Шматбаковая праграма Еўрапейскага саюза, накіраваная на развіццё рэгіянальнага супрацоўніцтва з Азербайджанам, Арменіяй, Беларуссю, Грузіяй, Малдовай і Украінай, – “Усходняе партнёрства” (УП) – была ініцыяваная міністрамі замежных спраў Швецыі К. Більтам і Польшчы Р. Сікорскім у маі 2008 г. Афіцыйна была запушчана 7 мая 2009 г. на саміце ў г. Празе.
Асноўныя задачы “Усходняга партнёрства” – збліжэнне і паглыбленне супрацоўніцтва дзяржаў Усходняй Еўропы і Паўднёвага Каўказа з ЕС, стварэнне ўмоў для палітычнай асацыяцыі і далейшай эканамічнай інтэграцыі як паміж ЕС і краінамі УП, так і паміж самімі дзяржавамі УП.
З пачатку развіцця праграмы назіраецца шэраг нявырашаных праблем:
- Адсутнасць выразнага агульнага ўяўлення аб канчатковай мэце праекта ў яго ўдзельнікаў. Пасля астуджэння адносін паміж Захадам і Расіяй “Усходняе партнёрства”, якое мела першапачаткова дастаткова аморфныя рамачныя задачы, фактычна ператварылася ў “працэс дзеля працэсу”;
- Імкненне еўрапейскага боку навязаць сваё ўяўленне пра шляхі развіцця дзяржаў і адносін паміж імі. Вялікая ўвага, нададзеная ЕС праблеме трансфармацыі грамадскіх каштоўнасцей краін-удзельніц УП, ператварыла супрацоўніцтва з адзінай Еўропай у “дарогу з адным кірункам”;
- Размытасць характару інтэграцыйных працэсаў у рамках УП. Праект не ўяўляецца ні геапалітычным, ні інфраструктурным. Узаемадзеянне з краінамі-ўдзельніцамі на практыцы звялося да двухбаковых адносін. На гэтым фоне адбыўся падзел дзяржаў УП на 3 групы: найбольш прасунутыя ў інтэграцыі Грузія, Малдова, Украіна (заключаны Пагадненні аб асацыяцыі і ўстаноўлены зоны свабоднага гандлю); уключаны ў партнёрства Азербайджан (абмяркоўваюцца ўмовы рамачнага пагаднення) і Арменія (з 1 чэрвеня 2018 г.дзейнічае пагадненне аб усеабдымным і пашыраным партнёрстве з ЕС); краіна без базавага пагаднення – Рэспубліка Беларусь (вядуцца перамовы аб “Прыярытэтах партнёрства ЕС – Беларусь).
Ва ўзаемаадносінах беларускай дзяржавы з ЕС у рамках праграмы “Усходняе партнёрства” апраўдваюцца высновы прагнозу, прадстаўленага 9 верасня 2017 г.па выніках працы экспертнага семінара ініцыятывы “Мінскі дыялог” (быў арганізаваны па метадалогіі сітуацыйнага аналізу):
- Зрушванне акцэнтаў у рамках Еўрапейскай палітыкі суседства з прасоўвання каштоўнасцей на “стабілізацыю і дыверсіфікацыю” адносін;
- Працяг нармалізацыі сувязей з Беларуссю нягледзячы на адсутнасць жаданага Бруселем прагрэсу ў пытаннях правоў чалавека і дэмакратызацыі;
- Узмацненне ў ЕС рыторыкі, якая тычыцца пытанняў бяспекі ў знешняй палітыцы;
- Працяг санкцый ЕС у дачыненні да Расіі і ўзмацненне контрзахадаў ЕС у галіне інфармацыйнага і прапагандысцкага супрацьстаяння з РФ.
Тым не менш, у гэтым прагнозе, пры ацэнцы фактараў, якія ўплываюць на развіццё адносін Расія–Захад, недастаткова ўлічаны фактар Кітая. Да развіцця адносін з КНР імкнуцца і краіны ЕС, і РФ. Абмежаванне або нават зняцце канфліктнасці па восі Расія–Захад магчыма з дапамогай ажыццяўлення “Азіяцка-Ціхаакіянскага падыходу”: развіцця ўзаемавыгадных шматбаковых гандлёва-эканамічных адносін пры аднясенні на другі план канфліктаў у палітычнай сферы.
Ажыццяўленне такога падыходу магчыма ў адносінах ЕС – Рэспублікі Беларусь – Расійскай Федэрацыі – Кітайскай Народнай Рэспублікі. У той жа час, уяўляецца магчымым супрацьдзеянне яго рэалізацыі з боку ЗША.