Насустрач агульным інтарэсам
Умовы вядзення гаспадарчай дзейнасці, якія імкліва мяняюцца, сёння выклікаюць нямала пытанняў наконт пошуку аптымальных шляхоў эканамічнага развіцця, павышэння эфектыўнасці прадпрымаемых мер.
Актывізацыя дзейнасці па прыцягненні ў рэгіёны інвестыцый, ініцыіраваная Кіраўніком дзяржавы ў межах даручэння «Адзін рэгіён – адзін праект», надасць стымул умацаванню дзяржаўна-прыватнага партнёрства і скарачэнню аб’ёму адміністратыўных працэдур у сферы адкрыцця новых вытворчасцяў. Накіраванасць беларускай эканомікі на развіццё рэгіёнаў дыктуе неабходнасць пошуку новых магчымасцей эфектыўнага прыцягнення і рэалізацыі прыватных ініцыятыў.
Сёння мясцовай уладзе важна сфарміраваць актуальны партфель перспектыўных інвестпраектаў, які гарантуе паскоранае эканамічнае развіццё на тэрыторыі свайго рэгіёна. Рашэнне такіх задач патрабуе прамога дыялогу між адміністрацыямі раёнаў і бізнесам. Гатоўнасць яго ўдзельнікаў ісці насустрач інтарэсам адзін аднаго стане каталізатарам узаемавыгаднага супрацоўніцтва.
Асаблівымі паўнамоцтвамі ў прыняцці рашэнняў для стварэння максімальна камфортнага інвестыцыйнага клімата павінны быць надзелены кіраўнікі рэгіёнаў і гарадоў 80+. У першую чаргу таму, што паскоранае развіццё гэтых населеных пунктаў – адна з абавязковых умоў рэгіянальнага росту цалкам. Да таго ж у самы кароткі тэрмін адчуальны эканамічны эфект на тэрыторыі раёнаў і населеных пунктаў, дзе пражывае болей за 80 тысяч чалавек, могуць даць толькі буйныя інвестпраекты, якія патрабуюць сур’ёзных фінансавых уліванняў. Прыцягненне буйных інвестыцый – гэта задача для кіраўніка, які не баіцца браць на сябе адказнасць за прынятыя рашэнні і мае за плячыма адпаведны рэпутацыйны багаж. Мала стварыць спіс прэферэнцый, неабходна таксама ўпэўніць патэнцыяльнага партнёра ў непарушнасці дасягнутых дамоўленасцей, а гэта ўжо зона асабістых якасцяў і кампетэнцый.
Тое, што ў гэтым няма нічога немагчымага, даказвае прыклад Лідскага раёна, дзе пры садзейнічанні райвыканкама прыватным прадпрыемствам рэалізуецца маштабны інвестпраект па стварэнні сучаснага комплекса па вырошчванні і перапрацоўцы прадукцыі з мяса індзейкі з максімальнай вытворчай магутнасцю 400 тысяч галоў, разлічаны на адкрыццё 250-270 новых рабочых месцаў. Прыблізны кошт аб’екта – каля 10 мільёнаў еўра, плануемая выручка ад рэалізацыі прадукцыі, работ і паслуг гэтага прадпрыемства, якое было ўключана ў пералік інвестыцыйных праектаў, рэалізуемых у мэтах выканання даручэння Кіраўніка дзяржавы, павінна скласці 2,4 працэнта ў агульнай выручцы рэгіёна.
Акрамя наладжвання гарызантальных сувязей між прадстаўнікамі мясцовай улады і дзелавымі коламі, сур’ёзны імпульс развіццю інвестдзейнасці павінна даць аптымізацыя сістэмы бюракратычных працэдур, якая садзейнічае максімальнаму спрашчэнню ўкаранення новых бізнес-ідэй. Асабліва гэта датычыцца невялікіх праектаў, у аснове якіх ляжыць прыватная ініцыятыва.