Беларускі інстытут стратэгічных даследаванняў прайшоў няпросты шлях станаўлення і змог стаць адной з самых аўтарытэтных структур у нашай краіне. Аб гэтым заявіў кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Ігар Сергяенка падчас праведзенай сёння сустрэчы з калектывам Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў.
Адкрываючы сустрэчу, кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта адзначыў, што хацеў бы пабудаваць яе на абмеркаванні двух блокаў: што атрымалася ў БІСД, што ў пазітыве, і над чым трэба будзе працаваць далей. Ігар Сергяенка назваў мноства важных задач, якія выконвае інстытут, асабліва адзначыўшы падрыхтаваныя БІСД аналітычныя матэрыялы аб эканамічных і палітычных працэсах у нашай краіне і за мяжой, арганізацыю сацыялагічных даследаванняў, стварэнне ўласнай онлайн-тэхналогіі сацапытанняў і многія іншыя аспекты.
– Важным этапам работы інстытута стала стварэнне рэгіянальных аддзяленняў, як вынік – павышэнне якасці працы. У рэгіёнах пазітыўна адклікаюцца аб дзейнасці iнстытута работнікі выканкамаў рознага ўзроўню, бяруць на ўзбраенне вашу тэрміналогію. Аператыўна спрацавалі супрацоўнікі Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў і ў адзіны дзень галасавання. Прыкметна ўзрасла прысутнасць аналітыкі інстытута ў медыйнай прасторы нашай краіны.
Пры гэтым Ігар Сергяенка падкрэсліў:
– Але самае галоўнае – сфарміраваны працаздольны калектыў з сур'ёзным навуковым патэнцыялам. Людзі прыйшлі з розных галін, сфер, вышэйшых навучальных устаноў, даследчых цэнтраў, органаў улады і кіравання. Прафесійны рост, далейшы рух у вас павінен быць пастаянна. Калектыў на сённяшні дзень здольны вырашаць складаныя задачы ва ўмовах абмежаванага часу.
Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта адзначыў няпростыя знешнія ўмовы, у якіх сёння даводзіцца працаваць і развівацца нашай краіне:
– Цалкам дэградавала сістэма міжнароднай бяспекі, краіна знаходзіцца пад беспрэцэдэнтным санкцыйным ціскам, працягваюцца спробы ўмяшання ва ўнутраныя справы Беларусі звонку. Няпростая абстаноўка складваецца ля нашых межаў. Дэструктыўныя рэсурсы актыўна распаўсюджваюць дэзінфармацыю, у якой простаму абывацелю складана разабрацца, ды і спецыялістам часам. Усё гэта робіцца для таго, каб дэстабілізаваць сітуацыю ў краіне.
Звяртаючыся да супрацоўнікаў БІСД, Ігар Сергяенка заклікаў актыўна ўдзельнічаць у выпрацоўцы інструментаў процідзеяння санкцыйнай палітыцы, быць больш актыўнымi ў міжнароднай сферы: аналітыка сітуацыі ў канкрэтных краінах заўсёды будзе запатрабаваная. Гэтыя матэрыялы выкарыстоўваюцца для выбудоўвання двухбаковых адносін і ў цэлым пры рэалізацыі знешнепалітычнага курсу дзяржавы. Важнае месца займае аналіз працэсаў у беларускім грамадстве, вызначэнне фактараў, якія ўплываюць на настроі грамадзян і іх сацыяльнае самаадчуванне. Таксама варта яшчэ больш пiльна вывучаць праблемы і пагрозы для дзяржавы і грамадства:
– Прычым не толькі як канстатацыю фактаў і падзей, але і з выпрацоўкай прапаноў, якія дапамогуць знайсці рашэнне праблем і рухацца наперад. Асабліва ў грамадска-палітычнай сферы. Гэтаму напрамку трэба надаць больш увагі. Не адрываючыся ад жыцця.
Ігар Сергяенка падкрэсліў:
– БІСД павінен стаць кузняй кадраў для дзяржаўных органаў, Адміністрацыі Прэзідэнта. Неабходна больш цесна ўзаемадзейнічаць з упраўленнямі Адміністрацыі Прэзідэнта. Інстытут прайшоў няпросты шлях станаўлення і змог стаць адной з самых аўтарытэтных структур Беларусі. Такога ўзроўню аналітыкі ў краіне патрэбныя.
Падчас сустрэчы адбылася таксама ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання супрацоўнікаў Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў Ганаровай граматай Адміністрацыі Прэзідэнта – яе ўдастоіўся аналітык БІСД Юрый Ярмалінскі. Падзяка кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта аб'яўлена супрацоўнікам Інстытута Алегу Самавукіну, Вользе Лазоркінай, Алегу Корапаву і Аляксею Волкаву.
Таксама былі зачытаны вітальныя адрасы ад старшыні Савета Рэспублікі Наталлі Качанавай, Дзяржсакратара Савета Бяспекі Аляксандра Вольфавіча, міністра замежных спраў Сяргея Алейніка. Адбылося таксама ўручэнне ўзнагарод супрацоўнікам БІСД ад Савета Міністраў.
Беларускі інстытут стратэгічных даследаванняў з'яўляецца фабрыкай думкі, заснаванай Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь 12 лютага 2019 года ў мэтах інфармацыйна-аналітычнага забеспячэння дзейнасці дзяржаўных органаў і службовых асоб па стратэгічных напрамках знешняй і ўнутранай палітыкі. У сваёй дзейнасці БІСД ажыццяўляе ўзаемадзеянне з навуковымі арганізацыямі, аналітычнымі інстытутамі і цэнтрамі (аналітычнымі падраздзяленнямі юрыдычных асоб), установамі вышэйшай адукацыі (у тым ліку замежных дзяржаў) па пытаннях развіцця навуковых даследаванняў і падрыхтоўкі навуковых работнікаў вышэйшай кваліфікацыі. Таксама Інстытут ажыццяўляе распрацоўку рэкамендацый па выкарыстанні вынікаў навуковых даследаванняў і садзейнічанне іх практычнаму ўкараненню.