Падзеі гэтага лета закранулі ўсе сферы жыцця, не пакінулі ў баку і рэлігійную. Цэрквы здзяйсняюць асаблівыя і сумесныя малітвы, дзеячы розных канфесій і святары выступаюць з заявамі, звяртаюцца ў дзяржаўныя органы, наведваюць затрыманых і пацярпелых падчас пратэстаў, выступаюць у СМІ. Шмат заяў і версій з’явілася ў медыя з нагоды змены кіраўніка Беларускай праваслаўнай царквы. У сувязі з гэтым “Звязда” папрасіла аналітыка Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў, кандыдата сацыялагічных навук, дацэнта Святлану Алейнікаву адказаць на некалькі пытанняў.
– У чым, на ваш погляд, асаблівасці адносіны грамадства да рэлігіі ў Беларусі?
Асаблівасць беларускага грамадства ў тым, што ў нас большасць насельніцтва (паводле розных замераў ад 70 да 75 працэнтаў) ідэнтыфікуе сябе з праваслаўем. Пры гэтым праваслаўных у нас больш, чым вернікаў у Бога, а само праваслаўе паспяхова ўжываецца з элементамі язычніцтва і эзатэрыкі, верай у НЛА, сурокі, хірамантыю, рэінкарнацыю і т. п.
Такая мазаіка рэлігійных уяўленняў беларусаў звязана з нашай гісторыяй, калі рэлігія часцяком станавілася “разменнай манетай” у барацьбе сумежных дзяржаў за беларускія землі. Гэта сфарміравала схаваны, няяўны, але глыбінны характар “народнага” беларускага праваслаўя, якое выступае сёння адной з асноў нашай нацыянальнай ідэнтычнасці. Сама ж Царква традыцыйна займае пазіцыі лідара ў рэйтынгах узроўню даверу грамадства. З царквой у многіх людзей звязваюцца чаканні з нагоды фарміравання базавых каштоўнасцей, традыцый, гістарычнай памяці грамадства.
– Як падзеі апошніх тыдняў паўплывалі на міжканфесійныя і міжрэлігійныя стасункі ў нашай краіне?
Мы прывыклі да таго, што памяркоўнасць да розных вераванняў і культур з’яўляецца візітнай карткай беларусаў, своеасаблівым брэндам нашай краіны. Рэлігійная тканіна грамадства складвалася стагоддзямі, міжрэлігійныя адносіны ў Рэспубліцы Беларусь характарызуюцца стабільнасцю, а канфесійная структура беларускага грамадства за апошнія пяць-дзесяць гадоў не зведала істотных змен, што сведчыць аб яе сфарміраванасці і ўстойлівасці.
Наколькі змянілася (калі змянілася) стаўленне грамадства да царквы і да іншых канфесій, дастаткова дакладна пакажуць сацыялагічныя замеры, аднак рызыкну выказаць здагадку, што нават у выпадку прыкметных змен яны будуць насіць часовы характар. Грамадства наэлектрызаванае, адчувае пастаянную “накачку” і маніпуляцыйнае ўздзеянне інфармацыйнага поля і таму схільнае да эмацыйных ацэнак.
Апытанні грамадскай думкі дазволяць вызначыць рэальнае месца рэлігіі і ступень яе ўплыву на бягучыя палітычныя працэсы без прыпісвання ёй жаданых, але не заўсёды адпаведных рэчаіснасці прыкмет і функцый. Гэта дапамагло б зразумець не толькі грамадству, але і самой Царкве яе рэальнае месца ў сучасным соцыуме.
– У чым небяспека ўмяшання дзяржавы ва ўнутраныя справы царквы?
Пытанне цікавае. Гледзячы што лічыць умяшаннем або неўмяшаннем дзяржавы. Напрыклад, тое, што Царква ў Рэспубліцы Беларусь вызвалена ад выплаты падатку на нерухомасць і зямельнага падатку – гэта ўмяшанне дзяржавы?
Рэстаўрацыя дзяржавай помнікаў архітэктуры, у тым ліку храмаў – гэта ўмяшанне дзяржавы? Поўнае самаўхіленне дзяржавы – гэта амерыканская ліберальная мадэль дзяржаўна-канфесійных адносін, калі рынак рэлігійных паслуг абсалютна вольны і нікому (як многія думаюць) непадкантрольны. З аднаго боку, быццам бы прывабна; з другога боку, мы ў сярэдзіне 1990-х пайшлі па гэтым шляху і сутыкнуліся са скачкападобным ростам сект, неакультаў, новых рэлігійных рухаў, некаторыя з якіх, як мы памятаем, насілі дэструктыўны характар, а офісы большасці з іх знаходзіліся і знаходзяцца ў ЗША.
