Сёння тэматыка інтэрпрэтацый гістарычнага мінулага не проста важна, а набыла асаблівае значэнне. У перыяд назіраемай палітычнай турбулентнасці ўсё больш вольна, а часам нават безадказна сучасным падзеям спрабуюць знайсці гістарычныя супадзенні. Прасторава-часавыя аналогіі выкарыстоўваюцца як інструмент выкрывання палітычных апанентаў праз параўнанне іх з гістарычнымі антыгероямі. Яшчэ адным накірункам падобнай тэндэнцыі з’яўляецца пошук і “раскрутка” беспадстаўна забытых або свядома не ўспамінаемых раней герояў мінулага. Вельмі часта падобныя працэсы ўмела камуфліруюцца новамоднымі навукова-метадалагічнымі падыходамі.
Яшчэ ў 1990-я гады пачаў фарміравацца новы накірунак у беларускай гістарычнай навуцы па даследаванні праблем адукацыі і дзейнасці на тэрыторыі Беларусі падчас Другой сусветнай вайны і ў пасляваенны перыяд антысавецкіх падпольных структур. З аднаго боку, убачылі свет навуковыя работы,якія заснаваны на аналізе рознапланавых архіўных крыніц. З другога – тыя публікацыі, што імкнуцца да “пабудовы новай беларускай ідэнтычнасці”, заснаваныя ў большай ступені на рэаніміраванні палітычных міфаў, народжаных беларускімі палітычнымі эмігранцкімі структурамі ў перыяд “халоднай вайны”.
Так, з сярэдзіны 1990-х гадоў пачала актыўна прапагандавацца тэма дзейнасці структур антысавецкага падполля (“пасляваеннага супраціўлення”, “беларускага рэзістэнца ў шырокім кантэксце”), якія змагаліся як супраць нацыстаў, так і супраць савецкай улады. У прыватнасці, у межах арганізаванага тады ж даследчага праекта “Антыкамуністычная апазіцыя ў Беларусі 1945-1991” у выдавецкай серыі “Архіў навейшай гісторыі”выйшла некалькі кніг на зададзеную тэматыку.
Публікацыі аб’ядноўваюць агульныя метадалагічныя падыходы “пабудовы новай беларускай ідэнтычнасці”(“мадэрнай гісторыі”Беларусі). Акцэнтуецца ўвага на прычынах недастатковасці вывучэння антысавецкіх падпольных структур на тэрыторыі рэспублікі ў беларускай гісторыяграфіі. Па-першае, гэта тэма не была актуалізавана праз медыйныя магчымасці і сістэму адукацыі. Па-другое, даследаванне дадзенай праблемы звязана з “траўміраванай свядомасцю”(удзельнікі і сведкі даследуемых падзей не гатовы весці гутарку пра таталітарнае мінулае, у тым ліку па прычыне сіндрома страху). У выніку гісторыку прыходзіцца выступаць не толькі ў якасці даследчыка, але і псіхааналітыка.
На думку аўтараў канцэпцыі, па прычыне недаступнасці архіўных дакументаў для “незалежных” даследчыкаў з мэтай пацверджання гістарычных фактаў апошнія вымушаны аналізаваць апублікаваныя крыніцы , успаміны ўдзельнікаў вывучаемых падзей, а таксама эмігранцкую перыёдыку. Акрамя таго, нават тыя рэдкія навуковыя публікацыі, каторыя выйшлі ў свет, былі выдадзены з мэтай прапаганды і з’яўляюцца тэндэнцыёзнымі.
Завяршае канцэпцыю сістэма прынцыпаў, прад’яўляемых да навуковых даследаванняў: прынцыпы “рознапланавасці” і “панарамнасці”. Першы заснаваны на тым, што Беларусь – шматмоўная, шматнацыянальная і поліканфесіянальная краіна. Другі мае на ўвазе адлюстраванне маштаба падзей і ўзроўню эмоцый у пасляваеннай Беларусі. Паказ не толькі дзеянняў “савецкай таталітарнай машыны”, але і спроб беларусаў абараніцца ад іх наступстваў.
