3 снежня 2021 года ў БІСД адбыўся круглы стол, прысвечаны абмеркаванню вынікаў даследавання “Пакаленне Z: устаноўкі і каштоўнасці сучаснай беларускай моладзі”(вывучалася моладзь 14-17 гадоў). Сярод запрошаных гасцей – эксперты-сацыёлагі, прадстаўнікі сістэмы адукацыі, маладзёжных грамадскіх арганізацый і органаў дзяржаўнага кіравання.
Аналітыкі БІСД праінфарміравалі прысутных аб выяўленых у працэсе даследавання найбольш значных момантах светапогляднага і паводніцкага характару, уласцівых пакаленню.
Экспертамі адзначалася, што сучасная беларуская моладзь у масе сваёй – канструктыўная, мабільная, накіраваная на поспех і развіццё частка грамадства, якая валодае высокім патэнцыялам, гатовая дабівацца сваіх мэт.Нягледзячы на выражаны індывідуалізм і высокае значэнне матэрыяльнага фактару, моладзь з’яўляецца пазітыўнай часткай грамадства, “нястрачаным пакаленнем”, для якога важным з’яўляецца як развіццё дзяржавы, так і асабістая самарэалізацыя. Ва ўяўленнях маладых людзей “тройка” крытэрыяў іх жыццёвага поспеху выглядае ў русле традыцыйных каштоўнасцей – павага людзей, моцнае здароўе і добрая сям’я.
Выказаныя ўдзельнікамі мерапрыемства ацэнкі, меркаванні і канкрэтныя прапановы будуць улічаны ў далейшым даследаванні БІСД маладзёжнай праблематыкі.
Прывядзем асобныя факты аб беларускім пакаленні Z.
Сацыяльны аптымізм і жыццёвыя стратэгіі.
Для моладзі важна быць не як усе, не злівацца з натоўпам, адстойваць свае інтарэсы. Так, у ліку правоў і свабод найбольшую каштоўнасць маюць валоданне і свабоднае распараджэнне маёмасцю (92,7%), магчымасць набыць тавары любога вытворцы, а таксама выражаць свае погляды.
Галоўнымі жыццёвымі мэтамі пакалення Z з’яўляюцца дасягненне дзелавога поспеху, пабудова кар’еры (60,3%), захаванне і ўмацаванне здароўя (51,6%), стварэнне шчаслівай сям’і (49,5%). Топ-5 жыццёвых прыярытэтаў дапаўняе жаданне стаць прафесіяналам у сваёй спецыяльнасці і разбагацець.
На думку маладых людзей, гарантыяй іх шчаслівай будучыні выступае адкрыццё ўласнага бізнеса (51,8%), устаноўкі “многа, настойліва працаваць” (48,8%), “пастаянна вучыцца, павышаць сваю кваліфікацыю” (47,7%). (47,7%).
У цэлым моладзь дэманструе высокую ступень задаволенасці сваім жыццём. Каля 80 працэнтаў маладых людзей ацэньваюць сваё жыццё ў той або іншай ступені пазітыўна. Дзве трэція (64%) лічаць, што ў бліжэйшы час іх жыццё палепшыцца.
Самарэалізацыя і камунікацыя
Маладыя беларусы дастаткова вялікую ўвагу надаюць як валанцёрскай дзейнасці, так i магчымасці падработкі.. У прыватнасці, за апошні год больш за палову юнакоў і дзяўчат (55,5%) дабравольна і бясплатна дапамагалі выконваць нейкую работу. Уключыцца ў дадзеную дзейнасць моладзі дапамагаюць установы адукацыі, клубы па інтарэсах (спартыўныя, музычныя і інш.), маладзёжныя, дабрачынныя, рэлігійныя арганізацыі, медыцынскія ўстановы. У большасці юнакоў і дзяўчат (61,7%) ёсць вопыт заробку грошай без дапамогі бацькоў і родных (работа на прадпрыемстве, у сельскай гаспадарцы, у гандлі і г.д.).
Найбольш папулярнымі формамі зносін з сябрамі, знаёмымі для маладых беларусаў з’яўляюцца сустрэчы ў парку, на вуліцы (76,9%) і зносіны ў сетцы, месенджарах (72,2%). Меншай папулярнасцю карыстаюцца сустрэчы дома (43,3%), наведванне забаўляльных клубаў, дыскатэк, бараў, кавярняў (20,1%), удзел у культурна-адукацыйных мерапрыемствах (кіно, выставы, тэатры і інш.) (18,5%), спартыўна-турыстычных мерапрыемствах (14,7%).
Моладзь у Інтэрнеце
У інтэрнет-прасторы пакаленне Z з’яўляецца найбольш актыўнай групай. Пераважная большасць рэспанднтаў ва ўзросце ад 14 да 17 гадоў (85,2%) часцей за ўсё заходзяць у сацыяльныя сеткі. Прыкметна менш запатрабаванымі ў маладых беларусаў з’яўляюцца сайты з інфармацыяй даведачнага характару, блогі і паштовыя серверы.
Найбольш папулярнымі сацыяльнымі медыя, якія выкарыстоўваюцца беларускай моладдзю некалькі разоў на дзень, з’яўляюцца TikTok (63,5%), Instagram (63,4%), ВКонтакте (60,1%) і YouTube (58,7%). Дастаткова запатрабаванымі сродкамі камунікацыі з’яўляюцца месенджар Telegram і Viber – імі штодзённа карыстаюцца 53,4% і 29,1% адпаведна. Найменш папулярнымі сярод юнакоў і дзяўчат сеткамі сталі Facebook, Likee, Аднакласнікі – да іх звяртаецца менш за 5% рэспандэнтаў.
Атрыманыя вынікі паказалі, што сучасная беларуская моладзь сацыяльна актыўная, арыентаваная на поспех, дабрабыт і самарэалізацыю. Далейшае вывучэнне дынамікі жыццёвых прыярытэтаў і каштоўнасцей моладзі дазволіць дзяржаве фарміраваць маладзёжную палітыку, якая ўлічвае запатрабаванні і чаканні падрастаючага пакалення, каторае ў многім вызначыць вобраз будучыні нашай краіны.
Інфармацыя падрыхтавана па дадзеных рэспубліканскага сацыялагічнага даследавання, праведзенага па заказу БІСД 6-20 верасня 2021 года Цэнтрам сацыяльна-гуманітарных даследаванняў УА “Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт”сярод моладзі ва ўзросце ад 14 да 17 гадоў метадам анкетавання. Аб’ём выбаркі склаў 2034 рэспандэты.