У сувязі з пандэміяй каранавіруса COVID-19, а таксама з улікам указанняў міністра абароны ЗША амерыканскае камандаванне ў Еўропе абвясціла пра змяненне ходу вучэнняў Defender-Europe 20 ("Абаронца Еўропы-20"). Мерапрыемствы адкарэктаваныя, колькасць удзельнікаў з ЗША значна скарочаная. Звязаныя з Defender-Europe 20 вучэнні "Дынамічны фронт", "Сумесная ацэнка баявых дзеянняў", "Шабельны ўдар" і "Хуткае рэагаванне" праводзіцца не будуць наогул. Баявая група бранятанкавай брыгады, ужо разгорнутая ў Еўропе, правядзе сумесныя з саюзнікамі мерапрыемствы ў рамках мадыфікаванага вучэння "Саюзны дух".
Верагодна, рашэнне прымалася ў кароткія тэрміны. Не далей як 9 сакавіка камандаванне Узброеных сіл ЗША ў Еўропе адзначала, што Defender-Europe 20 "нарастае", і запрашала прадстаўнікоў прэсы прыняць удзел у мерапрыемстве для СМІ 14 сакавіка ў порце Флісінген у Нідэрландах, куды прыбывалі з кантынентальнай Амерыкі гусенічныя і колавыя машыны і іншае абсталяванне 2-й брыгаднай баявой групы 1-й бранятанкавай дывізіі "для працягу найбуйнейшага разгортвання амерыканскіх войскаў у Еўропе".
Па першапачатковай задумцы, з 37 тыс. удзельнікаў вучэнняў больш за 20 тыс. павінны былі прыбыць у Заходнюю Еўропу з ЗША са сваім узбраеннем, ваеннай і спецыяльнай тэхнікай, матэрыяльнымі і транспартнымі сродкамі, а затым адправіцца на ўсход. Асабовы склад і тэхніка прыбывалі ў Еўропу на караблях і самалётах, з выкарыстаннем 14 марскіх і паветраных партоў у Нідэрландах, Бельгіі, Францыі і Германіі, а затым чыгуначным і аўтамабільным транспартам накіроўваліся на вызначаныя для правядзення вучэння палігоны ў Польшчу і краіны Балтыі.
Са студзеня амерыканская армія паспела перавезці ў Еўропу каля 6000 вайскоўцаў, некалькі тысяч адзінак транспартных сродкаў і рознага абсталявання. Завершана перасоўванне асабовага складу і ўзбраення з некалькіх партоў у трэніровачныя раёны (палігоны) у Германіі і Польшчы. З 13 сакавіка ўсе перамяшчэнні войскаў і тэхнікі з ЗША ў Еўропу спыніліся.
Такім чынам, самае буйнамаштабнае за апошнія 25 гадоў ваеннае вучэнне, якое яшчэ з восені мінулага года атрымала шырокі інфармацыйны рэзананс, было практычна сарвана. Пастаўленыя мэты не дасягнутыя: магчымасць ЗША ў кароткія тэрміны перамясціць і разгарнуць значныя баявыя сілы ў Еўропе для падтрымкі іншых краін НАТА і рэагавання на крызісныя сітуацыі засталася пад сумневам, здольнасць армейскага камандавання каардынаваць з саюзнікамі і партнёрамі перасоўванне па чыгунцы воінскіх эшалонаў і ваенных аўтамабільных калон па аўтастрадзе ў належнай ступенi не вывучана.
Нельга выключаць, што ў бліжэйшы час будзе прынята рашэнне па канчатковай адмове ад далейшага правядзення Defender-Europe 20. Да прыкладу, Афрыканскае камандаванне ЗША ўжо аб’явіла, што шматнацыянальнае вучэнне "Афрыканскі леў", якое павінна было адбыцца ў Марока, будзе адменена "для абароны ад распаўсюду COVID-19".
Рашэнне з гуманітарнага пункту гледжання і з улікам рэкамендацый СААЗ, несумненна, правільнае. Жыццё і здароўе вайскоўцаў у мірны час з’яўляюцца галоўнымі каштоўнасцямі для арміі любой дзяржавы. Справа тут далёка не ў іміджавых стратах, а нашмат больш сур’ёзная.
