Адраджэнне «Дажынак» трыццаць год таму стала лагiчным i натуральным крокам для суверэннай Беларусi
Восень традыцыйна праходзiць пад знакам «Дажынак» — галоўнага сельскагаспадарчага свята, якое завяршае гадавы вытворчы цыкл. Форум хлебаробаў у аграгарадку Жамчужны Баранавiцкага раёна на мiнулых выхадных даў гучны старт рэгiянальным фестывалям. I гэтыя падзеi даўно сталi не толькi культурным брэндам краiны, але i драйверам развiцця вясковых тэрыторый.

«Дажынкi» — старадаўняе народнае свята, каранi якога паходзяць з дахрысцiянскiх часоў. У аснове абрадаў ляжалi рытуалы, звязаныя з апошнiмi каласкамi на полi. Iх ўрачыста ўпрыгожвалi стужкамi, звiвалi ў «бараду» i прысвячалi сiлам зямлi, каб забяспечыць будучы ўраджай. З прыняццем хрысцiянства сяляне выказвалi падзяку Богу. У часы атэiзму замест звароту да звышнатуральнага на першы план выйшла ўсхваленне калектыўнай працы савецкага чалавека, ушанаванне жаночай талакi падчас жнiва, працы камбайнераў i механiзатараў. Галоўнымi героямi свята сталi перадавiкi вытворчасцi, якiя перавыканалi план, i пераможцы сацыялiстычных спаборнiцтваў. З'явiлiся новыя элементы: урачыстыя мiтынгi, афiцыйныя цырымонii ўзнагароджання, канцэрты i абавязковыя сельскагаспадарчыя выставы‑кiрмашы. Пры гэтым свята было фактычна пазбаўлена сваёй духоўнай асновы, якая захавалася толькi ў глыбiнi свядомасцi народа.
Адраджэнне «Дажынак» трыццаць год таму стала лагiчным i натуральным крокам для суверэннай Беларусi. З аднаго боку, ва ўмовах эканамiчнага крызiсу трэба было вяртаць павагу да чалавека, якi працуе на зямлi i забяспечвае харчовую бяспеку краіны. З другога — узрастаў запыт на вяртанне да вытокаў i адраджэнне духоўнай нiвы.
Першы рэспублiканскi фестываль‑кiрмаш адбыўся 8 верасня 1996 года ў Столiне. Выбар гэтага горада ў якасцi стартавай пляцоўкi не быў выпадковым. Па‑першае, Столiншчына — гэта сэрца Беларускага Палесся, рэгiён, якi захаваў сапраўдныя народныя традыцыi, мясцовы каларыт i глыбокую сувязь з зямлёй. Менавiта тут на працягу стагоддзяў праводзiлася свята «Палескi кiрмаш», на якiм сяляне прадстаўлялi i прадавалi вынiкi сваёй працы: вырашчаны хлеб, гароднiну, вырабы рамёстваў, свойскую жывёлу. Па‑другое, год правядзення першага фестывалю быў для столiнскiх хлебаробаў асаблiва ўдалым: яны сабралi самы высокi ў вобласцi ўраджай зерневых i зернебабовых культур. Па‑трэцяе, выбар менавiта раённага цэнтра, а не абласнога цi сталiчнага горада меў прынцыповае значэнне: свята павiнна было праходзiць блiжэй да зямлi i людзей, якiя на ёй працуюць. Гэты прынцып стаў асновай фармату, дзякуючы якому ўдасканальвалася iнфраструктура райцэнтраў. Да свята абнаўлялiся вулiцы, рамантавалiся дарогi, будавалiся новыя сацыяльныя i культурныя аб'екты. Напрыклад, у Кобрыне пабудавалi сучасны аквапарк, у Маладзечне i Горках узвялi лядовыя арэны.
З 2014 года па рашэннi Кiраўнiка дзяржавы фармат свята змянiўся: рэспублiканскiя «Дажынкi» заменены на абласныя, што дазволiла ахапiць значна большую колькасць населеных пунктаў. Больш чым за дзесяцiгоддзе абласныя святы хлебаробаў змянiлi жыццё ў дзясятках з iх. Дарэчы, Брэстчына стала адным з першых рэгiёнаў, дзе абласныя «Дажынкi» пачалi праводзiцца менавiта ў сельскiх населеных пунктах, а не ў раённых цэнтрах. У 2020 годзе, напрыклад, свята прайшло ў аграгарадку Дзiвiн Кобрынскага раёна, а ў 2026‑м — у Жамчужным Баранавiцкага раёна.
Асобна варта адзначыць 2024 год, калi наш Прэзiдэнт аб'ехаў усе рэгiёны краiны, прымаючы ўдзел у абласных «Дажынках». Гэта падкрэслiвае акцэнт унутранай палiтыкi на тым, што аснова дзяржавы — яе рэгiёны, яе працаўнiкi, яе зямля. Аляксандр Лукашэнка адзначаў, што «Дажынкi» — гэта не проста свята, а паказчык нашага дабрабыту. Калi ёсць ураджай, калi людзi працуюць на зямлi i атрымлiваюць задавальненне ад вынiкаў сваёй працы, значыць, краiна жыве i развiваецца.
«Дажынкi» сёння — гэта больш чым свята ўраджаю. Гэта сiнтэз традыцыi i сучаснасцi, ушанаванне герояў жнiва, маркер дасягненняў аграрнай сферы i стымул для далейшага росту рэгiёнаў. Праз гэту ўрачыстасць перадаецца павага да працы на зямлi, захоўваецца сувязь пакаленняў i фармiруецца аблiчча беларускай вёскi як тэрыторыi, дзе жывуць, працуюць i дасягаюць поспеху.
Сяргей ЖУК, аналiтык Беларускага iнстытута стратэгiчных даследаванняў