У той жа час, згодна з Законам Рэспублікі Беларусь “Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях”, “дзяржава не ўскладае на рэлігійныя арганізацыі выкананне якіх-небудзь дзяржаўных функцый, не ўмешваецца ў дзейнасць рэлігійных арганізацый, калі яна не супярэчыць заканадаўству Рэспублікі Беларусь”. Царква сама вызначае сваю структуру, парадак набажэнстваў, унутранага кіравання і г. д.
– Ці павінна і ці можа Царква трымацца далей ад палітычных працэсаў у грамадстве?
Тут лепш адказаць словамі самой Царквы, палажэннем яе Сацыяльнай канцэпцыі, якое абвяшчае, што “ва ўзаемаадносінах паміж Царквой і дзяржавай павінна ўлічвацца адрозненне іх прырод... Мэтай Царквы з’яўляецца вечнае выратаванне людзей, мэта дзяржавы заключаецца ў іх зямным дабрабыце”. Чакаць ці тым больш патрабаваць ад Царквы нейкіх імгненных заяў, падладжвання пад палітычную кан’юнктуру – не разумець сутнасці і прызначэння Царквы. Гэта два арганізмы з зусім рознымі задачамі і бачаннем сваёй ролі ў гэтым свеце.
Любая рэлігія – гэта ўстойлівая мадэль узнаўлення такіх базавых катэгорый, як каштоўнасці, сям’я, стаўленне да працы, блізкіх і інш. Праваслаўе і Царква як сацыяльная мадэль найбольш блізкія да канцэпцыі сацыяльнай дзяржавы. Убудаванне гэтай мадэлі ў стратэгічныя напрамкі развіцця нашай дзяржавы будзе спрыяць рэалізацыі агульных мэт.
– Як вы ацэньваеце нядаўнюю змену кіраўніцтва Беларускай праваслаўнай царквы?
У гэтым няма чагосьці звышнеардынарнага, бо мы ўжо перажылі адну змену Патрыяршага Экзарха, калі ў 2013 годзе мітрапаліта Філарэта змяніў мітрапаліт Павел. Гэта заканамерны працэс для любой арганізацыі, шлях развіцця, руху наперад. Для вучонага і аналітыка, магчыма, быў бы цікавы аналіз магчымых раскладаў, унутраных рухаў і наступных кадравых перастановак. Для нерэлігійнага чалавека, хутчэй за ўсё, гэта падзея наогул пройдзе незаўважанай, а для верніка галоўнае – храм, малітва, магчымасць адчуваць сябе ва ўлонні Царквы.
– Ці зменіцца, на ваш погляд, курс развіцця Беларускай праваслаўнай царквы са зменай яе лідара?
Напэўна, пра гэта рана казаць, тым больш што на знешнім контуры Беларуская праваслаўная царква (Беларускі Экзархат) не з’яўляецца самастойным суб’ектам, уяўляючы сабой структурнае падраздзяленне Рускай праваслаўнай царквы, гаворачы сучаснай мовай – тэрытарыяльны офіс. А Руская праваслаўная царква адчувае цяпер няпростыя часы, звязаныя з расколам праваслаўнага свету і размежаваннем праваслаўных памесных цэркваў з нагоды ўкраінскага томаса.
У той жа час новы Патрыяршы Экзарх – кампрамісная фігура для бурлівага беларускага соцыуму і яго слова як ніколі будзе значна. З тым, што Патрыяршым Экзархам упершыню стаў ураджэнец Беларусі і выпускнік беларускай духоўнай установы, многія звязваюць чаканні новага этапу ў развіцці нацыянальнай духоўнай традыцыі: пытанняў адукацыі, выдавецкай дзейнасці, міжнароднай пазнавальнасці беларускіх святынь.
– Як вы прагназуеце змяненне адносін грамадства да рэлігійных арганізацый пасля пераадолення грамадска-палітычнага крызісу ў Беларусі?
Мы зараз знаходзімся ў парадыгме пераадолення, рана ці позна вернемся да парадыгмы развіцця. Крызіс у перакладзе з грэцкага – паваротны пункт, пункт пачатку новага шляху. Царква назапасіла велізарны досвед працы з найбольш уразлівымі пластамі насельніцтва, мае найбольш высокі ўзровень даверу ў грамадстве і валодае значным патэнцыялам добраахвотніцтва. Па сваёй прыродзе яна стаіць над сутычкамі і акопамі. Гэта можа стаць адной з асноўных пунктаў судакранання і “перазагрузкі” адносін грамадства, Царквы і дзяржавы.