Уяўляецца, што за абазначаным абгрунтаваннем хаваюцца іншыя складнікі вылучанай канцэпцыі. Па-першае, лёгка можна апраўдаць недакладнасці, а часам фактычныя міфы, якія прапагандуюць у публікацыях прыхільнікаў новага метадалагічнага падыходу. У “альтэрнатыўных”гісторыкаў няма доступу да крыніц, пагэтаму яны выкарыстоўваюць тое, што ёсць (эмігранцкую перыёдыку, успаміны ўдзельнікаў апісваемых падзей, уласныя інтэрпрэтацыі). Так званым “афіцыйным” публікацыям давяраць нельга з прычыны іх тэндэнцыёзнасці. Па-другое, разглядаемая канцэпцыя мае і палітычны кампанент. Цікавасць да даследаванняў у межах новай метадалогіі актыўна падтрымліваецца сучаснымі палітычнымі структурамі беларускай эміграцыі і перш за ўсё Радай Беларускай народнай рэспублікі. Зноў тыражуюцца гістарычныя міфы пра “Чорнага ката”, “беларускую партызанку”. Гераізуюцца ўдзельнікі антысавецкага падполля, якое дзейнічала на тэрыторыі Беларусі ў пасляваенны перыяд (М.Вітушка, І.Раманчук, Я.Жыхар).
Інфармацыя пра выпускніка Дальвіцкай разведвальна-дыверсійнай школы Абвера і кіраўніка антысавецкай падпольнай узброенай групы Жыхара публікавалася БІСД раней. Аднак з’явіўся чарговы повад успоміць пра гэтага “забытага героя”ў сувязі з дыскусіяй, якая разгарнулася ў адносінах экспаніравання на некалькіх мастацкіх выставах яго партрэта. Жыхар адлюстраваны з аўтаматам у руках і на фоне БЧБ сцягоў. У час апошняй выставы, якая адбылася ў сакавіку 2021 года ў Гродне, арганізатары мерапрыемства характарызавалі яго як “чалавека з беларускага супраціўлення, змагара з бальшавікамі”.
Пакінем у баку юрыдычную кваліфікацыю падобных дзеянняў, тым больш, што гэта ўжо зрабілі органы пракуратуры. У кантэксце ж працэсаў гістарычнай палітыкі ўвасабленне падобных вобразаў на палатне – гэта не толькі імкненне зноў вярнуцца да “раскруткі“ вобраза “героя”, пра які дзесяцігоддзямі маўчалі. Гэта спроба сфарміраваць новае ўяўленне цалкам аб удзельніках беларускіх антысавецкіх падпольных узброеных фарміраванняў (“пасляваеннага супраціўлення”, “беларускага рэзістэнса ў шырокім кантэксце”), якія змагаліся як супраць нацыстаў, так і супраць савецкай улады. Наведвальнікі выстаў, што адбыліся ў Гродне і Глыбокім, Паставах, Мінску і нават Швецыі, вольна ці нявольна вымушаны былі задацца пытаннем: Жыхар – нацысцкі злачынец або трагічная фігура, якая стала ахвярай бальшавікоў.
Актыўны ўдзел “апошняга “самурая”Глыбокаўшчыны” ў дзейнасці пранацысцкіх Саюза беларускай моладзі, а таксама Беларускай незалежнай партыі , навучанне ў разведшколе Абвера, кіраўніцтва бандгрупоўкай і ўдзел у шматлікіх забойствах і грабяжах савецкіх грамадзян у пасляваенны перыяд – абсалютна не важныя. Галоўнае, што гэты “таленавіты хлопец” пісаў вершы, працаваў настаўнікам у школе, каля 10 гадоў паспяхова хаваўся ад супрацоўнікаў праваапарадку і быў імі забіты пры аказанні ўзброенага супраціўлення.
