Дата публикации

Аналітык БІСД: спартыўная дыпламатыя ― новы інструмент знешняй палітыкі

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, выступаючы на цырымоніі адкрыцця II Еўрапейскіх гульняў, прапанаваў усе высвятленні адносін паміж краінамі пераносіць на спартыўныя арэны, ператвараючы іх у яркія відовішчы. У чым феномен спартыўнай дыпламатыі і ці мае яна дастатковы рэсурс для сапраўднага ўплыву на вырашэнне праблем знешняй палітыкі – пра гэта слухачам радыё Sputnik распавёў аналітык Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў Яўген Задруцкі.

“Спартыўная дыпламатыя – гэта новы інструмент знешняй палітыкі, які з’явіўся нядаўна, і ў яе вялікі патэнцыял для развіцця. Безумоўна, праз спартыўную дыпламатыю нельга вырашыць усіх міжнародных праблем, але часам спорт становіцца пралогам да вельмі крутога павароту ў стратэгіі той ці іншай дзяржавы. Тут успамінаецца Кітай – “пінг-понгавая” дыпламатыя, калі ў закрытую тады краіну прыехала дэлегацыя з ЗША, і гэта стала падставай для рэзкай змены стасункаў паміж дзвюма краінамі і пралогам да кітайскага эканамічнага цуду”, – разважае Задруцкі.