Аналітык БІСД Сяргей Жук (аддзяленне па Брэсцкай вобласці) прыняў удзел у інфармацыйным кансультаванні ідэалагічнага актыву арганізацый і прадпрыемстваў Маскоўскага раёна Брэста на тэму «Арганізацыя ідэалагічнай работы ў працоўных калектывах: формы, метады і ўмовы дзейнасці, камунікатыўныя кампетэнцыі».
У выступленнi было адзначана, што па выніках праведзенага апытання працоўная моладзь Брэсцкай вобласці задаволена ўмовамі працы на працоўным месцы, рэжымам працы, магчымасцю павышэння кваліфікацыі, адносінамі ў працоўным калектыве (больш за 80 працэнтаў апытаных), сацыяльным пакетам у арганізацыі (больш за 75 працэнтаў), магчымасцямі кар'ернага росту (каля 65 працэнтаў). Амаль 60 працэнтаў апытаных задаволены велiчыней заработнай платы. 50 працэнтаў рэспандэнтаў выказалі меркаванне, што ўсе ці амаль усе веды і навыкі, набытыя ў працэсе навучання, апынуліся карыснымi ў працоўнай дзейнасці, яшчэ 30 працэнтаў – што толькі частка з іх.
Сёння адзначаецца запыт на сумленную і адкрытую камунікацыю. Больш за 30 працэнтаў рэспандэнтаў хацелі б прыняць удзел у дыскусійных пляцоўках і круглых сталах з удзелам кіраўніцтва мясцовых органаў улады, каля 20 – з прадстаўнікамі рэспубліканскіх органаў кіравання. Больш чым для 15 працэнтаў цікавы зносіны з прадстаўнікамі інстытутаў грамадзянскай супольнасці, праваахоўных органаў, царквы. Аўтарытэтам для працоўнай моладзі з'яўляецца меркаванне кіраўніка дзяржавы, бацькоў, экспертаў у пэўных сферах. Нягледзячы на актыўнае спажыванне інфармацыі на пляцоўках YouTube, TikTok, Instagram і іншых сацыяльных сетак толькі 5 працэнтаў апытаных лічаць аўтарытэтным меркаванне блогераў.
Для сучаснай моладзі характэрна актыўнае стаўленне да навакольнай рэчаіснасці. Амаль для 80 працэнтаў рэспандэнтаў цікавы ўдзел у грамадскай дзейнасці. У топе пераваг удзел у валанцёрстве і дабрачыннасці, спартыўных ініцыятывах (амаль 40 працэнтаў), творчых (25 працэнтаў) і інтэрнэт-праектах (20 працэнтаў). Больш за 15 працэнтаў бачаць магчымасць рэалізаваць сябе ў мерапрыемствах ваенна-патрыятычнай накіраванасці, што з'яўляецца маркерам гатоўнасці абараняць сваю краіну.
Пра значную ролю традыцыйных для беларускага грамадства каштоўнасцяў сведчаць жыццёвыя мэты, да якіх імкнуцца апытаныя. Для 70 працэнтаў гэта стварэнне сям'і і выхаванне дзяцей, для 55 працэнтаў – прафесійная самарэалізацыя і самаўдасканаленне, для 30 – пазнанне свету і падарожжа, для 25 – здаровы лад жыцця, яркія эмоцыі і ўражанні і матэрыяльны дабрабыт.