Базавым прыярытэтам скарэкціраванай знешняй палітыкі Беларусі з'яўляецца ўступленне ў ШАС і БРІКС, стваральная роля якіх у справе фарміравання гарманічных і справядлівых міжнародных адносін кратна ўзрастае, што публічна прызнаецца не толькі прыхільнікамі, але і апанентамі. ШАС і БРІКС з ядром у асобе дзяржаў-аднадумцаў Глабальнага Поўдня і Усходу з іх эканамічнымі і ваеннымі патэнцыяламі, багатай культурай і геапалітычнай вагой становяцца агульнапрынятымі палюсамі сілы. Жаданне гэтых краін збліжацца заканамерна ва ўмовах, калі ШАС і БРІКС працуюць на сапраўды дэмакратычных, узаемапаважлівых прынцыпах інклюзіўнасці, імкнення да збалансаванага сусветнага парадку, непадзельнай бяспекі, мірнага стварэння і развіцця.
Ва ўмовах пераменлівага высокаканкурэнтнага геапалітычнага асяроддзя гэтыя інтэграцыйныя фарматы, якія пашыраюцца, прыходзяць на змену аднапалярнаму свету. Краіны, якія ў іх уваходзяць, падзяляюць агульныя падыходы пра неабходнасць павагі розных культур, поглядаў, палітычных сістэм, выступаюць за разнастайнасць шляхоў развіцця. Яны не абстаўляюць супрацоўніцтва і ўзаемадапамогу папярэднімі ўмовамі, не імкнуцца дыктаваць іншым дзяржавам сваю волю, насаджаць чужыя каштоўнасці. Акрамя павышэння сваёй глабальнай вагі ўдзельнікі гэтых блокаў становяцца рэальнымі цэнтрамі інтэграцыйнага прыцягнення і эканамічнага развіцця ў сваіх субрэгіёнах.
Такія падыходы ў поўнай меры сугучныя філасофіі і прынцыпам знешняй палітыкі нашай краіны, што, у прыватнасці, у жніўні 2023 года пацвердзіў кіраўнік МЗС Беларусі Сяргей Алейнік падчас удзелу ў мерапрыемствах XV саміту БРІКС у ПАР.
Беларусь вітае адкрыты канструктыўны характар ШАС і БРІКС, абсалютна падтрымлівае іх падыходы на сусветнай арэне і дэманструе гатоўнасць актыўна падключацца на правах паўнапраўнага іх члена да ўсіх сектараў супрацоўніцтва. Беларусь – натуральны саюзнік ШАС і БРІКС па пабудове ўзаемавыгадных і раўнапраўных адносін між Захадам і Усходам, Поўначчу і Поўднем без раздзяляльных ліній.
Неабходна падкрэсліць, што членства ў ШАС і БРІКС для нас – гэта не самамэта і не даніна моднаму трэнду: Беларусі ёсць што пакласці ў агульную “капілку”.
Уступленне ў рады ШАС і БРІКС адкрывае новыя магчымасці ў сферах эканомікі, гандлю, інвестыцый, падтрымкі міжнароднай харчовай бяспекі, рэалізацыі высокатэхналагічных праектаў, апрацоўкі новых схем фінансаў, лагістыкі, трансмежавай электроннай камерцыі пры пастаўках тавараў у краіны далёкай дугі, у тым ліку актыўнае развіццё калідора “Поўнач – Поўдзень”, а таксама іншых альтэрнатыўных транспартна-лагістычных маршрутаў у Вялікай Еўразіі. Мінск гатовы прадметна падключацца да намаганняў па павелічэнні ўзаемных разлікаў у наыянальных валютах і стварэнні агульных плацёжных інструментаў.
Такім чынам, актывізацыя практычнага ўзаемадзеяння з ШАС і БРІКС - гэта наша асіметрычная і адэкватная рэакцыя на нелегітымны санкцыйны ціск Захаду. Даўно і паслядоўна прасоўваючы ідэю “інтэграцыі інтэграцый” у сучасным свеце, Беларусь выступае за спалучэнне ў шырокім кантэксце фарматаў ШАС і БРІКС з ЕАЭС і СНД. Развіццё супрацоўніцтва ў такім узаемазвязаным фармаце будзе садзейнічаць стварэнню буйнейшага ў свеце інтэграцыйнага блока, а таксама скразной прасторы ўстойлівага развіцця і бяспекі.
У дадзены кантэкст абсалютна ўпісваецца ініцыятыва Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі аб правядзенні сумеснага саміта ЕАЭС, ШАС і БРІКС. Стрыжневымі пунктамі яго павесткі маглі б стаць пытанні эканамічнага ўзаемадзеяння (напрыклад, фарміраванне рэгіянальных гандлёвых блокаў, выкарыстанне нацыянальных валют), а таксама энергетыка і бяспека.
