Адсутнасць безальтэрнатыўных акруг на выбарах у Палату прадстаўнікоў сёмага склікання кажа пра тое, што ў беларускім грамадстве расце цікавасць да гэтай палітычнай падзеі. Такое меркаванне карэспандэнту БЕЛТА выказаў аналітык Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў Алег Карнееў.
Эксперт адзначыў, што канкурэнцыя на цяперашніх парламенцкіх выбарах значна вышэйшая, чым на папярэдніх, 2016 года. “Вельмі мала акруг, дзе ўсяго толькі два кандыдаты ў дэпутаты. Ёсць акругі, дзе іх па сем-восем, на этапе рэгістрацыі даходзіла да дзевяці. Цікавасць да выбараў расце, яна прыкметная”, – сказаў Алег Карнееў.
Ён растлумачыў, што гэта можа быць звязана з тым, што ў грамадстве існуе пэўны запыт на тое, каб дэпутаты больш актыўна выказвалі сваю пазіцыю. Гэта супадае з меркаваннем кіраўніка дзяржавы, які ў маі на нарадзе па арганізацыі і правядзенні выбараў адзначаў, што парламент павінен стаць дыскусійнай пляцоўкай для дыялогу дэпутатаў з рознымі палітычнымі поглядамі.