Асобныя даследчыкі і эксперты называюць сучасную Раду Беларускай народнай рэспублікі “самым старым дзеючым урадам у выгнанні”. Іншыя з гэтым катэгарычна не згодныя. Паспрабуем разабрацца ў гэтым пытанні, зрабіўшы гістарычны экскурс.
У снежні 1917 года ў якасці выканаўчага органа Першага ўсебеларускага з’езду была створана Рада. Пасля падпісання Брэсцкага міру яна абвясціла аб стварэнні Беларускай Народнай Рэспублікі ў складзе Расіі, затым дэкларавала незалежнасць БНР, а сябе абвясціла найвышэйшай уладай на тэрыторыі Беларусі. Аднак прызнаць абвешчаную незалежнасць на міжнароднай арэне БНР не ўдалося. У выніку Рада БНР пасля змены шматлікіх месцаў знаходжання ў 1919-1923 гадах (Гродна, Вільня, Берлін, Рыга, Коўна) уладкавалася ў эміграцыі ў Празе.
У 1919 годзе атрымала паспяховае развіццё іншая гістарычная форма беларускай дзяржаўнасці – Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка (БССР). Прайшоўшы праз перыпетыі грамадзянскай вайны, ваеннай інтэрвенцыі, у 1920-я гады ў рамках паспяховых сацыяльна-эканамічных пераўтварэнняў і рэалізацыі палітыкі беларусізацыі БССР удалося стаць аб’яднаўчым пачаткам у працэсе далейшага развіцця і ўмацавання нацыянальна-дзяржаўнай ідэнтычнасці беларусаў. Дасягнутыя поспехі былі відавочныя і для дзеячаў беларускага нацыянальнага руху, якія апынуліся ў эміграцыі.
На другой беларускай канферэнцыі ў Берліне ў кастрычніку 1925 года Рада БНР на чале з А. Цвікевічам перадала свае паўнамоцтвы ўраду Беларускай ССР, прызнала Мінск адзіным культурным і палітычным цэнтрам, на які павінен арыентавацца беларускі рух за мяжой, і прыняла рашэнне аб самароспуску.
Здавалася б, што ўсе акцэнты былі расстаўленыя і пытанне з Радай БНР закрытае. Аднак нязгодная з самаліквідацыяй меншасць членаў эмігранцкай структуры на чале з П. Крэчэўскім працягнула сваю дзейнасць у Празе. Да БНР і яе ўрада (Рады), утвораным у 1918 годзе, гэтая арганізацыя не мела дачынення ні па сутнасці, ні па статусе. Агульным у іх была толькі назва.
У 1928 годзе пасля смерці П. Крэчэўскага месца старшыні Рады БНР заняў В. Захарка. Аднак у 1930-я гады арганізацыя практычна спыніла сваю працу. Самымі прыкметнымі крокамі ў палітычнай дзейнасці эмігранцкай структуры сталі зварот у 1939 годзе В. Захаркі да нямецкіх акупацыйных улад з просьбай дазволіць дзейнасць Рады БНР на тэрыторыі акупаванай Чэхаславакіі, а таксама накіраванне пратэсту прэзідэнту Літоўскай Рэспублікі ў сувязі з уключэннем Вільні ў склад Літвы.
У гады Другой сусветнай вайны кіраўнік Рады БНР В. Захарка адхіліў прапановы аб прамым супрацоўніцтве ўзначаленай ім структуры з уладамі нацысцкай Германіі. Тады, у снежні 1943 года, з ліку кіраўнікоў беларускіх калабаранцкіх арганізацый германскія акупанты стварылі ў якасці так званага “нацыянальнага беларускага ўрада” Беларускую цэнтральную раду (БЦР) на чале з Р. Астроўскім. Другі Усебеларускі кангрэс у чэрвені 1944 года абвясціў БЦР найвышэйшым і паўнапраўным прадстаўніком народу Беларусі. Аднак неўзабаве БЦР разам з адступленнем германскіх войскаў назаўсёды пакінула Беларусь і працягнула сваю дзейнасць у Берліне.
