Дата публикации

Беларускія вучоныя ведаюць, як зазіруць у будучыню сусветнай эканомікі

Група вучоных - аналітыкаў Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў распрацавала методыку стварэння міжгаліновай прагнознай мадэлі, з дапамогай якой можна адсочваць вынікі дзейнасці галін па вялікім пераліку макрапаказчыкаў і складаць кароткатэрміновыя прагнозы. Адзін з аўтараў - доктар эканамічных навук, прафесар загадчык кафедры эканомікі і кіравання Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта, аналітык БІСД Аляксей Быкаў падзяліўся прынцыпамі стварэння новай мадэлі прагназавання.

АЛЕКСЕЙ БЫКОВ

- Аляксей Аляксандравіч, у чым сутнасць вашай работы з навуковага пункту гледжання?

— Мы развіваем падыход да пабудовы модульнай міжгаліновай мадэлі беларускай эканомікі. Мадэль прымяняецца для сцэнарнага прагназавання макраэканамічных параметраў на месяц, квартал, год. Уваходныя параметры сцэнарыяў задаюцца экспертамі і могуць уключаць, напрыклад, прагнозныя курсы валют, індэксы попыту на пэўныя віды тавараў і паслуг на ўнутраным і знешнім рынках. Прапанаваная архітэктура мае на ўвазе выкарыстанне ў якасці ядра агрэгаваную 16-галіновую мадэль “выдаткі - выпуск”. Мы зрабілі прагноз на 2023 год, сфарміравалі і на 2024-ы.

— Гучыць уражліва, але хацелася б даведацца, як з’явілася сама ідэя?

— Макраэканамічныя прагнозы складаюць ва ўсіх краінах, гэтым займаюцца ўсе міжнародныя фінансавыя інстытуты - МВФ, Сусветны банк, ЕАБР.

У Беларусі НДІ Мінэканомікі займаеццпа прагнозам сацыяльна-эканамічнага развіцця, Нацбанк - мэтавых паказчыкаў грашова-крэдытнай палітыкі. Для комплекснага прагнозу навукова-тэхнічнага прагрэсу пятнаццаці галін Беларусі па метаду фарсайта на 2026-2030 гады і на перыяд да 2045-га была створана міжведамасная рабочая група пад кіраўніцтвам старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях, у якую ўвайшлі каля 200 чалавек.

З развіццём штучнага інтэлекту з’явілася многа метадаў апрацоўкі інфармацыі. Некаторыя спецыялізаваныя сайты даюць у рэжыме анлайн вынікі макраэканамічнага аналізу і прагнозаў па ўсіх эканоміках свету. Здавалася б, дакладанасць вывадаў павінна павышацца, але, як паказала практыка, гэта не заўсёды так.

Санкцыі, ваенныя канфлікты паўздзейнічалі на першапачатковыя прагнозы міжнародных фінансавых арганізацый, такіх як МВФ і Сусветны банк. Напрыклад, для Расіі і Беларусі прарочылі падзенне УВП на 6-10%. Але па факту за 2022 год УВП Беларусі скараціўся на 4,7%, затое па выніках 2023-га чакаецца рост на 3,8%, у Расіі - на 3,5%.

Гэта гаворыць пра тое, што мадэлі не зусім дасканалыя. Большасць прагнозаў пацвярджаецца толькі пры стабільнай макраэканамічнай сітуацыі, калі няма кардыльнага адхілення параметраў.

- Чаму так адбываецца?

— Перш за ўсё таму, што ва ўсіх прагнозах выкарыстоўваюцца пераважна дынамічныя мадэлі, якія базуюцца на трэндах. Самы просты - лінейны. Аднак у сучасных мадэлях прымяняюцца нелінейныя ўзаемасувязі паказчыкаў - гэта складаныя трэнды з сезоннымі і іншымі цыклічнымі ваганнямі. Гэта значыць мадэлі ўсё роўна застаюцца трэндавымі на будучыню і не могуць прадугледзець кардынальна глыбокія змены.

