Набліжаецца свята Вялікай Перамогі.
Намаганні, якія прадпрымаюцца дзяржавай, грамадскімі арганізацыямі, зацікаўленымі ў захаванні і ўмацаванні гістарычнай памяці, гавораць аб тым, што гэта работа эфектыўная. І гэта нягледзячы на мэтанакіраваныя спробы ўкінуць розныя негатыўныя і правакацыйныя інфармацыйныя падставы, у тым ліку і тыя, якія датычыліся падзей і персаналій перыяду Другой сусветнай вайны і Вялікай Айчыннай. Асабліва адчувальным гэта было ў юбілейныя гады 80-годдзя Перамогі над нацысцкай Германіяй.
БІСД займаецца даследаваннем у тым ліку і гістарычнай праблематыкі. На працягу некалькіх гадоў мы праводзім навукова-даследчую работу, якая ўключана ў якасці аднаго з заданняў у дзяржаўную праграму навуковых даследаванняў на 2021-2025 гады. Яна датычыцца тэматыкі гістарычнай палітыкі Рэспублікі Беларусь, або палітыкі памяці. Гэта міждысцыплінарнае даследаванне, дзе побач з гісторыкамі прымаюць удзел сацыёлагі, палітолагі, юрысты, г.зн. забяспечваецца комплексны падыход. На працягу некалькіх гадоў па заказу БІСД Інстытут сацыялогіі НАН Беларусі праводзіў сацыялагічныя замеры аб тым, як адносіцца насельніцтва Беларусі цалкам да падзей мінулага, розных гістарычных перыядаў, у тым ліку якое месца займае гісторыя падзей і персаналій Вялікай Айчыннай вайны ў гістарычнай памяці беларусаў.
У прыватнасці, па дадзеных сацапытанняў, праведзеных у 2021-2022 гадах, рэспандэнтам прапаноўвалася адказаць на пытанне: якую падзею яны лічаць галоўнай у гісторыі Беларусі. 47,2% апытаных адказалі – вызваленне Беларусі ад нямецка-фашысцкай акупацыі. Другое месца – здабыццё Беларуссю дзяржаўнай незалежнасці (42,6%). Яшчэ адна шкала – што з пералічанага можна назваць прадметам нацыянальнай гордасці? Дзве пазіцыі ў Топ-3 датычацца Вялікай Айчыннай вайны. Першая – 45,8% - уклад беларускага народа ў перамогу над нацысцкай Германіяй, трэцяя – партызанскі і падпольны рух у гады Вялікай Айчыннай вайны (34,9%).
Дык як жа адносіцца насельніцтва да Дня Перамогі? Магу сказаць, што адно з пытанняў, якое ставілася перад удзельнікамі сацдаследаванняў, датычылася таго, з чым у іх асацыіруецца Вялікая Айчынная вайна. Найбольшая колькасць беларусаў вызначылася з трыма асноўнымі асацыяцыямі . На першым месцы – Вялікая Перамога нашых бацькаў і дзядоў (52,9%), другое – гераічны подзвіг савецкага народа (50,2%) і трэцяе – цяжкія выпрабаванні для беларускага народа (42,6%).
Большасць грамадзян лічаць, што 9 мая – дзень гераізму беларускага народа, народнае свята для грамадзян Беларусі і іншых краін былога Савецкага Саюза, дзень памяці і смутку па ўсіх, хто загінуў.
Нягледзячы на негатыўны інфармацыйны фон, які ідзе з-за мяжы, адносіны беларусаў да падзей Вялікай Айчыннай вайны паважлівыя. У нашых грамадзян выпрацаваўся і захоўваецца стойкі імунітэт да спроб падмены аб’ектыўных гістарычных фактаў кан’юктурнымі і суб’ектыўнымі трактоўкамі падзей мінулага, цэнтральнае месца ў якім займае Вялікая Айчынная вайна.