другое дзіця, 22,6% рэспандэнтаў, а 20,6% тлумачаць гэта тым, што няма каму дапамагаць даглядаць за дзецьмі. Сярод менш распаўсюджаных прычын – праблемы на працы, недахоп дзіцячых садкоў, абмежаванне кар'ернага росту для жанчын і цяжкасці з медыцынскім абслугоўваннем.
Эксперты канстатавалі, што каштоўнасць дзяцей у сям'і зніжаецца. Адзін з трэндаў, якія ўплываюць на гэта, - масавая урбанізацыя і індывідуалізацыя. "Родам" яны з Еўропы і руйнуюць звыклую для нас мадэль патрыярхальнай сям'і, калі некалькі пакаленняў жылі разам пад адным дахам і, як правіла, сям'я была шматдзетнай. Прадстаўнікам сучаснага пакалення ўжо не патрэбны наследнiкi як залог таго, што ў старасці пра іх хтосьці паклапоціцца. Сёння можна самастойна і з дапамогай дзяржавы забяспечыць пэўны ўзровень камфорту на заслужаным адпачынку. У тым, што мацярынства і бацькоўства становяцца менш каштоўнымі для моладзі, ёсць і ўплыў Інтэрнэту.
– Менш за гадзіну ў дзень сёння маладыя бацькі ўдзяляюць прамому кантакту з дзіцем, – кажа лідар БРСМ Аляксандр Лук'янаў. – Хутка перакусілі – і за тэлефоны і іншыя гаджэты. Уплыў сацыяльных сетак – гэта адрыў ад сямейных сувязяў, ад прыхільнасці да ўласнай тэрыторыі. Папулярызуецца такі від занятасці, як фрыланс, які не дае людзям магчымасці аселага ладу жыцця, нараджае няўпэўненасць у асяроддзі, месцы, дзе яны будуць знаходзіцца, а таксама і ў сваім партнёры. Усяго 10-15 працэнтаў нашых маладых людзей ведаюць ваенную гісторыю родных і блізкіх.
На думку дэпутата Эдуарда Севярына, да сямейных каштоўнасцяў па-рознаму ставяцца ў рэгіёнах. Шматдзетнасць у большай пашане, напрыклад, на Палессі, там і раней уступаюць у шлюб, чым, напрыклад, у Мінску і іншых буйных гарадах. Шмат у чым гэта тлумачыцца рэлігійнасцю палескіх жыхароў.
Падтрымліваць сельскі ўклад жыцця з яго традыцыямі шматдзетнасці варта ўлічваць і пры рэалізацыі эканамічных мер падтрымкі, лічыць дэпутат:
– Нямала прыкладаў, калі шматдзетным вяскоўцам даюць жыллё ў гарадах, яны ў выніку пачынаюць весці асацыяльны лад жыцця. Сям'я руйнуецца, узнікае ўтрыманства. Ёсць тыя, хто кажуць – забірайце кватэру і вярніце нас у вёску. Людзі, пазбаўленыя звыклага ўкладу і крыніцы даходу на зямлі, на новым месцы не заўсёды адаптуюцца.
Начальнік упраўлення народанасельніцтва, гендарнай і сямейнай палітыкі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Святлана Белаш адзначае:
- Сёння дзяржава паказвае, наколькі сям'я важная, і на ўзроўні рэспублікі дзейнічае цэлы комплекс падтрымкі. Але паколькі рэгіёны развіваюцца па-рознаму, на месцах трэба ствараць свае дадатковыя меры. Нажаль, гэтага не робіцца.
Аб неабходнасці ўзгодненай палітыкі ведамстваў у пытаннях умацавання інстытута сям'і заявіла намеснік начальніка ўпраўлення сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалагічнай работы галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі Алена Сімакова.
- Медыкі сёння займаюцца здароўем дзяўчынак-падлеткаў, - прывяла прыклад спецыяліст. – З іншага боку мы ведаем пазіцыю Беларускай Праваслаўнай Царквы ў адносінах да палавога выхавання. Пра што кажуць медыкі? У тым ліку як пазбегнуць непажаданай цяжарнасці. Так мы дзяўчынцы дапамагаем захаваць здароўе, але ў той жа час тармозім нараджальнасць. Выйсце – калі медыкі, прадстаўнікі царквы і грамадскіх арганізацый і педагогаў знойдуць гэты баланс інтарэсаў.
Эксперты прыйшлі да высновы, што сацыяльна-псіхалагічная і духоўна-маральная падтрымка мацярынства павінна стаць адным са стратэгічных напрамкаў развіцця сямейнай палітыкі. Неабходна вывучаць і ўкараняць лепшыя практыкі матывацыі нараджальнасці ў краінах з высокімі дэмаграфічнымі паказчыкамі, развіваць інфраструктуру і сферу паслуг у сферы адпачынку, развіцця і адукацыі дзяцей. Мясцовым уладам варта актывізавацца ў падтрымцы сям'і, а на ўзроўні краіны – забяспечыць міжведамаснае ўзаемадзеянне.