Вось і сёння ў эканоміках краін адбываецца структурная перабудова. І наўрад ці нехта можа прадбачыць усю складанасць карціны, усе адаптацыйныя механізмы. Штучны інтэлект у гэтай сферы пакуль не можа замяніць эксперта, якому неабходна інтуітыўна прадстаўляць многія працэсы.

— Наколькі арыгінальная гэта методыка?

— Акрамя мяне над яе распрацоўкай і складаннем прагнозаў працуе загадчык кафедры эканомікі БДУІР кандыдат эканамічных навук, дацэнт Уладзімір Пархіменка. За аснову ўзяты яго ідэі. Ён займаецца табліцамі “выдаткі - выпуск”, г.зн. міжгаліновым балансам. Пару гадоў таму мы апублікавалі артыкул пра тое, як узаемазвязаны курс даляра, інфляцыя, імпарт і УВП.

У прынцыпе, балансавыя мадэлі выкарыстоўваюцца ў прагназаванні і ў нашай краіне, і ва ўсім свеце. Гэты інструмент распрацаваў нобелеўскі лаўрэат Васілій Лявонцьеў (амерыканскі эканаміст расійскага паходжання, стваральнік тэорыі міжгаліновага аналізу, лаўрэат прэміі па эканоміцы памяці Альфрэда Нобеля 1973 года “за развіццё метаду “выдаткі - выпуск” і яго прымяненне да важных эканамічных праблем”- рэд.) . Такі метад шырока прымяняўся ў СССР, ЗША, Японіі. Зараз існуюць і міжрэгіянальныя, і міжкраінныя, і нават міжгаліновая мадэлі сусветнай эканомікі.

Для Беларусі ідэя прымянення курсаў валют як уваходнага параметра для складання макрапрагнозаў з дапамогай міжгаліновай мадэлі новая. Асаблівасць яе ў тым, што курсы валют мяняюць адносна цаны. Напрыклад, калі даляр умацоўваецца да беларускага рубля, значыць, імпарт на нашым рынку становіцца даражэй для нас, а беларускі экспарт становіцца танней для замежных пакупнікоў.

У кожнага тавара на рынках існуе свая эластычнасць попыту па цане. Напрыклад, для калійных угнаенняў гэта эластычнасць нізкая, паколькі існуе сусветная цана і доўгатэрміновыя кантракты. Гэта значыць попыт на калійныя ўгнаенні амаль не рэагуе на змены курса беларускага рубля да даляра. Таму што, дапусцім, себякошт здабычы калія стане танней, не факт, што мы зможам прадаць яго больш. Тое ж самае датычыцца нафтапрадуктаў.

А вось экспарт харчавання пры падаючым беларускім рублі тэарэтычна павінен узрасці. Бо чым танней за мяжой стануць нашы прадукты харчавання, тым больш мы іх зможам прадаць. Такую сітуацыю называюць дэвальвацыйным эфектам.

Аналагічна ацэньваюцца змены попыту на ўнутраным рынку пры змяненні адносных цэн. Калі беларускі рубель абясцэньваецца да даляра, імпарт становіцца даражэй - і менш пакупаюць імпартных тавараў у нас у краіне. Аднак у многіх беларускіх прадуктах ёсць прамежкавы імпарт - сыравіна, дэталі, паўфабрыкаты. Усе галіны характарызуюцца розным узрўнем імпартаёмістасці, г.зн. маюць розную долю імпарту. Так, у Беларусі найбольшую долю імпарту маюць нафтапрадукты, таму што іх вырабляюць з расійскай сыравіны, а найменшую - IT- паслугі - у структуры іх себякошту амаль няма імпарту.

— Тэарэтычна ўсё зразумела. А як гэта выглядае на практыцы?

