Сёння Латвійская Рэспубліка, як і ўсе краіны Балтыі, праходзіць няпросты этап свайго развіцця. З-за пандэміі каранавіруса, чаканага скарачэння фінансавай дапамогі па лініі ЕС (у сілу Брэкзіта), сыходу расійскіх транзітных грузаў зніжаюцца тэмпы росту эканомікі і фарміруюцца негатыўныя грамадскія настроі.
У існуючых няпростых умовах Беларусь і Латвія могуць дапамагчы адзін аднаму мінімізаваць наступствы складаных рэалій сучаснасці і стварыць базавыя ўмовы для ўсталявання стратэгічнага супрацоўніцтва.
Рост кантактаў паміж дзвюма краінамі, які намеціўся ў апошні час, адкрывае новыя магчымасці для партнёрства. Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А.Лукашэнка падчас сустрэчы 16 студзеня 2020 года з прэм’ер-міністрам Латвійскай Рэспублікі К.Карыньшам адзначыў:
... У адрозненне ад іншых балтыйскіх дзяржаў, фон супрацоўніцтва паміж нашымі краінамі добры. Я мяркую, што нам трэба скарыстацца гэтым момантам і сур’ёзна пашырыць наша супрацоўніцтва...
Выбудоўванне канструктыўнага ўзаемадзеяння з афіцыйнай Рыгай магчыма вакол шэрагу стратэгічных напрамкаў: транспартна-транзітнай сферы, энергетыкі і інвестыцый.
Перавалка тавараў праз марскія парты з’яўляецца важным складнікам эканомікі Латвіі. На фоне зніжэння зацікаўленасці расійскіх дзелавых колаў у выкарыстанні латвійскага транзіту, расце цікавасць да грузапатокаў з Беларусі і пасрэдніцтва беларускага боку па наладжванні кантактаў з Кітаем у рамках ініцыятывы "Адзін пояс і адзін шлях".
У 2023 годзе плануецца завяршэнне мадэрнізацыі чыгуначнага калідора з Беларусі да партоў Латвіі, што створыць умовы для выхаду латвійскага транзіту да Оршы. Развіццё беларускай свабоднай эканамічнай зоны – “Брэміна-Орша”, пачатак якому быў закладзены ў 2019 годзе, стварае перадумовы для нарошчвання тавараабароту паміж дзяржавамі.
Прагматычная пазіцыя Латвіі па пытанні набыцця беларускай электраэнергіі БелАЭС таксама можа стаць залогам выбудоўвання канструктыўнага ўзаемадзеяння.
Латвійскі бок сцвярджае, што пасля ўвядзення Літвой эмбарга на пастаўкі электрычнасці з Беларусі краіна сутыкнецца з дэфіцытам электраэнергіі, вырастуць тарыфы. Урад Латвіі ў жніўні 2019 года ўхваліў паведамленне Міністэрства эканомікі, у якім фактычна было прапанавана адкрыць гандаль электраэнергіяй з краінамі, якія не ўваходзяць у ЕС.
Акрамя таго, Латвія можа стаць адпраўной кропкай для альтэрнатыўных паставак нафты ў Беларусь з партоў у Балтыйскім моры. Можна вылучыць два магчымыя спосабы транспарціроўкі вуглевадароднай сыравіны: па нафтаправодзе Полацк-Вентспілс і чыгуначным транспартам.
Першы з іх прывабны з пункту гледжання мінімізацыі транспартных выдаткаў, але звязаны з шэрагам рызык.
Прапампоўка нафты да Вентспілса была спыненая яшчэ ў 2004 годзе, і з гэтага часу нафта па паўночнай галіне магістральнага нафтаправоду "Дружба" пастаўлялася толькі ў Беларусь. У 2010 годзе латвійска-расійская кампанія "LatRosTrans" прыступіла да зліву тэхналагічнай нафты з трубаправоду (каля 150 тыс. тон нафты коштам каля 50 млн еўра). Беларускае ААТ "Полацктранснафта Дружба" і "LatRosTrans" вядуць судовае разбіральніцтва па тым, каму належала тэхнічная нафта з закансерваванага нафтаправоду. Канчатковая кропка ў гэтай судовай цяжбе пакуль не пастаўлена, што стварае негатыўны фон для пачатку перамоў па аднаўленні працы галіны нафтаправоду. Акрамя таго, нафтаправод праходзіць таксама праз тэрыторыю Літоўскай Рэспублікі – узбоч НПЗ у Мажэйкяй, які з’яўляецца прамым канкурэнтам беларускіх НПЗ.
Транспарціроўка нафты чыгуначным транспартам звязаная з большымі выдаткамі, у тым ліку фінансавымі. У гэтай сувязі Рыжскі свабодны порт, праз які перагружаецца больш за 1 млн тон беларускіх нафтапрадуктаў у год, прапануе пашырыць супрацоўніцтва.
У чэрвені 2015 года Беларуская нафтавая кампанія і латвійскае ТАА "Woodison Terminal" на форуме Усходняга партнёрства падпісалі пагадненне па намерах развіцця сумеснай дзейнасці. Было адзначана, што плануецца мадэрнізацыя аднаго з тэрміналаў у Рызе. Варта таксама адзначыць, што транспартнае плячо ад Рыгі да Наваполацка карацейшае за адлегласць ад Вентспілса ці літоўскіх Клайпеды і пасёлка Буцінге.
Для беларускага боку таксама мае значэнне канструктыўная пазіцыя Латвіі ў пытаннях будавання дыялогу Мінска з Бруселем і ліквідацыі перашкод у сферы фінансавага і інвестыцыйнага супрацоўніцтва з краінамі ЕС. У сваю чаргу, дзелавыя колы Латвіі праяўляюць цікаўнасць да ўзаемадзеяння з рэзідэнтамі індустрыяльнага парку "Вялікі камень". Гэтая "жамчужына Шаўковага шляху" можа стаць кропкай прыцягнення капіталаў і паслуг латвійскага бізнесу.
Не варта забываць і пра культурна-гістарычны досвед узаемаадносін паміж беларускім і латышскім народамі. Напрыклад, у студзені 2017 году краіны-суседкі вырашылі аб’яднаць свае намаганні і правесці сумеснае буйнамаштабнае спартовае мерапрыемства – Чэмпіянат свету па хакеі з шайбай.