У той жа час афармленне ШАС і БРІКС у якасці своеасаблівага пула краін другога і трэцяга свету, якія дабіваюцца справядлівай і раўнапраўнай сістэмы глабальнага кіравання з роўнымі для ўсіх правіламі і правамі (асабліва ў сферах фінансаў і эканомікі), мала каму падабаецца на Захадзе, што выклікае зваротную рэакцыю. Аднак інтэграцыйныя працэсы на гэтай прасторы, нягледзячы на спробы стрымлівання і супрацьдзеяння, ужо набылі незваротны характар, што наглядна ілюструе спіс краін, якія жадаюць далучыцца да гэтых аб’яднанняў.
Беларусь падтрымлівае канструктыўныя дыверсіфікаваныя двухбаковыя адносіны з усімі без выключэння членамі ШАС і БРІКС, а таксама з многімі намінантамі. Пагэтаму мы разлічваем на шырокі станоўчы кансэнсус падчас разгляду нашых заявак на суісканне ў іх членства. Асноўныя нашы спадзяванні на шляху ў ШАС і БРІКС звязаны з падтрымкай Масквы, як бліжэйшага партнёра і саюзніка.
У снежні 2023 года ў Маскве па выніках сумеснага пасяджэння калегій МЗС Беларусі і МЗС РФ была падпісана праграма ўзгодненых дзеянняў у галіне знешняй палітыкі дзяржаў-удзельнікаў Дагавору аб стварэнні Саюзнай дзяржавы на 2024-2026 гг. У ліку іншых накірункаў там прадугледжана каардынацыя дзеянняў і ўзаемадзеянне на пляцоўках ШАС і БРІКС.
15 студзеня 2024 года Сяргей Алейнік падчас сустрэчы ў Мінску са спецпрадстаўніком Прэзідэнта РФ па справах ШАС, паслом па асобых даручэннях МЗС Расіі Бахціярам Хакімавым падкрэсліў поўную гатоўнасць Беларусі актыўна ўключыцца ва ўсе вымярэнні практычнай дзейнасці арганізацыі ўжо ў бягучым годзе.
У сваю чаргу, 17 студзеня ўжо ў Маскве намеснік міністра замежных спраў Беларусі Яўгеній Шастакоў абмеркаваў са сваім расійскім калегам Сяргеем Рабковым пытанні ўзаемадзеяння ў кантэксце старшынства РФ у БРІКС, удзелу Рэспублікі Беларусь у мерапрыемствах аб’яднання, якія павінны адбыцца.
БІСД пачынае новы год таксама ва ўнісон з актуальнай міжнароднай павесткай у межах уласнай дарожнай карты. 15 студзеня аналітык БІСД удзельнічаў (анлайн) у пасяджэнні круглага стала на тэму “Роля Расіі і краін БРІКС+ ва ўмацаванні шматпалярнага свету”, арганізаванага ў межах расійскага старшынства пры падтрымцы Індыйскага цэнтра садзейнічання міжнародным ініцыятывам. Падчас дыскусіі, лейтматывам якой стаў стратэгічны ўклад краін БРІКС+ у шматпалярнасць, наш прадстаўнік выступіў з дакладам на тэму “Беларусь на шляху ў БРІКС: перадумовы і базавае мэтапакладанне”. Ідзе падрыхтоўка да ўдзелу ў XIX пасяджэнні Форуму ШАС, якое адбудзецца ў маі ў Ташкенце пад старшынствам нашых даўніх партнёраў – Інстытута стратэгічных і міжрэгіянальных даследаванняў пры Прэзідэнце Рэспублікі Узбекістан.
У планах БІСД таксама атрыманне ва ўстаноўленым парадку статусу Нацыянальнага даследчага цэнтра ШАС, які, згодна з рэгламентам, неабходны для ўдзелу ў рабоце Форуму ШАС на правах паўнапраўнага члена, што, верагодна, здарыцца пазней у гэтым годзе. Пры падтрымцы калег з МЗС Беларусі БІСД плануе далучыцца да фармату штогадовых пасяджэнняў Акадэмічнага форуму, а пасля ўступлення – Савета экспертных цэнтраў БРІКС. Разлічваем таксама на актыўны ўдзел і ў іншых мерапрыемствах акадэмічнага трэка ўзаемадзеяння, у тым ліку ў межах бягучага старшынства РФ.
Па нашым глыбокім перакананні, экспертная дыпламатыя – практыкаарыентаванае ўзаемадзеянне па лініі экспертна-аналітычных цэнтраў – з’яўляецца адным з эфектыўных дапаможных інструментаў умацавання інстытуцыйнага падмурка ШАС і БРІКС шляхам нарошчвання дынамікі гуманітарных сувязей, які дапамагае Беларусі гарманічна інтэгравацца ў шматнацыянальную сям’ю гэтых аб’яднанняў.