Армія павінна заставацца арміяй у любым становішчы. Ваенныя вучэнні праводзяцца ва ўмовах, максімальна набліжаных да баявых. Яны, па сутнасці, імітуюць непасрэдныя баявыя дзеянні, і войскі працуюць так, як працавалі б на рэальнай вайне. А на вайне могуць быць і нечаканасці. Напрыклад, прымяненне праціўнікам бактэрыялагічнай (біялагічнай) зброі. І ў гэтых умовах трэба працягваць весці бой, выконваць пастаўленую задачу.
Для забеспячэння баяздольнасці войскаў у такой сітуацыі ў кожным баявым злучэнні і воінскай частцы маюцца спецыяльныя падраздзяленні, прызначаныя для абароны ад радыяцыйнай, хімічнай і біялагічнай зброі. А кожны вайсковец мае неабходныя сродкі абароны і навучаны выконваць свае функцыянальныя абавязкі ў іх. Існуюць і медыцынскія падраздзяленні, маюцца ваенныя ўрачы, у тым ліку санітарныя, якія ажыццяўляюць кантроль за выкананнем вайскоўцамі неабходных санітарна-эпідэміялагічных правілаў.
Аднак у дадзеным выпадку гэтая сістэма не спрацавала. А каранавірус COVID-19, хоць вельмі небяспечны і непрадказальны, усё ж не ідзе ні ў якое параўнанне з рэальнай бактэрыялагічнай зброяй. Не выключана, што такім чынам сухапутныя войскі ЗША ненаўмысна агалілі адно з сваіх самых уразлівых месцаў, падаўшы патэнцыяльным праціўнікам новы напрамак для развіцця стратэгічнага стрымлівання Штатаў.
Зрэшты, для спецыялістаў гэта не навіна. Яшчэ ў 2016 годзе эксперты нацыянальнай камісіі па пытаннях развіцця сухапутных войскаў ЗША выказалі трывогу ў дачыненні да ходу мадэрнізацыі арміі. Гаворачы пра недахопы сухапутных войскаў, эксперты звярнулі ўвагу на стан войскаў радыяцыйнай, хімічнай і біялагічнай абароны. А ў жніўні 2019 года ў часопісе National Defense адзначалася, што большая частка магчымасцей сродкаў РХБЗ, наяўных у арміі ЗША, была задумана амаль дзесяць гадоў таму і наўрад ці "зможа вытрымаць і супрацьстаяць пагрозам будучыні". Важна і тое, што за больш чым тры дзесяцігоддзі ў ЗША не было праведзена ніводнага буйнога вучэння, звязанага з імітацыяй прымянення зброі масавага знішчэння.
І ў гэты раз Узброеныя сілы ЗША адмовіліся ад шанцу выпрабаваць сябе на трываласць. Іншы шлях быў – можна было выключыць кантакты з мясцовым насельніцтвам, арганізаваць у войсках шэраг каранцінных мерапрыемстваў, адны з этапаў спалучаных вучэнняў правесці з выкарыстаннем сродкаў абароны, іншыя – скарочаным складам, трэція перавесці ў разрад камандна-штабных вучэнняў і трэніровак. Як кажуць, на вайне як на вайне. Важна было выканаць усе пастаўленыя задачы, і тады армія ЗША выглядала б годна.
А лепш за ўсё – змяніць мэты вучэнняў на мірныя. Еўропа сёння сапраўды мае патрэбу ў абароне. І некалькі тысяч арганізаваных і навучаных вайскоўцаў маглі б прынесці рэальную карысць сваім саюзнікам – ачапленнем раёнаў каранціну і выстаўленнем блок-пастоў, правядзеннем дэзінфекцыі аб’ектаў, прадастаўленнем транспарту для перавозак грузаў і эвакуацыі грамадзян, дастаўкай у населеныя пункты прадуктаў харчавання і пітной вады, устаноўкай палявых шпіталяў і размяшчэннем там тых, хто захварэў. У гэтым выпадку армія ЗША ўвайшла б у гісторыю як рэальны абаронца Еўропы 2020 года.
А ў гэты ж час у тых жа ўмовах у Рэспубліцы Беларусь праходзіць комплексная праверка баявой і мабілізацыйнай гатоўнасці злучэнняў і воінскіх частак Узброеных Сіл. Праводзяцца мерапрыемствы па пераводзе войскаў у вышэйшыя ступені баявой гатоўнасці, з запасу прызываецца асабовы склад, воінскія часці выконваюць вучэбна-баявыя задачы на палігонах, правяраецца сістэма тэрытарыяльнай абароны. Беларускія вайскоўцы гатовыя выконваць задачы па прызначэнні ў любым становішчы. Бо яны вучацца ваяваць на роднай зямлі.