Дата публікацыі

Дынаміка знешняга гандлю таварамі: рэгіянальны разрэз Аналітык БІСД Андрэй Мішын

Па выніках студзеня-ліпеня 2024 года знешнегандлёвы абарот тавараў Рэспублікі Беларусь склаў 49 млрд долараў ЗША i павялічыўся за год на 5 працэнтаў. Імпарт тавараў расце больш вялікімі тэмпамі чым экспарт, што прывяло да фарміравання адмоўнага сальда на ўзроўні 2,3 млрд долараў ЗША. Сальда знешняга гандлю таварамі па краінах СНД станоўчае і перавышае 1,1 млрд долараў ЗША, у той час як па краінах па - за СНД фармуецца адток валют – мінус 3,4 млрд долараў ЗША.

Дадзеную агульную дынамічную карціну можна дапоўніць шэрагам статыстычных дадзеных. Так, ліпень стаў месяцам, у якім імпарт тавараў дасягнуў максімальнай за 2024 год велічыні, пераадолеўшы планку ў 4 млрд долараў ЗША. Па экспарце ліпень з практычна 3,5 млрд долараў ЗША саступае толькі чэрвеню, але гэта не дазволіла паўнацэнна кампенсаваць паскораны імпарт. Дарэчы, ліпень на дадзены момант стаў месяцам-рэкардсменам па максімальных аб'ёмах экспарту ў краіны СНД, імпарту (як у краіны СНД, так і ў краіны па-за СНД) і антырэкардсменам па экспарце ў краіны па-за СНД (менш за 0,9 млрд долараў ЗША). У сукупнасці гэта прывяло да фарміравання максімальнай адмоўнай велічыні сальда знешняга гандлю таварамі за 2024 год – 561,6 млрд долараў ЗША.

Рэгіянальная дынаміка ў знешнім гандлі таварамі сур'ёзна адрозніваецца з прычыны асаблівасцяў спецыялізацыі гаспадарчых рэгіянальных комплексаў, а таксама рознасці іх асноўных знешніх партнёраў.

Так, экспарт тавараў па выніках студзеня-ліпеня вырас больш чым на 20 працэнтаў па Віцебскай вобласці, на 5-10 працэнтаў па Магілёўскай, Гомельскай, Брэсцкай, Гродзенскай абласцях і горадзе Мінску, у той час як па Мінскай вобласці адзначана скарачэнне на 3,2 працэнта. Па вартасным аб'ёме экспарту лідзіруюць (звыш 4 млрд долараў ЗША) горад Мінск, Мінская вобласць, Віцебская вобласць.

Па імпарце колькасна назіраецца падобная карціна, але з іншай геаграфіяй – рост больш чым на 30 працэнтаў па Віцебскай вобласці, больш чым на 15 працэнтаў па Гомельскай вобласці, на 0-5 працэнтаў па Магілёўскай, Брэсцкай, Мінскай абласцях і горадзе Мінску, у той час як па Гродзенскай вобласці адзначана скарачэнне на 3,1 працэнта. Па вартасным аб'ёме імпарту абсалютным лідарам выступае горад Мінск (звыш 10 млрд долараў ЗША), што звязана са спецыфікай пастаўкі імпартнай прадукцыі праз дылераў і цэнтралізаваныя пастаўкі, кантраляваныя суб'ектамі гаспадарання, зарэгістраванымі ў сталіцы. Планку ў 3 млрд пераадолела таксама Мінская вобласць.

Варта адзначыць, што дынаміка знешняга гандлю таварамі ў геаграфічным разрэзе ў цэлым звязана з дамінаваннем паставак у/з краін СНД (да 88 працэнтаў па экспарце, да 91,3 па імпарце). Выключэннем выступае дамінаванне краін па-за СНД у экспарце Віцебскай вобласці (76,7 працэнта). Па імпарце Брэсцкая і Мінская вобласці больш залежныя ад паставак з краін па-за СНД.

Станоўчае сальда знешняга гандлю таварамі фарміруецца ва ўсіх рэгіёнах, за выключэннем горада Мінска і Гомельскай вобласці. Найбольшы станоўчы ўклад уносяць Мінская (1,6 млрд долараў ЗША) і Віцебская (1,4 млрд долараў ЗША) вобласці.

Паступальныя крокі па актывізацыі гандлю з краінамі ЕАЭС з фарміраваннем новых лагістычных ланцужкоў, пошук новых партнёраў праз шчыльную працу на пляцоўках ШАС і БРІКС стабілізуюць эканамічныя ўмовы, пераарыентацыя ўдзельнікаў рынку дае станоўчыя эфекты ў знешнім гандлі таварамі: умацоўваецца ўзаемадзеянне з рэгіёнамі Расійскай Федэрацыі, развіваецца партнёрства з краінамі «далёкай дугі». Развіццё праграмы па імпартазамяшчэнні забяспечвае плаўнае зніжэнне аб'ёмаў імпарту з краін па-за СНД.

Беларуская прадукцыя працягвае карыстацца попытам і знаходзіць новыя рынкі збыту.