З пункту гледжання росту дабрабыту і ўстойлівасці нашай краіны на міжнароднай арэне праграма так званага “каардынацыйнага савета” апазіцыі ўяўляецца досыць сумнеўнай. Асабліва гэта тычыцца прапановы аб выхадзе Беларусі з ЕАЭС і іншых інтэграцыйных структур на постсавецкай прасторы.
Эканамічныя трэнды апошніх дзесяцігоддзяў прывялі да значнага росту залежнасці буйных кампаній ад глабальных рынкаў і ланцужкоў стварэння кошту. І гэта – з улікам дамінавання ў нашай эканоміцы буйных прамысловых і сельскагаспадарчых прадпрыемстваў – мае істотнае значэнне. У цэлым да наступлення каранакрызісу ў шэрагу еўрапейскіх краін і ЗША была характэрная тэндэнцыя лібералізацыі, якая характарызавалася зніжэннем памеру мытных пошлін, скарачэннем выкарыстання валютных і колькасных абмежаванняў. Калі ў сярэдзіне 50-х гадоў XX стагоддзя сярэдняя велічыня мытных пошлін для гэтых краін складала 30–40% , то ў цяперашні час вагаецца на ўзроўні 3–5 %.
Пры гэтым зніжэнне ставак мытных пошлін суправаджалася істотным павышэннем ролі нетарыфных мер: сертыфікацыі, норм экалагічнай бяспекі, санітарных і фітасанітарных патрабаванняў і г. д. Узрастала значэнне спецыяльных ахоўных, антыдэмпінгавых і кампенсацыйных мер, абмежаванняў знешняга гандлю паслугамі і аб’ектамі інтэлектуальнай уласнасці. Каранакрызіс значна ўзмацніў як колькасна, так і якасна дадзеныя нетарыфныя абмежаванні.
Фактычна ў сувязі з гэтым можна прагназаваць плаўны пераход ад гандлёвых і валютных войн да абмежаванняў на вывад капіталу з развітых краін, узмацнення жорсткасці валютнага рэгулявання і практыкі канфіскацый у выпадку парушэння названых правілаў. Трэба разумець, што гэта адбудзецца ў любым выпадку, і пытанне толькі ў тым, ці будзе абвал глабальных рынкаў досыць балючым для Беларусі, альбо ён будзе скампенсаваны ўнутранай сістэмай, якая мае ўстойлівасць у адносінах да знешніх умоў. Калі гаворка ідзе аб краінах з невялікай адкрытай эканомікай, дадзеная ўстойлівасць дасягаецца за кошт удзелу ў інтэграцыйных аб’яднаннях і макраэканамічных рэгіёнах, якія фарміруюцца ў постглабальную эпоху.
Відавочна, што ва ўмовах лібералізацыі глабальных рынкаў наступствы ад магчымага выхаду з ЕАЭС можна было б хоць неяк згладзіць, пераналадзіўшы знешнеэканамічны вектар. Цяпер, на фоне новых эканамічных трэндаў, гэтыя наступствы могуць быць літаральна катастрафічнымі. Фактычна вынікі карпатлівай працы па паступовым пераадоленні шэрагу нетарыфных абмежаванняў, якія дзейнічаюць у ЕАЭС, будуць памножаныя на нуль – і нам прыйдзецца зноў выстойваць гэты шлях у выпадку магчымага ўзаемадзеяння з іншымі інтэграцыйнымі аб’яднаннямі.
Улічваючы тое, што з улікам прамых і ўскосных эфектаў ад кааперацыі Беларусі з Расіяй у межах Саюзнай дзяржавы і ЕАЭС фарміруецца каля паловы ВУП нашай краіны (59,964 млрд долараў за год), выхад з названых інтэграцыйных структур можа прывесці да страты ад 20 да 25% ад ВУП – і адпаведнага падзення рэальных даходаў насельніцтва.
У цэлым рух па шляху ўмацавання чатырох свабод у межах ЕАЭС (свабоды перамяшчэння тавараў, паслуг, капіталу і працоўнай сілы) аказвае дастаткова пазітыўны ўплыў для ўмацавання макраэканамічнай і фінансавай стабільнасці нашай краіны. У прыватнасці, мелі месца гарманізацыя заканадаўстваў у галіне рэгулявання фінансавых рынкаў, згладжванне супярэчнасцяў на рынку працы, павелічэнне экспартна-імпартных патокаў. Так, беларускі экспарт у краіны ЕАЭС з 2015 года вырас на 2,9 млрд долараў (або на 26,4 %). Аб’ёмы імпарту Беларусі з краін ЕАЭС выраслі на 5,5 млрд долараў (або на 32,2 %). Прыводзячы структурны зрэз нашага экспарту ў краіны ЕАЭС, можна вылучыць “харчовыя тавары і сельскагаспадарчую сыравіну” (32,4%), “машыны, абсталяванне і транспартныя сродкі” (29,0%), “прадукцыю хімічнай прамысловасці” (11,8%), “тэкстыль, тэкстыльныя вырабы і абутак” (8,2 %). Дадзеныя чатыры групы ў 2018 годзе складалі парадку 81,4% ад экспарту беларускіх тавараў.
Станоўчая дынаміка характэрная таксама і для павелічэння беларускага экспарту паслуг у краіны ЕАЭС. З 1,8 млрд долараў у 2015 годзе ён вырас да 2,3 млрд у 2018-м (г. зн. на 21,7 %), пры гэтым сальда гандлю беларускімі паслугамі на рынку ЕАЭС захоўвалася станоўчае (0,5 млрд долараў у 2018 годзе). Адзначаючы дадзеныя лічбы, варта мець на ўвазе не толькі прывабнасць ЕАЭС як рынку збыту, але таксама адносна высокую матэрыялаёмістасць і энергаёмістасць нашых вытворчасцей, а, значыць, залежнасць ад паставак сыравіны і энерганосьбітаў па аптымальных цэнах.
Такім чынам, паколькі ўдзел Беларусі ў ЕАЭС спрыяе эканамічнаму росту нашай краіны, пашырэнню эканамічных сувязей з трэцімі краінамі, прасоўванню інтарэсаў беларускіх вытворцаў на знешнім рынку за кошт выкарыстання патэнцыялу ЕАЭС, выхад з галоўнага эканамічнага аб’яднання на постсавецкай прасторы абавязкова прывядзе да падрыву канкурэнтаздольнасці і зніжэння дабрабыту беларускага народу.