Разумеючы, што крах нацысцкай Германіі непазбежны, Астроўскі і яго прыхільнікі паспрабавалі падрыхтаваць праект канстытуцыі Беларусі, якая пасля разгрому Германіі адкрывала б ім магчымасці супрацоўніцтва з ЗША і Вялікабрытаніяй. У студзені 1945 года праект канстытуцыі быў распрацаваны і зацверджаны. Дакумент прадугледжваў, што “новая беларуская дзяржава” будзе называцца Беларускай народнай рэспублікай (БНР), а кіраваць ёй будуць прэзідэнт і ўрад (Рада). Аднак спробы лідараў БЦР перафарматаваць сваю дзейнасць не ўвянчаліся поспехам.
Практычна паралельна развіваўся іншы палітычны працэс. У асяроддзі беларускай эміграцыі актыўна афішаваўся факт, што перад смерцю ў Празе ў сакавіку 1943 года В. Захарка “завяшчаў” сваю пасаду М. Абрамчыку, рэдактару газеты беларускіх калабарацыяністаў “Раніца”, якая выдавалася ў Берліне. Пасля завяршэння Другой сусветнай вайны, хутка набіраючы прыхільнікаў, у тым ліку з былых прыхільнікаў БЦР, Абрамчык ініцыяваў скліканне з’езду прадстаўнікоў беларускіх эмігранцкіх арганізацый, які адбыўся ў снежні 1947 года на тэрыторыі амерыканскай зоны акупацыі Германіі. З’езд зацвердзіў склад новай Рады БНР і абраў яе старшынёй Абрамчыка. Такім чынам, новы кіраўнік здолеў рэалізаваць палітычнае завяшчанне В. Захаркі праз стварэнне іншай арганізацыі з ранейшай назвай – Рады БНР.
Пасля гэтага адбыўся раскол заходнееўрапейскай беларускай эміграцыі на “крывічоў” (прыхільнікі Рады БНР) і “замежнікаў” (прыхільнікі БЦР). У выніку арганізаванай шырокай прапагандысцкай кампаніі асноўная частка беларускіх эмігранцкіх арганізацый перайшла на бок “крывічоў”. Рада БНР была прызнана амерыканскімі акупацыйнымі ўладамі ў Германіі як адзіны прадстаўнічы орган беларускай эміграцыі, але не як беларускі ўрад у выгнанні. Са свайго боку, эмігранцкая структура стала адным з цэнтраў па падборы кадраў для выкарыстання замежнымі спецслужбамі ў “халоднай вайне” супраць СССР.
У верасні 1951 года з амерыканскага самалёта на тэрыторыю Беларусі для арганізацыі антысавецкага падполля быў дэсантаваны эмісар Рады БНР І. Філістовіч. У канцы 1940-х гадоў ён быў уцягнуты адным з сябраў Рады БНР Б. Рагулям у дзейнасць беларускай эміграцыі, а затым завербаваны ў разведшколу ЦРУ.
Пасля дэсантавання Філістовіч звязаўся з нелегальнай узброенай групай, якая складалася з былых беларускіх калабарацыяністаў, і прыступіў да яе рэарганізацыі ў адно са звёнаў меркаванай узброенай падпольнай арганізацыі з гучнай назвай “Беларускія нацыяльна-вызваленчыя ўзброеныя сілы”. У верасні 1952 года Філістовіч і ўдзельнікі падпольнай групы былі затрыманыя і арыштаваныя. У кастрычніку 1953 года Ваенны Трыбунал Беларускай Ваеннай акругі прысудзіў Філістовіча да расстрэлу, а астатніх – да розных тэрмінаў турэмнага зняволення. У цяперашні час ніхто з асуджаных не рэабілітаваны.
У жніўні 1952 года на тэрыторыю БССР была дэсантавана яшчэ адна шпіёнская група, якая прайшла падрыхтоўку ў разведшколе ЦРУ. У яе склад уваходзілі Г. Касцюк (“Бэн”), Ц. Вострыкаў (“Карл”), М. Кальніцкі (“Джо”) і М. Арцюшэўскі (“Фін”). Вострыкаву і Касцюку былі выдадзены дакументы, падпісаныя Абрамчыкам, якія пацвярджалі, што іх уладальнікі выконваюць заданне Рады БНР па арганізацыі сувязі паміж “беларускім урадам” і “беларускімі патрыятычнымі арганізацыямі” на тэрыторыі БССР.
