22 лістапада ў Вільні праходзіць перапахаванне парэшткаў удзельнікаў паўстання 1863-1864 гадоў, у тым ліку Кастуся Каліноўскага. Гэтай падзеі папярэднічала даволі значная інфармацыйная кампанія, якая выклікала рэзананс у беларускім грамадстве. Аналітыкі Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў паспрабавалі даць сваё бачанне прычын узніклай дыскусіі.
Шматлікія друкаваныя і электронныя энцыклапедыі кажуць пра тое, што Вікенцій Канстанцін Сямёнавіч (Кастусь) Каліноўскі – беларускі рэвалюцыянер-дэмакрат, публіцыст, кіраўнік паўстання 1863-1864 гадоў у Беларусі і Літве, адзін з выдаўцоў першай беларускай газеты “Мужыцкая праўда”, вядомы пад псеўданімам “Яська-Гаспадар з-пад Вільні”.
Пасля арышту ў студзені 1864 года, знаходзячыся ў Віленскай турме, напісаў і здолеў перадаць на волю свае знакамітыя лісты-завяшчанні, якія былі выдадзены ў 1867 годзе і сталі пасля гэтага шырока вядомымі як “Лісты з-пад шыбеніцы”. Ідэйныя прынцыпы К. Каліноўскага развілі пасля ў сваёй творчасці класікі беларускай літаратуры Ф. Багушэвіч, Я. Купала, Я. Колас.
У 1920-я–1930-я гады імя і ідэі К. Каліноўскага натхнялі на нацыянальна-вызваленчую барацьбу жыхароў Заходняй Беларусі. У гады Вялікай Айчыннай вайны супраць нямецка-фашысцкіх акупантаў на беларускай зямлі змагаліся савецкія партызанскія брыгады і атрады, якія насілі яго імя.
К. Каліноўскі ўвайшоў у савецкія падручнікі гісторыі як адзін з родапачынальнікаў рэвалюцыйнай дэмакратыі, які выступаў за сумесную барацьбу народаў расійскай імперыі супраць сацыяльнага і нацыянальнага прыгнёту. Сёння ў многіх гарадах яго імем названыя вуліцы.
Чаму вобраз К. Каліноўскага быў аб’яднаўчай асновай для беларусаў у другой палове XIX стагоддзя, на працягу ўсяго XX стагоддзя, а ў новым тысячагоддзі стаў ператварацца ў аб’ект вострых дыскусій, якія выходзяць за рамкі навуковай спрэчкі?
Мяркуем, што, інтэрпрэтуючы гістарычныя падзеі, звязаныя з К. Каліноўскім, а таксама яго ідэйную спадчыну многія ўдзельнікі дыскусіі забыліся ці не захацелі ўлічыць, што хоць К. Каліноўскі і быў, безумоўна, знакамітым сынам беларускай зямлі, але з’яўляўся чалавекам зусім іншай гістарычнай эпохі. Яго палітычныя погляды, ідэі, тэрміналогія і фразеалогія, якія ён ужываў, не могуць быць механістычна перанесены з сярэдзіны XIX стагоддзя ў пачатак XXI стагоддзя і ўспрынятыя сучасным грамадствам літаральна.
Разважанні К. Каліноўскага аб беларускім народзе, яго будучыні былі прадыктаваныя канкрэтнай сітуацыяй, якая склалася да пачатку паўстання 1863-1864 гадоў. Аднак, як адзначана ў выдадзеным у 2019 годзе другім томе “Гісторыі беларускай дзяржаўнасці”, К. Каліноўскі здолеў закласці асновы нацыянальнай ідэі беларусаў, якія атрымалі сваё далейшае развіццё ў другой палове XIX – пачатку XX стагоддзя.
Больш за тое, палітычнае завяшчанне К. Каліноўскага знайшло сваё адлюстраванне ў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, прынятай беларускім народам зыходзячы з прынцыпу непахіснасці асноў народаўладдзя. Бачанне К. Каліноўскім будучыні беларусаў лагічна ўвязваецца і з тымі магістральнымі напрамкамі, па якіх развіваецца Беларусь сёння як унітарная дэмакратычная сацыяльная прававая дзяржава.
Што неабходна зрабіць у далейшым, каб выправіць сітуацыю? Уяўляецца, што патрэбныя аб’ектыўныя інтэрпрэтацыі, заснаваныя на дэталёвым вывучэнні ўсіх нюансаў, звязаных з жыццём, дзейнасцю і ідэйнай спадчынай гэтай гістарычнай асобы. Неабходны сучасны комплексны аналіз наяўнай гістарыяграфіі праблематыкі. Дадаткова павінны праводзіцца новыя навуковыя даследаванні, звязаныя як з самім К. Каліноўскім, так і гістарычнымі падзеямі, удзельнікам або сучаснікам якіх ён быў. Сёння назіраецца патрэба ў падрыхтоўцы і выданні тэматычных зборнікаў архіўных дакументаў, правядзенні дысертацыйных даследаванняў, публікацыі манаграфій. Дыскусіі пра ролю і значэнне К. Каліноўскага для беларускай і сусветнай гісторыі павінны праводзіцца перш за ўсё на навуковых пляцоўках.
Неабдуманая, а тым больш мэтанакіраваная палітызацыя недастаткова даследаваных старонак беларускай гісторыі – гэта шлях у нікуды. Неабходна ў прынцыпе выключыць сучасныя інтэрпрэтацыі падзей мінулага ва ўгоду палітычнай кан’юнктуры і выгадзе. Праблемы, у тым ліку і на гістарычную тэматыку, безумоўна, павінны абмяркоўвацца не толькі навукоўцамі, але не для раз’яднання, а для аб’яднання нацыі. У гэтым заклад паспяховай рэалізацыі беларускай гістарычнай палітыкі, а, такім чынам, і ўмацавання нацыянальна-дзяржаўнай ідэнтычнасці беларусаў.
Ну а ў дачыненні да перапахавання К. Каліноўскага хочацца адзначыць, што ён заслужыў не толькі спакой, але і паважлівае стаўленне. Неабходна спыніць спробы палітычных спекуляцый на яго імя. Трэба паглыбіцца ў навуковае вывучэнне гэтай гістарычнай асобы і эпохі, звязанай з К. Каліноўскім.