Дата публікацыі

Забеспячэнне харчовай бяспекі Рэспублікі Беларусь: выклікі і рэзервы на сучасным этапе

У перыяд уборчай кампаніі ў рамках праекта «Народная пяцігодка» праведзена тэматычнае сацыялагічнае даследаванне. Сабрана больш за 1 тыс. прапаноў грамадзян, 5,7 тыс. адказаў на анлайн-апытанне і 8,2 тыс. адказаў на бліц-апытанне. Вартыя ўвагі наступныя ключавыя высновы:

1. Пераважная большасць удзельнікаў апытання (87,4 %) не адчуваюць цяжкасцей з набыццём «баршчовага набору». Цэны на хлебабулачныя вырабы, крупы і злакі большасць рэспандэнтаў лічаць адэкватнымі. Невялікая крытычнасць выяўляецца ў ацэнцы кошту малочнай, мясной прадукцыі, гародніны і садавіны. Па ўсіх відах прадуктаў харчавання адзначаецца ў цэлым задаволенасць іх якасцю і шырынёй асартыменту. Прысутнічае запыт на паляпшэнне даступнасці экалагічна чыстых або арганічных прадуктаў харчавання.

2. Прадукты харчавання беларускай вытворчасці карыстаюцца высокiм даверам насельніцтва (92,04 %). Прадукцыі дзяржаўных давяраюць значна больш, чым прадукцыі прыватных падвор’яў і фермерскіх гаспадарак; рэдка спажыўцы выбіраюць прадукцыю толькі мясцовай вытворчасці. Выбар айчыннай прадукцыі абумоўлены перш за ўсё яе якасцю, натуральнасцю і густам, а таксама адпаведнасцю ГОСТу, патрабаванням заканадаўства, указаным у назве і апісанні на ўпакоўцы якасці і рэцэптуры, прафесійным абслугоўваннем, вядомасцю брэндаў. Пры гэтым ключавым крытэрыем выступае кошт («Галоўнае, каб беларускае і не па цане крыла самалёта»).

3. Большасць рэспандэнтаў высока ацэньваюць узровень харчовай бяспекі ў Беларусі. Аднак людзі перасталі ўспрымаць гэтую складовую нацыянальнага дабрабыту як данасць. Насельніцтва хвалююць пытанні цэн на харчаванне, даступнасці якасных і бяспечных прадуктаў харчавання, выкарыстання Е-дабавак і ГМА, залежнасці ўраджаю ад пагодных умоў і змяненняў клімату, уплыву санкцый на гандаль харчовымі таварамі. Паводле меркавання грамадзян, умацаванню нацыянальнай харчовай бяспекі могуць спрыяць высокатэхналагічнае земляробства, высокі попыт на беларускія прадукты харчавання за мяжой, зніжэнне залежнасці ад імпартнай прадукцыі, развіццё міжнароднага гандлю і лагістыкі. Меншыя чаканні — ад «зялёнай эканомікі», трансферу тэхналогій і дасягнення мэтаў устойлівага развіцця.

4. Пераважная большасць апытаных называюць айчынны аграпрамысловы комплекс адным з найбольш значных нацыянальных дасягненняў і бачаць Беларусь аграрнай краінай у будучыні (79,52 % і 68,37 % адпаведна) («Быць аграрнай прыйдзецца, калі хочам жыць і працаваць на сваёй зямлі»). Пры гэтым сельскагаспадарчы прыярытэт разглядаецца ў кантэксце высокатэхналагічнай постіндустрыяльнай дзяржавы з развітой прамысловай вытворчасцю і сферай паслуг. 

5. Прывабнасць працы ў АПК вызначаецца галоўным чынам матэрыяльнымі стымуламі і сацыяльнымі гарантыямі: павышэнне заработнай платы, прадастаўленне льготных умоў набыцця жылля, зніжэнне ўзросту для выхаду на пенсію. Падкрэсліваецца важнасць умоў працы работнікаў АПК, мадэрнізацыі галіны, развіцця прыватных сельскагаспадарчых вытворчасцяў і фермерскіх гаспадарак, павышэння ўзроўню і якасці жыцця ў сельскай мясцовасці.