Неўзабаве пасля прызямлення “Карл”, “Бэн” і “Фін” былі затрыманыя і арыштаваныя. “Джо” аказаў узброены супраціў і быў забіты. У лістападзе 1955 года ваенны трыбунал Беларускай ваеннай акругі асудзіў Вострыкава і Касцюка. У 1997 годзе пракуратура Рэспублікі Беларусь перагледзела крымінальную справу і адмовіла ў рэабілітацыі асуджаных. Пастановай Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР у студзені 1956 года Арцюшэўскі за садзейнічанне следству быў вызвалены ад крымінальнай адказнасці.
У маі 1953 года прадстаўнікі амерыканскага ўрада афіцыйна заявілі Абрамчыку, што не могуць прызнаць Раду БНР у якасці прадстаўніка “самастойнай беларускай дзяржавы” да таго часу, пакуль існуюць нармальныя дыпламатычныя адносіны паміж ЗША і СССР.
На працягу больш за паўстагоддзя Рада БНР працягвала сваю дзейнасць, якая не адрознівалася вялікай палітычнай актыўнасцю. Традыцыйна яна заяўляла аб сабе ў гадавіну абвяшчэння БНР, выдаючы чарговы інфармацыйны бюлетэнь.
Аднак у 2000-я гады Рада БНР значна актывізавалася і зноў паспрабавала інтэграваць сваю дзейнасць ва ўнутрыпалітычны працэс Беларусі. 3 лістапада 2012 года ў Вільні на сустрэчы лідараў некаторых беларускіх палітычных аб’яднанняў з кіраўніком замежнай структуры І. Сурвілай быў прыняты сумесны мемарандум “Аб мерах па забеспячэнні незалежнасці Беларусі” (“Віленскі мемарандум”).
Аўтары мемарандума выступілі за неабходнасць “дамагацца гарантый непарушнасці беларускага нацыянальнага суверэнітэту з боку краін Еўрасаюза, ЗША і Расійскай Федэрацыі, непрызнання міжнародна-прававой сілы любых небяспечных для суверэннага статусу Беларусі рашэнняў, якія ад яе імя робіць аўтарытарнае кіраўніцтва...”. Удзельнікі Віленскай сустрэчы, сярод якіх знаходзіўся і першы кіраўнік Рэспублікі Беларусь С. Шушкевіч, прызналі Раду БНР як “непартыйны, надпалітычны орган беларускай гістарычнай дзяржаўнасці” і абавязаліся каардынаваць з ёй працу па дасягненні пазначаных у мемарандуме задач, а таксама садзейнічаць Радзе БНР “для канчатковага выканання свайго гістарычнага мандата”.
Прадстаўнікі беларускіх палітычных партый і арганізацый, якія падпісалі дакумент, прызналі Раду БНР “рэзервовым палітычным дэпазітарыем беларускай незалежнай дзяржаўнай традыцыі” да моманту абрання “дэмакратычнай улады” ў Рэспубліцы Беларусь “на свабодных дэмакратычных выбарах пры гарантаванай дзяржаўнай незалежнасці”.
Падобнымі дзеяннямі падпісанты “Віленскага мемарандума” з ліку лідараў асобных беларускіх партый і арганізацый на палітычным узроўні паспрабавалі сінтэзаваць гістарычную пераемнасць паміж Радай Беларускай Народнай Рэспублікі, якая дзейнічала ў 1918-1925 гадах, і Радай БНР, фактычна створанай зноўку беларускай эміграцыяй у 1947 годзе.
Аднак аднолькавыя назвы не азначаюць аднолькавага гістарычнага і палітычнага тлумачэння. Беларуская Народная Рэспубліка, 100-годдзе якой адзначалася ў 2018 годзе, у рамках выпрацаванай сучаснай канцэпцыі гісторыі беларускай дзяржаўнасці з’яўляецца адной з гістарычных форм такой і важным этапам фарміравання незалежнай і суверэннай дзяржавы.
Рада БНР, якую ўзначальвае сёння І. Сурвіла, і ў рамках пазначанай канцэпцыі, і з пункту гледжання іншых патрабаванняў, што прад’яўляюцца да дзяржавы як такой, не адпавядае заяўленай місіі. Гэта не “самы стары дзеючы ўрад у выгнанні”, а адна з палітычных арганізацый беларусаў замежжа. Калі казаць аб гістарычнай традыцыі, то сучасная Рада БНР – спадкаемца не Беларускай Народнай Рэспублікі, а БЦР, створанай у акупаванай Беларусі са згоды кіраўніцтва нацысцкай Германіі.