— На практыцы ў мадэль уводзяць прагнозныя дадзеныя не толькі па курсу беларускага рубля да даляра, але і да расійскага рубля. Таксама ўсе тавары і паслугі дыферэнцуюцца па рынках імпарту і экспарту - адны, напрыклад, пастаўляюцца з Расіі, дзе разлікі вядуцца за расійскія рублі, іншыя з іншых рэгіёнаў свету, дзе цэны могуць быць прывязаны да курсу даляра. У эканоміцы ёсць складаныя вытворчыя ланцужкі, у якіх сыравіна пастаўляецца з аднаго рэгіёна свету і аплочваецца адной валютай, а гатовая прадукцыя экспартуецца ў іншы рэгіён з аплатай іншай валютай. З улікам дынамікі курсаў мадэль ускладняецца.

Дапусцім, мы пакупаем у КНР камплектуючыя. Прадаем у РФ абсталяванне, зробленае на іх аснове. Пры росце курсу даляра кошт беларускіх вырабаў з кітайскімі камплектуючымі на расійскім рынку прывядзе да падаражэння нашай прадукцыі, такім чынам, да падзення канкурэнцыі і попыту. Але можа быць і іншая сітуацыя, калі мы купляем у Расіі тавар і прадаем яго ў іншую краіну за даляры.

Наш падыход да прагназавання ўлічвае структуру вытворчых ланцужкоў, а таксама прывязку пэўнай прадукцыі да пэўных рынкаў збыту. Мы мадэлюем два асноўныя паказчыкі - УВП, які залежыць ад выпуску, а ён, у сваю чаргу, ад попыту, і гандлёвы баланс (знешнегандлёвае сальда). Як правіла, дэвальвацыя беларускага рубля ў адносінах да замежных валют вядзе да некаторага зніжэння выпуску і УВП, але і да паляпшэння гандлёвага балансу. Гэта тлумачыцца тым, што імпартная прадукцыя пры дэвальвацыі даражэе, яе набываюць у меншай колькасці, пагэтаму наш гандлёвы баланс паляпшаецца, бо расход валюты скарачаецца.

Па логіцы эканамічных прцэсаў курс валют з’яўляецца следствам усёй эканамічнай дзейнасці, а не вызначае яе. У рэальнасці курс беларускага рубля фарміруецца па выніках гандлёвага балансу і іншых фактараў. А мы ў нашай мадэлі робім наадварот: бярэм курс і ад яго разварочваем усе прагнозныя цэны. У адным з варыянтаў выкарыстоўваем у якасці вызначальнага фактара прагнозны курс расійскага рубля да даляра. Адштурхоўваючыся ад яго, разлічваем, якая сітуацыя можа скласціся на нашым рынку, і далей складаем прагноз. Нам важна правільна апісаць, як працуе эканоміка.

Сёння відавочна, што змянілася сітуацыя на рынку беларускага імпарту. Тое, што мы раней пакупалі ў Еўропе, зараз набываем у КНР. А вось з экспартам мы цяпер больш прывязаны да расійскага рынку. Калі раней яго доля ў нашым экспарце складала каля 40%, то на дадзены момант значна ўзрасла. Атрымоўваецца, што курс расійскага рубля да даляра моцна ўздзейнічае на наш дабрабыт, а таксама на макраэканамічныя паказчыкі ў Беларусі.

Белорусские ученые знают, как заглянуть в будущее мировой экономики

— Апішыце, калі ласка, сцісла алгарытм работы вашай мадэлі.

— У яе аснове ляжыць сістэма табліц “выдаткі - выпуск”, у якіх апісаны бягучы стан эканомікі. Гэта сістэма паказвае галіновую структуру, размеркаванне даходаў і т.п. Праблема ў тым, што міжгаліновы баланс складаецца са спазненнем на два гады. У мінулым годзе былі вядомы дадзеныя табліц “выдаткі - выпуск” за 2021 год. А нам неабходныя былі за 2023-і, каб зрабіць прагноз на 2024-ы.

У нашай мадэлі для распрацоўкі табліц “выдаткі - выпуск” на 2023 год мы складалі рэтрапрагноз з улікам ужо вядомых статыстычных дадзеных. Бралі дадзеныя за 2021 год і будавалі з іх баланс на 2022-і. Далей з 2022-га - на 2023-і. Па інфармацыі, якая мелася, адсочвалі пэўныя паказчыкі. Уводзілі індэксы аб’ёмаў попыту і цэн.

