Дата публикации

Эксперты аб выніках форуму “Мінскага дыялогу”

Яркія эмацыйныя даклады, вострыя пытанні, цікавыя дыскусіі – такім запомніўся міжнародны форум “Мінскага дыялогу”. Актуальнасць тэмы спрыяла адкрытай і зацікаўленай размове. А выступленне Прэзідэнта Беларусі на пленарнай сесіі выклікала вялікі рэзананс сярод палітыкаў і экспертаў. Гучныя загалоўкі адразу ж запоўнілі сусветную медыяпрастору. Аляксандр Лукашэнка не раз казаў пра тое, што градус недаверу і канфрантацыі ў міжнародных адносінах дасягнуў мяжы. І калі сёння не зрабіць рэальных крокаў насустрач адзін аднаму і ігнараваць голас дыпламатыі, то заўтра пачнуць гаварыць вайскоўцы. Адсюль і заклік беларускага лідара да сусветнай супольнасці перайсці да рашучых дзеянняў і настойлівае прасоўванне ідэі Хельсінкі-2, дыялогу ЕС і ЕАЭС, АДКБ і НАТА, стварэння “пояса лічбавага добрасуседства”. А вырашэнне канфлікту ва Украіне прэзідэнт Беларусі і наогул назваў тэстам для еўрапейскіх палітыкаў: “Трэба вырашаць гэтую праблему! Тады гэтыя дыялогі будуць мець нейкае значэнне”.

Калі на першы форум “Мінскага дыялогу” прыехала каля 500 чалавек, то гэтым разам колькасць яго ўдзельнікаў перавысіла 700. Гэта аргумент на карысць запатрабаванасці такіх дыскусій і ролі Мінска як перамоўнай пляцоўкі. Зрэшты, дырэктар Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў Алег Макараў перакананы, што справа не толькі і не столькі ў колькасці:

Олег Макаров
Олег Макаров

— Гэта не перамовы і не бізнес-форум, дзе ўсё вымяраецца пагадненнямі, камерцыйнымі кантрактамі і грашыма. Гэта пляцоўка, на якой чуюць пазіцыю Беларусі (а нам ёсць што сказаць) і на якой мы чуем іншых па пытаннях бяспекі і развіцця. Для нас гэта жыццёва неабходна – разумець, як выжыць ва ўмовах жорсткага супрацьстаяння буйных дзяржаў, сусветных лідараў і цэнтраў сілы.

Вядома, у Еўропе ёсць і іншыя аналітычныя пляцоўкі. Але ў нашай краіны ў гэтым плане асаблівая роля, падкрэсліў дырэктар БІСД:

— Мы знаходзімся на сутыку буйных геапалітычных утварэнняў, ЕС і ЕАЭС, і хацелася б, каб гэтая лінія была не лініяй разлому, а нейкім сувязным звяном, якім можа выступіць Беларусь. Гэта асабліва важна цяпер, улічваючы, што адбываецца эрозія міжнароднага права і дзяржавы лічаць, што маюць права не выконваць міжнародныя абавязкі, у аднабаковым парадку спыняюць дзеянне пагадненняў і дагавораў, якія з вялікімі намаганнямі былі дасягнуты і давалі нейкі парасон бяспекі. Такое нядбайнае стаўленне да дыпламатычных дасягненняў пасля Другой сусветнай вайны стварае асноўныя рызыкі для Еўрапейскага кантынента.

У гэтым плане заслугоўвае ўвагі прапанова Прэзідэнта Беларусі аб распрацоўцы і прыняцці шматбаковай палітычнай дэкларацыі адказных краін аб неразмяшчэнні ракет сярэдняй і меншай далёкасці ў Еўропе. Замяніць ДРСМД яна не зможа, але першым часам дазволіць запоўніць прававы вакуум у рэгуляванні гэтага сегменту ўзбраенняў. Вядома, калі ўлічыць, што даверу паміж вядучымі сусветнымі ігракамі становіцца ўсё менш, рэалізаваць міратворчыя ініцыятывы вельмі няпроста. Але магчыма, перакананы Алег Макараў:

— Тут ёсць шанец для невялікіх краін, такіх як Беларусь. Таму што буйныя ігракі будуць скептычна ставіцца да ідэй і прапаноў адзін аднаго. А вось невялікія дзяржавы, якія імкнуцца да разрадкі напружанасці, могуць зрабіць рэальны ўнёсак у адраджэнне “духу Хельсінкі”.

Манфред Хутерер.
Манфред Хутерер

Усё больш відавочна, што нашы еўрапейскія партнёры цэняць намаганні, прыкладзеныя Мінскам па стварэнні канцэпцыі еўрапейскай бяспекі, заснаванай на супрацоўніцтве.

— У Беларусі шмат прапаноў па паслабленні канфліктаў, дээскалацыі, фарміраванні даверу ў Еўропе. Гэта вельмі важна, і мы цалкам падзяляем такую пазіцыю, — заявіў пасол Германіі ў нашай краіне Манфрэд Хутэрэр..

На думку кіраўніка праўлення Цэнтра прыкладных палітычных даследаванняў “Пента” (Украіна) Уладзіміра Фясенкі, паколькі Мінск ужо традыцыйна выкарыстоўваецца як лакацыя для мірных перамоў, то лагічна абмяркоўваць праблемы еўрапейскай бяспекі ў больш шырокім фармаце:

— Ініцыятыва Беларусі па такім шырокім агульнаеўрапейскім дыялогу па пытаннях бяспекі вельмі актуальная. І думаю, яна мае пэўныя шанцы на поспех. Зноў-такі цяпер няма гатоўнасці да вялікага рамачнага дагавору, але ёсць шанец, і гэты шанец трэба паспрабаваць выкарыстаць.