У 1945-1947 гадах Абрамчык і Астроўскі актыўна спаборнічалі не толькі за лідарства ў асяроддзі беларускай эміграцыі, але і за права скарыстацца “брэндам Рада БНР” у якасці назвы будучай палітычнай структуры эмігрантаў. Пасля разгрому нацысцкай Германіі і ва ўмовах разгортвання “халоднай вайны” ім было неабходна дыстанцыявацца ад свайго калабарацыянісцкага мінулага і схаваць яго за новай-старой назвай “Рада БНР “ (Астроўскаму і БЦР у большай ступені, Абрамчыку і Радзе БНР – у меншай).
Аднак у выніку Рада БНР, якая атрымала верх у супрацьстаянні, уключыла ў свой склад як тых, хто ў гады вайны не быў звязаны з нацыстамі, так і тых, хто меў багаты вопыт калабарацыі, у тым ліку на акупаванай тэрыторыі Беларусі, і нават Астроўскага (Рагуля), якія ўваходзілі ў склад БЦР. Большасць радавых удзельнікаў БЦР таксама перайшло ў лагер прыхільнікаў Рады БНР.
Аналіз інфармацыі, якая размяшчаецца сёння на рэсурсах Рады БНР, у тым ліку электронных, паказвае, што гэтая палітычная структура “замерла” ў ацэнцы гістарычнага мінулага. Падзеі беларускай гісторыі, персаналіі тлумачацца без уліку кардынальных змен, якія адбыліся ў Рэспубліцы Беларусь пасля распаду Савецкага Саюза і здабыцця дзяржаўнага суверэнітэту і незалежнасці. Тэрміналогія, якая ўжываецца, засталася на ўзроўні перыяду “халоднай вайны”. Ізноў тыражуюцца гістарычныя міфы аб “Чорным каце”, “беларускай партызанцы”. Гераізуюцца згаданыя намі кіраўнікі Рады БНР, а таксама ўдзельнікі антысавецкага падполля, якое дзейнічала на тэрыторыі Беларусі ў пасляваенны перыяд (“Чорны кот” і яго правадыры).
Толькі цягам студзеня 2020 года Рада БНР размясціла на сваіх рэсурсах інфармацыю да чарговай даты са дня нараджэння Рагулі (з яго фатаграфіяй у вайсковай форме ўдзельніка калабарацыянісцкай Беларускай краёвай абароны), Філістовіча і Жыхара. Рагуля і Філістовіч раней ужо неаднаразова згадваліся ў прадстаўленым матэрыяле. Інфармацыя аб выпускніку Дальвітцкай разведвальна-дыверсійнай школы Абвера і кіраўніка антысавецкай падпольнай узброенай групы Жыхары друкавалася БІСД раней (Ад герояў былых часоў...).
Мяркую, што перш, чым выбудоўваць новыя канструкты, накіраваныя на спробы ўключэння ва ўнутрыпалітычныя працэсы Рэспублікі Беларусь і аказання апасродкаванага ўплыву на іх, Радзе БНР варта было б разабрацца ва ўласнай гісторыі і прывесці свой дэклараваны статус у адпаведнасць з фактычным. Не варта забываць і аб гістарычных уроках. Ідэя пабудовы “беларускай незалежнай дзяржавы”, прайшоўшы праз этап Беларускай Народнай Рэспублікі, а затым Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі, увасобілася ў форме не толькі гістарычнай, але і фактычнай дзяржаўнасці ў рамках Рэспублікі Беларусь.
Спробы перайграць гісторыю зноўку і рэалізаваць ідэю “беларускай незалежнай дзяржавы” на платформе БЦР, а затым створанай у 1947 годзе Рады БНР, пацярпелі няўдачу. У гэтай сувязі “Віленскі мемарандум” і спробы арганізацыі чарговага кангрэса за незалежнасць Беларусі выглядаюць бесперспектыўнымі як з гістарычнай, так і з палітычнага пункту гледжання. Свой “гістарычны мандат” Рада БНР канчаткова выканала яшчэ да фактычнага ўтварэння ў 1947 годзе. Другога шанцу на поспех аднаго і таго ж працэсу гісторыя не дае.