Міжгаліновы баланс Беларусі складаецца з 83 галін. Атрымоўваецца вялізная матрыца. Мы яе паменшылі - агрэгавалі да 16 відаў дзейнасці. На матрыцы 16 на 16 мы робім рэтрапрагнозы. Затым па вядомых дадзеных атрымалі структуру эканомікі на 2023 год.

Для складання сцэнарнага прагнозу на будучыя месяцы, кварталы або год мы фарміруем наборы ўваходных дадзеных, якія апісваюць магчымыя сцэнарыі. Напрыклад, у якасці такіх дазеных можна выкарыстаць чакаемы курс расійскага рубля да даляра, ад якога ўжо разлічваюцца курсы беларускага рубля да даляра і расійскага рубля. Таксама пры фарміраванні сцэнарыяў мы выкарыстоўваем дадзеныя чужых прагнозаў па попыту на расійскім і іншых замежных рынках, сусветных цэнах на сыравіну. Зразумела, толькі па курсу валют прагноз не зрабіць, бо самае галоўнае ў ім - гэта экспертная ацэнка эканаміста. Ён павінен, у прыватнасці, разумець, у якіх галінах попыт павялічыцца, у якіх - паменшыцца.

— Назавіце асноўныя галіны, выкарыстаныя ў мадэлі. Як вы іх вызначылі?

— Мы ўзбуйнялі галіны па прынцыпе агрэгавання ланцужкоў кошту - ад сыравіны да гатовай прадукцыі. Напрыклад, аб’ядналі сельскую гаспадарку і харчовую прамысловасць; лясную гаспадарку - з дрэваапрацоўчай, вытворчасцю паперы, мэблі. Машынабудаванне ўключыла прыборабудаванне, вытворчасць электронікі, машын, абсталявання, аўтатранспарту. У выніку атрымоўваем 16 галін, па якіх задаем індэксы попыту на ўнутраным і экспартных рынках. Індэксы дадаткова мяняюцца пад уздзеяннем цэн. У выніку мы робім першы крок прагнозу - матрыцу, якая ўяўляе сабой разверстку індэксаў попыту і цэн па ўсіх айчынных таварах на ўнутраным і знешніх рынках. Другі крок - уносім змененыя аб’ёмы і цэны і выбудоўваем прагнозную матрыцу “выдаткі - выпуск” у камп’ютарнай праграме, а затым ствараем памесячны прагноз.

— Як даўно вы займаецеся развіццём такой мадэлі прагнозу? Што гавораць вынікі наконт макраэканамічнай сітуацыі ў 2024 годзе?

— Мы займаемся мадэллю са студзеня 2023-га і зараз дапрацоўваем, каб зрабіць зразумелай для шырокага кола эканамістаў.

Адносна прагнозу на 2024 год магу сказаць, што сітуацыя будзе не горш, чым у 2023-м. Гэта праграма не можа мадэляваць размеркаванне даходаў па сектарах. Але ў цэлым чакаецца эканамічны рост пры двух варыянтах разліку. Мы не атрымалі высокай інфляцыі, як у 2022 годзе.

— Методыка ўжо цалкам гатова да “работы”?

— Мадэль дапамагае эксперту, які складае сцэнарый, прадугледзець розныя варыянты, раскласці па палічках усю інфармацыю. Пры гэтым спецыяліст павінен сам валодць эканамічнай абстаноўкай, разумець, што чакаецца ў будучым.

Нам хацелася б ператварыць нашу модульную міжгаліновую мадэль у паўнавартасны лічбавы прадукт, выкананы ў выглядзе зручнай для карыстальніка камп’ютарнай праграмы з яе поўным апісаннем. Тады падрыхтаваны эканаміст зможа ў ёй лёгка разабрацца, увесці ўласныя ўваходныя параметры і атрымаць індывідуальныя прагнозы.

ФОТА БІСД, Лізавета Лукашун