Ваенны аналітык Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў Андрэй Чарнабай у праекце “Па факту: рашэнні Першага” на YouTube-канале БЕЛТА расказаў, як у апошні час трансфармаваліся выклікі і пагрозы і чаму па гэтай прычыне трэба мяняць канцэпцыю нацыянальнай бяспекі.
Эксперт упэўнены, што абнаўленне канцэпцыі нацыянальнай бяспекі наспела аб’ектыўна. Рэдакцыя дакумента, якая дзейнічае зараз, прынята больш за 10 гадоў назад, а за гэты час адбыліся істотныя змены як у Беларусі, так і ў свеце – узаемаадносіны між глабальнымі цэнтрамі сілы – ЗША, Расіяй, Кітаем, краінамі НАТА – сталі зусім іншымі.
Калі прымалася папярэдняя канцэпцыя нацыянальнай бяспекі, ніхто не ведаў, што будзе Україна 2014 года і 2022 года, звярнуў увагу Андрэй Чарнабай. На яго думку, ніхто таксама не мог прадбачыць абвастрэнне наконт Тайваня, якое адбылося ў бягучым годзе.“Здавалася б, Тайвань, Кітай далёка. Але Кітай – гэта наш асноўны геастратэгічны саюзнік, адпаведна яго геапалітычны дабрабыт для нас таксама вельмі важны”, - сказаў ваенны аналітык.
Ён звярнуў увагу на істотную трансфармацыю пагроз нацынальнай бяспекі Беларусі: з’явіліся новыя выклікі і пагрозы, у прыватнасці, пандэмія 2020 года, міграцыйны крызіс (Беларусь заўсёды была транзітнай краінай для мігрантаў, але не ў такім маштабе, як гэта здарылася ў 2021 годзе), працоўная міграцыя грамадзян нашай краіны ў сумежныя краіны.
Важна і тое, што за апошнія гады практычна разбурылася міжнародная прававая, дагаворная сістэма, якая забяспечвала кантроль над узбраеннем і дазваляла захоўваць бяспеку ў рэгіёне, Еўропе, свеце, падкрэсліў эксперт. ЗША і НАТА ў гэтым годзе практычна ануліравалі дзеянне асноўнага акта аб узаемадзеяннях па лініі Расія-НАТА ад 1997 года.
“Зусім іншымі сталі і пагрозы ў ваеннай сферы. Мы бачым, як пашыраецца блок НАТА. За час дзеяння канцэпцыі, здавалася б, толькі дзве краіны ўступілі ў НАТА – Чарнагорыя і Паўночная Македонія. Але мы бачым, што зараз ідзе працэс уступлення Швецыі і Фінляндыі. Трэба не забываць, што гэта Балтыка, Арктыка. Ва ўмовах санкцыйнага ціску мы вымушаны карыстацца портамі Расіі як на Балтыйскім моры, так і паўночным марскім шляхам для дастаўкі нашых грузаў, прадукцыі, у той жа Кітай”, - адзначыў Андрэй Чарнабай.
Ён звярнуў увагу, што ЗША значна ўзмацнілі сваю ваенную прысутнасць у Еўропе – да 100 тыс. і больш ваеннаслужачых на фоне спецыяльнай ваеннай аперацыі ва Украіне. “Прычым каля трох пятых ад гэтай колькасці знаходзяцца на пастаяннай аснове, - сказаў ваенны аналітык. – З 2014 года ЗША праводзяць аперацыю “Атлантычная рашымасць”, войскі ЗША на ратацыйнай аснове знаходзяцца ў краінах Цэнтральнай і Усходняй Еўропы. З 2017 года ў 4 краінах (Літва, Латвія, Польшча, Эстонія) такая аперацыя, як пашыраная перадавая прысутнасць НАТА, шматнацыянальныя батальённыя групы войск (развернуты ў гэтых краінах. – Прым. БЕЛТА). Пасля мадрыдскага саміта НАТА ў чэрвені бягучага года такіх груп стала яшчэ на 4 больш – Балгарыя, Румынія, Венгрыя, Славакія. Больш за тое, прынята рашэнне аб павелічэнні іх з узроўня батальённых груп да брыгадных”.
Эксперт таксама акцэнтаваў увагу на нарошчванні ваеннай інфраструктуры ў краінах Балтыі: “Мы ведаем, што ў Літве зараз практычна нанава будуюцца тры ваенныя гарадкі: у Пабрадзе, Казлу-Рудзе і Калварыі. 4-5 кастрычніка ў Літву прыбылі войскі Германіі, 41-й танкавай брыгады. Яны будуць праводзіць вучэнні разам з літоўскімі ўзброенымі сіламі”.
Аналагічная работа праводзіцца з аб’ектамі інфраструктуры ў Латвіі і Эстоніі – яны таксама рыхтуюцца прыняць войскі НАТА ў пашыранай колькасці – брыгады і дывізіі, падкрэсліў Андрэй Чарнабай.
“Мы бачым, якія працэсы адбываюцца ў Польшчы. На пачатак гэтага года колькасць узброеных сіл была прыкладна 120 тыс.чалавек. Пастаўлена задача павялічыць гэту колькасць да 300 тыс. Прычым толькі ваеннаслужачыя – каля 250 тыс. чалавек, гэта значыць у два разы, - прывёў ён шэраг прыкладаў. – Нядаўна быў заключаны кантракт (самы вялікі ў гісторыі Польшчы, на $15 млрд.) з Паўднёвай Карэяй. Польшча там закупляе каля 1 тыс. танкаў К2 (самыя сучасныя ў свеце танкі на дадзены момант), каля 800 гаўбіц К9, каля 50 самалётаў, якія можна назваць шматцэлявымі”. Таксама, па яго словах, заключаны кантракт на пастаўку Польшчы 250 танкаў “Абрамс”вытворчасці ЗША, самалётаў F-35. Такім чынам, Польшча ў 2023 годзе збіраецца павялічыць свае ваенныя расходы да 3% УВП, а ў перспектыве да 5% УВП, сцвярджае эксперт.
Ён падкрэсліў, што за апошні час змяніліся формы і спосабы вядзення баявых дзеянняў: “Мы бачым на прыкладзе канфлікту ў Нагорным Карабахе, СВА ва Украіне, якую ролю атрымоўваюць высокадакладная зброя, рэактыўныя сістэмы залпавага агню, беспілотнікі”.
“Зразумела, усе гэтыя пытанні неабходна ўлічваць і пры ваенным будаўніцтве Рэспублікі Беларусь”, - падкрэсліў ваенны аналітык, дадаўшы, што трэба павышаць значнасць абаронча-прамысловага комплексу краіны. Ён упэўнены, што спецаперацыя ва Украіне выразна дала зразумець, наколькі важна мець сваю базу для вытворчасці ўзбраення, ваеннай тэхнікі, боепрыпасаў, наколькі важна мець запасы і таго, і другога. “Вядома, важнейшае значэнне мае маральны дух насельніцтва, ваеннаслужачых. Вышэйшым праяўленнем патрыятызму грамадзян з’яўляецца гатоўнасць абараніць сваю Айчыну са зброяй у руках. Не проста гордасць за краіну, за валоданне пашпартам канкрэтнай дзяржавы, а менавіта гатоўнасць да яе абароны”, - заявіў Андрэй Чарнабай.