У наяўнасці наглядны прыклад рэалізацыі аднаго з падыходаў агучанай канцэпцыі “пабудовы новай беларускай ідэнтычнасці” або “мадэрнай гісторыі” Беларусі – неабходнасць даследавання “пасляваеннага супраціўлення”, калабарацыі, “каланіяльнай палітыкі савецкіх улад”, “беларускага рэзістэнса ў шырокім кантэксце” (ад 1920-х да 1950-х гадоў). Словы шкадавання, выказаныя раней прыхільнікамі падобнага метадалагічнага падыходу аб тым, што ў Рэспубліцы Беларусь тэма “беларускага супраціўлення бальшавісцкім акупантам, якое разгарнулася ў 1940-1950-я гады”, забаронена і камусьці не хочацца, каб маладое пакаленне беларусаў-патрыётаў ведала аб сваіх папярэдніках і іх “гераічнай барацьбе за волю і незалежнасць”, аказаліся пачутымі.
Больш таго, на думку аўтара скандальнай карціны, Жыхар – прадстаўнік супраціўлення, аналагічнага дзеянням у пасляваенны перыяд “праклятых салдат” у Польшчы. Фактычна на нашых вачах сфармуляван новы канцэпт “альтэрнатыўнай” гістарычнай палітыкі – “беларускія праклятыя салдаты”. Не пытаючыся рэабілітаваць польскіх “праклятых салдат”, дзеля аб’ектыўнасці адзначым, што ў гады Другой сусветнай вайны яны, як правіла, не супрацоўнічалі з нацыстамі.
Негатыўны вобраз польскіх “праклятых салдат” у беларускім гістарычным наратыве ўжо адбыўся. БІСД публікаваў аб гэтым інфармацыю. Мяркуем, што не трэба ўзмацняць і так адмоўныя адносіны да “праклятых салдат”, спрабуючы дабавіць да гэтай катэгорыі і былых удзельнікаў беларускіх калабарацыянісцкіх арганізацый, якія актыўна супрацоўнічалі з нацысцкімі акупацыйнымі ўладамі, а потым склалі ядро антысавецкіх падпольных структур.
Шкада, што зноў неабходна гэта даказываць, прычым ва ўмовах, калі апаненты выкарыстоўваюць розныя калянавуковыя хітрыкі. Жудасныя нацысцкія злачынствы на беларускай зямлі ужо не адмаўляюцца. Адказнасць за іх ускладаецца не тольк на акупацыйныя германскія ўлады, але і нават на іх памагатаяў, якія непасрэдна ўдзельнічалі ў карных акцыях. Прамыя спробы рэабілітаваць нацысцкіх калабарацыяністаў таксама не прадпрымаюцца.
Разам з тым усё актыўней гучаць выказванні аб існаванні ў гады вайны нейкай “беларускай нацыянальнай канспірацыі”. Аказваецца, што яе ўдзельнікі, якія служылі ў ваенных і паліцэйскіх фарміраваннях, акупацыйнай адміністрацыі, на самой справе рызыкавалі сваім жыццём, абараняючы мірнае насельніцтва ад нацысцкіх рэпрэсій. Таікя ўдзельнікі “супраціўлення”, многія з якіх, аказваецца, загінулі ад рук нацыстаў або бальшавікоў, павінны мець шанц на рэабілітацыю.
У чарговы раз хочацца паўтарыць, што ў кожнага пакалення “свая” гісторыя, “сваё” бачанне мінулага. Разам з тым існуюць агульнапрынятыя ўстойлівыя прынцыпы – “чырвоныя лініі”, ігнараваць якія, а тым больш перасякаць, нельга. Павінна быць забяспечана эвалюцыйная пераемнасць успрыняцця мінулага на аснове аб’ектыўных навуковых даследаванняў ад пакалення ў пакаленне.
Адным з такіх прынцыпаў з’яўляецца прызнанне злачынным фашызму ва ўсіх яго іпастасях і праявах. Другая аксіёма асуджае любыя формы экстрэмізму. Падобныя падыходы былі замацаваны ў час падвчдзення вынікаў Другой сусветнай вайны і знайшлі сваё юрыдычнае замацаванне ў рашэннях Ялцінскай і Берлінскай канферэнцый, а таксама прыгаворах міжнародных трыбуналаў над ваеннымі злачынцамі ў Нюрнбергу і Токіа.